Бібліяграфія

Нарадзіўся Гадулька Васіль Уладзіміравіч 18 мая 1946 года ў вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Маці – Еўдакія Парфенаўна, бацька – Уладзімір Данілавіч працавалі ў саўгасе “Беларусь” (в.Пятровічы Жабінкаўскага раёна).

Вучыўся Васіль у Рагазнянскай сямігодцы, якую скончыў на выдатна, а потым – у Жабінкаўскай сярэдняй школе. З падлеткавага ўзросту праявіў вялікую цягу да мовазнаўства, таму пасля заканчэння школы ў 1964 годзе Васіль паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Вучыўся паспяхова, дасканала авалодаў нямецкай мовай, захапіўся вывучэннем англійскай, італьянскай, французскай, польскай, на якіх мог свабодна гаварыць. Але інстытут так і не закончыў: перарваў вучобу на апошнім курсе.

Пасля службы ў войску, вярнуўшыся ў Федзькавічы, Гадулька ўладкаваўся настаўнікам нямецкай мовы ў Азяцкую сярэднюю школу, потым перайшоў на працу ў саўгас “Беларусь” (в.Пятровічы Жабінкаўскага раёна).

Жыццёвы шлях паэта быў вельмі няпросты. Пасля таго як пакінуў інстытут, балюча гэта перажываў. Яшчэ больш яго надламала наступная чарада трагічных падзей: на яго вачах загінуў брат Пётр, хвароба і смерць маці, нераздзеленае каханне. Усё гэта адыграла пэўную ролю ў лёсе Гадулькі.

Васіль пачаў пісаць вершы на расейскай мове яшчэ ў школе, у 1985 годзе перайшоў на беларускую мову, але нікому іх не паказваў і друкавацца не спрабаваў, лічачы захапленне паэзіяй сваім хобі. Яго вершы ўпершыню з’явіліся ў друку ў 1986 годзе ў жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”, пасля ў абласной “Заре”, у штогодніку  “Дзень паэзіі” і ў штотыднёвіку “ЛіМ”, а таксама ў часопісе “Нёман” у перакладзе на рускую мову. Васіль Уладзіміравіч пачаў удзельнічаць у пасяджэннях літаб’яднання “Плынь” пры раённай газеце “Сельская праўда”.

У снежні 1986 года Васіль Гадулька стаў удзельнікам рэспубліканскай літаратурнай нарады ў Доме творчасці “Іслач”, дзе яго паэзію высока ацанілі Іван Навуменка і Рыгор Барадулін, які назваў Васіля Уладзіміравіча “сапраўдным вясковым інтэлігентам”. Гадулька быў у ліку 27-мі ўдзельнікаў семінара, якія паставілі свае подпісы пад лістом у абарону беларускай мовы, накіраваным М.С. Гарбачову.

Паэт пісаў вершы не толькі па-беларуску і па-руску, але і па-нямецку, і па-англійску, пераклаў на беларускую мову творы М. Забалоцкага і Ш. Пецёфі з нямецкага перакладу М. Рэманэ. У 1988 годзе Гадулька напісаў празаічны твор “Казка пра незаробленыя грошы”.

У 1992 годзе Гадулька падрыхтаваў рукапіс зборніка сваёй паэзіі, які назваў “Кропелька сонца”, але ён так і не быў выданы, нягледзячы на немалыя намаганні сяброў, перш за ўсё адказнага сакратаря жабінкаўскай газеты “Сельская праўда”, выдатнага паэта Васіля Сахарчука, які прымаў актыўны ўдзел у яго жыцці і творчасці. У 2002 годзе гэты рукапіс самавыдатам падрыхтавалі супрацоўнікі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі для бібліятэк раёна. У канцы 1992 года бібліятэкары звярнуліся да Васіля Уладзіміравіча з просьбай напісаць для іх сваю аўтабіяграфію. Ён згадзіўся, але напісаў не ад першай, а ад трэцяй асобы, закончыўшы свой жыццяпіс, не ведаючы, чым яго завяршыць, жартаўліва-іранічным сказам: “Рыхтаваў зборнік вершаў і баек, але надрукаваць яго не паспеў: зімой 1992 года ў страшэннай галечы і без сродкаў для існавання, незразуметы, расчараваны і пакінуты ўсімі трагічна памёр і пахаваны на могілках у в. Федзькавічы Жабінкаўскага раёна”.

Гэтыя радкі аказаліся прарочымі: 15 чэрвеня 1993 года ва ўзросте 47 гадоў Васіль Гадулька заўчасна памёр, пакінуўшы пасля сябе архіў сваіх твораў.

У канцы 1993 года у зборніку “Берасцейскія карані” апублікаваны некаторыя вершы Гадулькі.

На асобную кнігу паэта збіраліся ўсім светам, Алесь Разанаў першы зрабіў узносак на яе выданне. У 2004 годзе пры фінансавай падтрымцы фірмы “БЕЛПІ”, каардынатарам якой быў беларускі пісьменнік Леанід Галубовіч, выйшаў зборнік вершаў Гадулькі “Голас”. Адзін з ініцыятараў выдання зборніка і яго укладальнік – вядомы паэт Леанід Галубовіч.

Намаганнямі грамадскасці і брэсцкага мастака Сяргея Казака 13 мая 2005 года на радзіме Васіля Гадулькі ў вёсцы Федзькавічы ўстаноўлены надмагільны помнік паэту.

У ліпені 2005 г. у раённай дзіцячай бібліятэцы г. Жабінка адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка Гадулькі “Голас”, а 27 кастрычніка гэтага ж года ў гарадскім ДК прэзентацыя “Голаса” праходзіла адначасова з кнігай Васіля Сахарчука “Мой вечны бор”. На мерапрыемстве прысутнічалі пісьменнікі А. Каско, М. Антаноўскі, І. Дашына, Л. Філатаў, Р. Бензярук, А. Наварыч, Ю. Сапажкоў, Л. Галубовіч.

У 2008 годзе пабачыла свет паэтычная падборка Гадулькі ў калектыўным зборніку аўтароў, што гэтак жа рана пакінулі жыццё, з яскраваю назваю “Незабыўныя галасы. “Я хацеў вам сказаць…”, і некалькі вершаў надрукаваны ў альманаху “Жырандоля”.

Да 65-годдзя з дня нараджэння Васіля Гадулькі ў 2011 годзе ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшло Свята кнігі “І кропелькай сонца згублюся ў траве”, якое падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. На літаратурнай сустрэчы прысутнічалі пісьменнікі Іван Дацкевіч, Алесь Каско, Аляксей Ганчук і Аляксей Філатаў.

Свае вершы сціпламу вясковаму паэту Васілю Гадульку прысвяцілі В. Сахарчук, І. Дацкевіч, Р. Бензярук, В. Шніп, Г. Самойла, Ф. Самойла.

Васіль Гадулька пайшоў з жыцця, але ён застаўся ў кожным сваім вершаваным радку.

Бібліяграфія