Benz R

Бібліяграфія

Расціслаў Мацвеевіч Бензярук нарадзіўся 27 лютага 1944 года ў вёсцы Стрыганецкія Бусні Жабінкаўскага раёна ў сялянскай сям'і. Бацька Расціслава загінуў у баях за Польшчу незадоўга да Перамогі, і ўсе клопаты пра нялёгкія сямейныя справы ляглі на плечы маці, якой давялося самой гадаваць сыноў – Паўла і Расціслава.

Прага да творчасці ўзнікла ў малодшага з братоў яшчэ ў школьныя гады. Таму ў 1961 годзе пасля заканчэння Ракітніцкай сярэдняй школы Расціслаў паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна. У студэнцкія гады юнак напісаў невялікую аповесць на рускай мове “Судьба одинокой птицы”, шэраг вершаў, некалькі апавяданняў для дзяцей.

Пасля інстытута па размеркаванні працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Бастынскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна.

Першыя крокі ў літаратуры дапамаглі зрабіць Расціславу Мацвеевічу А. Пальчэўскі, В. Вітка, А. Васілевіч, М. Чарняўскі, У. Ліпскі. У красавіку 1970 года ў газеце “Зорька” было апублікавана яго апавяданне “Ленкин характер”. З таго часу казкі, апавяданні, гумарэскі Бензерука сталі часта з’яўляцца на старонках дзіцячых і дарослых перыядычных выданняў: “Вясёлка”, “Бярозка”, “Піянер Беларусі”, “Работніца і сялянка”, “Вожык”, “Чырвоная змена”. Расціслаў Бензярук тройчы браў удзел у рэспубліканскай нарадзе маладых літаратараў у Каралішчавічах, дзе ў яго ўмацавалася перакананне, што трэба пісаць па-беларуску. Пачынаючы з 1972 года, творы Бензерука ўключаюць у падручнікі для малодшых школьнікаў.

У 1971 годзе Расціслаў Мацвеевіч разам з сям’ёй – жонкай Вольгай Рыгораўнай і сынам Анатолем – вярнуўся ў Жабінкаўскі раён, у вёску Азяты. У 1974 годзе нарадзілася дачка Наталля. Некаторы час Бензярук настаўнічаў у Азяцкай сярэдняй школе, а з 1974 года стаў працаваць у рэдакцыі раённай газеты “Сельская праўда”.

У 1973 годзе казка “Зайцаў кажушок” Расціслава Бензерука ўвайшла ў чытанку “Роднае слова” для першага класа агульнаадукацыйных школ, пазней у дапаможнік для дзіцячых садзікаў было ўключана апавяданне “Новы зуб”. На сённяшні дзень больш за 13 казак пісьменніка змешчаны ў школьных падручніках.

Першая кніга апавяданняў і казак для дзяцей “Вавёрчына дзякуй” выйшла ў снежні 1975 года ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Да гэтага часу Бензярук быў ужо прызнаны як малады таленавіты дзіцячы пісьменнік.

У 1986 годзе ў часопісе “Бярозка” з’явілася яго аповесць “Цвёрды арэшак”, у якой аўтар закрануў тэму дзіцячай злачыннасці, паказаў негатыў у паводзінах падлеткаў, жорсткасць у адносінах адзін да аднаго.

У 1991 годзе некаторыя казкі пісьменніка былі ўключаны ў калектыўны зборнік “Птушка шчасця”. Творчым стаў 1997 год – выйшлі дзве кнігі: для маленькіх – зборнік казак “Чаму сонца рана ўстала?” і для дарослых – зборнік вершаў “Тры свечкі”, многія творы ў якім напоўнены не толькі ўспамінамі і любоўю да сваёй сям’і, роднай Берасцейшчыны, але і трывогай за лёс усёй краіны:

Адкінем сёння мішуру і хлам,
Паверыўшы, што цяжкасці не вечна,
І разам зойдзем у Гасподні храм,
Перад амвонам тры паставім свечкі…
Спадае з сэрцаў неймаверны груз,
Сыходзіць мір, святое прасвятленне.
…Маліцеся часцей за Беларусь –
Яе багацце, Славу, Адраджэнне.

У 1998 годзе Расціслаў Бензярук быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У 2004 годзе выдадзены яшчэ адзін зборнік казак пісьменніка – “Зайцаў кажушок”. Казкі Расціслава Мацвеевіча прывабліваюць чытачоў навізной задум і сюжэтаў, займальнасцю, гумарам, сапраўднай казачнасцю, сваёй змястоўнасцю, уменнем бачыць незвычайнае ў звычайным, сонечнай дабрынёй. Казкі “Брат і сястра” і “Хмарчын ручнік” былі перакладзены на чэшскую мову. Аўтар і сам вядомы як перакладчык з рускай, украінскай, польскай моў.

У 2006 годзе пісьменнік стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод журналістаў на лепшы нарыс у намінацыі “Наш сучаснік”.

Расціслаў Бензярук – аўтар зборніка вершаў і перакладаў “Вясёлка сяміколерная” (2005), кнігі апавяданняў і аповесцей “Добры звачай” (2005), дакументальнай аповесці “Колодец памяти” (2006, у сааўтарстве з сынам Анатолем), абразкоў пра В. Вітку “Жыў на свеце дзед Васіль” (2006, у сааўтарстве з В. Крысько), зборніка нарысаў “Сорак дарог” (2007, у сааўтарстве з Анатолем Бензеруком).

Кніга “Аўтографы” выйшла ў 2008 годзе. Гэта яркі летапіс літаратурнага жыцця Берасцейшчыны, пра пісьменнікаў і паэтаў, якія жылі альбо жывуць тут – А. Каско, І. Арабейку, І. Дацкевіча, В. Сахарчука, В. Гадульку, Н. Мацяш, Я. Янішчыц – і пра тых, хто наведваўся на Берасцейшчыну – Я. Брыля, В. Быкава, У. Караткевіча, Р. Барадуліна, І. Шамякіна, У. Ліпскага, М. Чарняўскага і іншых.

21 лістапада 2008 года Расціслаў Мацвеевіч Бензярук стаў лаўрэатам прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі “Дзіцячая літаратура”, у 2012 годзе за актыўнае супрацоўніцтва з часопісам "Вясёлка" уганараваны прэміяй імя Васіля Віткі.

У 2013 годзе была надрукавана кніга казак “Патапка і яго сябры”, некалькі твораў змешчаны ў калектыўных зборніках: “Куды блінок закаціўся?” і “Цвёрды арэшак”.

Творы пісьменніка перакладаліся на славацкую, украінскую, рускую мовы.

Зараз Расціслаў Мацвеевіч Бензярук жыве ў горадзе Жабінка і працягвае радаваць чытачоў сваёй творчасцю.

 Бібліяграфія