Anatol

  Бібліяграфія

Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка 

Союз писателей Беларуси

Белорусская цифровая библиотека

Анатоль Бензярук нарадзіўся 4 студзеня 1969 года ў вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і настаўнікаў Расціслава Мацвеевіча і Вольгі Рыгораўны. У 1971 годзе яны пераехалі на радзіму бацькі ў вёску Азяты Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ў 1974 годзе нарадзілася сястра Наталля. З 1975 года Бензерукі жывуць у горадзе Жабінка. 
 
Анатоль пачынаў вучобу ў гарадской сярэдняй школе № 1, затым перайшоў у Азяцкую школу, якую скончыў у 1986 годзе. 
 
З юных гадоў хлопчык захапляўся гісторыяй, і ў яго былі дзве мары: па-першае, ён хацеў стаць гісторыкам, па-другое, журналістам. Спачатку Анатоль пайшоў па першым шляху – адразу пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дыплом аб заканчэнні якога ён атрымаў у 1994 годзе. 
 
Вучыўся даволі доўга, таму што пасля першага курса Анатоль пайшоў у армію. Адслужыўшы два гады ў Казахстане ў горадзе Ленінск, цяпер гэта знакаміты Байканур, працягнуў вучобу. Пасля трэцяга курса, ў 1991 годзе, перавёўся на завочнае аддзяленне і ўладкаваўся настаўнікам гісторыі ў Якаўчыцкую сярэднюю школу Жабінкаўскага раёна, дзе адпрацаваў сем гадоў. У 1997-м удзельнічаў у конкурсе «Настаўнік года», увайшоў у фінал раённага спаборніцтва, а напрыканцы года, калі ў Беларусі праходзіў першы з’езд настаўнікаў краіны, педагагічная сябрына Жабінкаўшчыны абрала Анатоля Расціслававіча дэлегатам. 
 
У 1996-1997 гады малады гісторык задумаў і ажыццявіў на брэсцкім абласным тэлебачанні праект, прысвечаны гісторыі Брэстчыны, які выходзіў у прамым эфіры.
 
У 1998 годзе Анатолю Расціслававічу прапанавалі заняць пасаду спецыяліста і вядучага метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Жабінкаўскага райвыканкама. Цэлае дзесяцігоддзе ён прысвяціў справе аховы даўніны. Помнікі, якіх больш за сем дзясяткаў на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, цікавілі гісторыка сваім мінулым і сучасным станам, нямала зрабіў, каб яны не разбураліся, у час рамантаваліся, узводзіліся новыя памятнікі нашай гісторыі.
 
Анатоль Бензярук прымаў удзел у археалагічных раскопках у г. Браслаў (1989), в. Завоссе Баранавіцкага раёна, в. Пашавічы Браслаўскага раёна (1990). Удзельнічаў у стварэнні мемарыяльнага пакою Тадэвуша Касцюшкі ў Малых Сяхновічах (2002-2003) і музея партызанскага атрада імя М.М. Чарнака ў Старым Сяле (2003). Адзін з ініцыятараў узвядзення Крупчыцкай капліцы ў в. Чыжэўшчына (на месцы бітвы 1794 года) і помніка на месцы масавага растрэлу карнікамі мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці ля в. Хадасы (2004). Удзельнік навукова-практычных канферэнцый у гг. Гродна і Брэст (1994), Мінск і Узда (1997), у м. Мацяёвіцы (Польшча) (1998, 2003, 2005), у г. Іванава (2005), у г. Уладзіміры-Валынскім (Украіна) (2017) і інш. 
 
За працы па краязнаўстве і ахове гісторыка-культурнай спадчыны А. Бензярук узнагароджваўся прэміяй Брэсцкага фонду Тадэвуша Касцюшкі (1996), Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта (1998), Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2003).
 
