Юльян Фаміч Крачкоўскі

Yulian Krachkovsky

Юльян Фаміч Крачкоўскі нарадзіўся 25 ліпеня 1840 года ў вёсцы Азяты Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер Жабінкаўскага раёна, Брэсцкай вобласці) у сям’і арганіста мясцовай уніяцкай царквы. Бацька Юльяна паходзіў з беларускіх сялян і быў жанаты на дачцы медніка. Фама Крачкоўскі меў нямнога зямлі і змалку прывучаў дзяцей да гаспадаркі, вучыў сеяць, касіць, жаць.

Бацька памёр у 1847 годзе, пакінуўшы трох дачок і малодшага сына – сямігадовага Юльяна, якога маці ўладкавала ў панамарскую школу ў вёсцы Тараканы пад Брэст-Літоўскам, а неўзабаве перавяла ў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Там яго спевы пачуў рэгент мітрапаліцкага хору і забраў юнака з цудоўным голасам у духоўнае вучылішча ў Вільні.

Першым настаўнікам Юльяна ў Вільні стаў Антон Іванавіч Пшчолка. Свяшчэннік і пісьменнік кансерватыўных поглядаў, ён заахвочваў дзяцей да чытання, расказваў ім пра гісторыю краю, старажытныя помнікі, тэатр. Пэўна, ён і кінуў у душу Крачкоўскага зярняты цікавасці да роднага краязнаўства.

Як здольнага вучня яго адпраўляюць на вучобу ў духоўную семінарыю. Будучы святар нараўне з багаслоўскімі дысцыплінамі з цікавасцю вывучае літаратуру па агульнай гісторыі, філасофіі, прыродазнаўстве, самастойна авалодвае некалькімі замежнымі мовамі. Дзякуючы выдатным музычным і вакальным здольнясцям, ён становіцца рэгентам семінарскага хору.

Таленавітага і працавітага выпускніка семінарыі накіроўваюць для далейшага ўдасканалення ў багаслоўі на вучобу ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, дзе ён трапляе пад апеку прафесара-славянафіла Міхаіла Восіпавіча Каяловіча, становіцца яго любімым вучнем. Пры садзеянні Каяловіча Крачкоўскі пазнаёміўся з пісьменнікам Іванам Аксакавым і гісторыкам Мікалаем Кастамаравым, што дало новы імпульс яго фальклорна-этнаграфічным захапленням.

Пасля паспяховага заканчэння акадэміі Юльян Крачкоўскі рашуча адмаўляецца ад духоўнага сану. У 1865 годзе ён вяртаецца на Беларусь і пачынае працаваць выкладчыкам рускай мовы ў Маладзечынскай настаўніцкай семінарыі, дзе паралельна вядзе заняткі па царкоўных спевах, кіруе семінарскім хорам.

Пасля падаўлення паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў Паўночна-Заходнім краі ажыццяўлялася мураўёўская праграма вытручвання ў народзе нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта ў гэты перыяд Крачкоўскі зацікавіўся вуснай паэтычнай творчасцю народа, пачаў збіраць і запісваць беларускія народныя песні, звычаі, абрады. Да збору фальклору ён прыцягвае і сваіх вучняў. На падставе сабраных матэрыялаў піша шэраг артыкулаў для газеты “Виленский Вестник”.

Педагагічная дзейнасць Юльяна Фаміча Крачкоўскага працягвалася каля 30 гадоў. Пасля Маладзечна ён выязджае ў Тульскую губерню, дзе працуе на педагагічных курсах у Навасілаве. Праз год зноў вярнуўся на радзіму. Некаторы час займае пасаду інспектара народных вучылішчаў Вілейскай вучэбнай акругі, а ў 1872 г. прызначаецца дырэктарам толькі што адкрытай Полацкай настаўніцкай семінарыі.

У 1874 г. выязджае ў Германію, каб азнаёміцца там з арганізацыяй навучальнага працэсу. Вынікі службовай камандзіроўкі падае ў аб’ёмістай запісцы “Да пытання пра навучальныя праграмы настаўніцкіх семінарый”, змешчанай у “Циркуляре округа” за той жа год. У наступным годзе Крачкоўскаму даручаюць пасаду дырэктара Віленскага хрысціянскага настаўніцкага інстытута. Па яго ініцыятыве ў інстытуце наладжваюцца літаратурныя і музычныя вечары са спевамі і чытаннем вершаў, спектаклямі, пастаўленымі сіламі студэнцкай моладзі. Выхаваўча-культурныя мерапрыемствы, прапанаваныя і распрацаваныя Крачкоўскім, былі навіною ў сістэме адукацыі Паўночна-Заходняга краю. Але метадычныя навацыі дырэктара інстытута выклікалі незадавальненне ў кансерватыўнай адміністрацыі вучэбнай акругі, і яна паклапацілася хутчэй пазбавіцца педагога-наватара. Крачкоўскі вязджае ў Сярэднюю Азію. Там у 1884 г. узначальвае настаўніцкую семінарыю ў Ташкенце.