З 1985 года Анатоль Бензярук перыядычна публікаваўся ў жабінкаўскай раённай газеце, у абласных і рэспубліканскіх выданнях: «Звязда», «Культура», «Заря», «Народная трыбуна», друкаваўся ў калектыўных зборніках, падручніках для агульнаадукацыйных школ, беларускіх і польскіх літаратурных і грамадска-палітычных часопісах: «Беларуская мінуўшчына», «Гістарычная Брама», «Радавод», «Полымя», «Маладосць», «Вясёлка», «Бярозка», «Рюкзачок», «Мир путешествий» (усе Мінск), «Голас часу» (Лондан), «Пшэглёнд праваслаўны», «Бельскі гостінэць», «Падляскі квартальнік культуральны» (Польшча), «Сьвіцязь» (Гродно), «Брестские епархиальные ведомости», «Астрамечаўскi рукапiс» (Брэст). Галоўная тэма Анатоля Расціслававіча – гісторыя роднага краю. Асабліва яго захапіла асоба Тадэвуша Касцюшкі, якому ён прысвяціў многія свае гісторыка-мастацкія творы. 
У 2009 годзе А. Бензярук вырашыў ажыццявіць і другую юначую мару – сур’ёзна заняцца журналістыкай. Ён уладкаваўся загадчыкам аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем раённай газеты «Сельская праўда». За некалькі тыдняў да таго, як перайшоў на працу ў рэдакцыю, выпадкова трапіў на сайт БДУ, дзе абвяшчалася пра першы набор на факультэт перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ажыцяўляецца на базе першай вышэйшай адукацыі, і ў красавіку 2009 года паступіў у Інстытут журналістыкі БДУ, дыплом аб заканчэнні якога ён атрымаў у 2011 годзе.
 
З 2007 года А. Бензярук – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, а з 2012 – сябра Саюза журналістаў Беларусі.
 
Анатоль Расціслававіч Бензярук – аўтар кніг «Наш край – Жабінкаўшчына: дапаможнік па гісторыі Беларусі» (1996), «Памяць нашае зямлі: гісторыка-культурныя мясціны Жабінкаўскага раёна» (2002), «Касцюшкі-Сяхновіцкія: гісторыя старадаўняга роду» (2006), «Колодец памяти» (2006), «Сорак дарог» (2007, дзве апошнія ў сааўтарстве з бацькам), «Крупчыцы. 1794 год: падзеі і памяць роднай гісторыі» (2007), «Дарогамі роднага краю: турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна» (2007), «Свята для сэрца: невялікія гісторыі для маленькіх беларусаў» (2009), «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» (2012). Адзін са стваральнікаў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Жабінкаўскі раён» (1999), турыстычнага даведніка «По родным местам Тадеуша Костюшко» (2007). У 2018 годзе пісьменнік стаў складальнікам новай кнігі «Літаратурная прастора Брэстчыны», дзе аб’яднаны творы 58 аўтараў.
 
За кнігу «Свята для сэрца» ў 2009 годзе аўтар уганараваны абласной літаратурнай прэміяй імя У.А. Калесніка ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» і стаў лаўрэатам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2009 года» ў галіне дзіцячай літаратуры (2010). Аповесць «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» ў лютым 2013 года адзначана на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» дыпломам І ступені і ганаровым знакам «Залаты фаліянт» у намінацыі «Літфармат».
 
Анатоль Расціслававіч – пераможца абласнога конкурсу журналісцкага майстэрства на Брэстчыне ў намінацыі «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны» (2011), дыпламант конкурсу «За актыўную творчую дзейнасць у Год кнігі» (2013). Улетку 2014 года атрымаў званне «Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі».
 
У красавіку 2013 года на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання ў праграме літаратурна-драматычных перадач з Міколай Пракаповічам «Край» выйшла перадача з удзелам гісторыка, пісьменніка, журналіста Анатоля Бензерука.
 
У верасні 2017 года пад час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку Анатоль Расціслававіч правёў пазнавальную праграму «Добрую кнігу – дзецям» і ўзнагароджаны граматай за актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай». 1 верасня 2018 года на чарговым Дні пісьменства ў Іванаве атрымаў Ліст падзякі ад праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
 
12 снежня 2018 года ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбылася прэзентацыя анталогіі «Літаратурная прастора Брэстчыны», у якой упершыню пад адной вокладкай А. Бензярук сабраў творы ўсіх пісьменнікаў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
 
Бензярук Анатоль Расціслававіч жыве ў г. Жабінка,  разам з жонкай Аленай гадуюць двух сыноў Кірыла і Генадзя і дачку Лізавету. Працуе ў жабінкаўскай раённай газеце «Сельская праўда». Яго празаічныя і гістарычныя творы, публіцыстыка рэгулярна з’яўляюцца ў мясцовым, абласным і рэспубліканскім друку, кнігі пісьменніка можна сустрэць у кожнай бібліятэцы краіны. Ён часты госць на літаратурных і гістарычных мерапрыемствах у школах, арганізацыях, бібліятэках Жабінкі і Брэста. 
 

 Бібліяграфія