Праз 4 гады Юльян Фаміч вяртаецца ў Вільню і з 1888 г. па 1902 г. займае пасаду старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі па разбору і выданню старажытных актаў. За гэты час камісія выдала 14 тамоў актаў. Крачкоўскі быў складальнікам 16, 20 і 25-га тамоў, напісаў прадмовы да іх. Яго прадмовы да актаў адрозніваюцца ад іншых сваімі незвычайнымі памерамі (прадмова да 20 т. займала больш за 200 старонак). У той жа час ён напісаў некалькі прац, якія тычацца гісторыі уніі, праваслаўных храмаў Вільні, а таксама тапаграфіі Вільні XVI-XVII стст. У віленскіх перыядычных выданнях Крачкоўскі друкуе артыкулы, водгукі. Некаторыя з іх мелі самастойнае навуковае значэнне. Так, за рэцэнзію на “Исторический очерк состояния православной церкви в Литовской епархии за время с 1839-1889 гг.” Ізвекава Імператарскае таварыства гісторыі і старажытнасцей Расійскіх пры Маскоўскім універсітэце ўзнагародзіла яго залатым медалём.

Некаторы час Юльян Фаміч працаваў старшынёй часовай камісіі па наладжванню і кіраванню Віленскай публічнай бібліятэкай і этнаграфічным музеем. У 1893 годзе ён падрыхтаваў ІХ археалагічны з’езд, які праходзіў у Вільні, быў старшынёю мясцовага камітэта. За старанную службу Юльян Крачкоўскі атрымаў тытул сапраўднага стацкага саветніка, ордэна Святога Уладзіміра III і IV ступені, Святой Ганны II ступені і Святога Станіслава І-й ступені.

Сур’ёзным даследчыкам народных звычаяў і абрадаў Крачкоўскі выявіў сябе ў асноўных сваіх фальклорна-этнаграфічных працах “Очерки быта западно-русского селянина” (1869) і “Быт западно-русского селянина” (1874). Першы твор прысвечаны галоўным чынам нараджэнню дзіцяці і яго самаму ранняму выхаванню. Аўтар увесь час падкрэслівае, што нараджэнне дзіцяці лічылася ў народзе святам, асновай жа дабрабыту – праца. Крачкоўскі разгортвае ва ўсёй паслядоўнасці цэлую панараму радзіннага хрэсьбіннага святкавання беларусаў. Ён першы ў дарэвалюцыйнай фалькларыстыцы апісаў шэраг дзіцячых гульняў (у рэдзьку, праменьчык, гаршкі, ката, казла, каня, блудзеня, кацялка, крупніка, яшчара, золата і інш.) паказаў іх багацце і разнастайнасць.

“Быт западно-русского селянина” складаецца з дзвюх частак. Першая прысвячаецца беларускаму вяселлю, другая – каляндарным абрадам. Пры апісанні вяселля, былі ўключаны звыш 200 песень, 90 прыказак. У другім раздзеле падаецца шэраг дакладных апісанняў беларускага хаўтурнага абраду, народнай медыцыны, кулінарыі. Каштоўную навуковую інфармацыю змяшчаюць параграфы, у якіх расказваецца пра першую баразну, засеўкі, пра знахарства, забабоны, пра святкаванне Вялікдня, Дзядоў, Купалля і інш.

У 1903 г. Юльян Крачкоўскі выдаў апошні свой твор – грунтоўны зборнік дакументаў аб гісторыі Віленскай вучэбнай акругі, які прысвячаўся стагоддзю яе заснавання і ахопліваў першы перыяд яе дзейнасці – з 1803 па 1833 гг.

Нягледзячы на вялікія заслугі перад навуковай грамадкасцю, Крачкоўскі быў цалкам пазбаўлены амбіцый і ўсё жыццё заставаўся сціплым і простым чалавекам, добрым мужам і бацькам. Ён быў жанаты на дачцы віленскага пратаіерэя, свайго першага настаўніка, Ганне Антонаўне Пшчолцы. У іх было чацвёра дзяцей: Мікалай (1871-1927), Юлія (1874-1942), Аляксей (1876-1905) і апошні, многа маладзейшы за братоў і сястру, – Ігнат (1883-1951). Мікалай Юльянавіч скончыў Пецярбургскую ваеннна-медыцынскую акадэмію і лічыўся здольным ваенным хірургам. Ігнат Юльянавіч Крачкоўскі вядомы як буйнейшы вучоны-ўсходазнаўца, заснавальнік арабістыкі ў Савецкім Саюзе, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

Абарвалася жыццё Юльяна Фаміча Крачкоўскага раптоўна, у дзень свайго нараджэння – 25 ліпеня 1903 года. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

У гонар знакамітага земляка на яго радзіме ў вёсцы Азяты адна з вуліц носіць імя Юльяна Фамича Крачкоўскага. У 1995 годзе на будынку Азяцкага сельскага дома культуры ўсталявана мемарыяльная дошка ў памяць Юльяна Крачкоўскага.

Бібліяграфія