Бібліяграфія

  "Найдарожшы куток на зямлі" для Івана Сяргеевіча Арабейкі – вёска Хмелева Жабінкаўскага раёна, дзе ён з'явіўся на свет 26 сакавіка 1942 года. У сям'і, дзе нарадзіўся паэт, было дзевяць дзяцей. Маці граматы не мела, але ўсім сваім жыццём перадавала дзецям вялікую сялянскую мудрасць – любіць працу, вучыцца, цярпліва і мужна пераносіць нягоды жыцця. Бацька меў сямігадовую адукацыю, ведаў шмат мясцовых паданняў, легендаў, казак, любіў чытаць на памяць вершы А. Пушкіна, байкі І. Крылова.

  З 1949 года Іван Арабейка вучыўся ў Хмелеўскай сярэдняй школе. Недзе з чацвёртага класа пачаў пісаць вершы, спачатку на рускай мове. Падштурхнула да творчасці, запаліла іскрынку ў душы хлопца настаўніца Ганна Мікалаеўна Брашчук. У 1957 годзе ў газеце "Піянер Беларусі" быў аб'яўлены конкурс твораў пра Вялікую Айчынную вайну, і Іван асмеліўся паслаць у газету верш "Магіла партызан". Але атрымаў адказ з адмоўнай ацэнкай твора за подпісам Хведара Жычкі. Гэта на некаторы час прыглушыла цікавасць юнака да літаратуры.

  Паэтычны дар у Івана межаваўся з дакладнымі навукамі. Таму ў 1959 годзе, пасля заканчэння дзесяцігодкі, ён паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут на хіміка-тэхналагічны факультэт. Будучы студэнтам старэйшых курсаў, наведваў пасяджэнні літаратурнага аб'яднання пры газеце "Чырвоная змена", у якой у 1963 годзе быў надрукаваны першы верш паэта "Клён". Публікацыя акрыліла паэта. З таго часу ён пачаў сур'ёзна працаваць над вершамі.

  Пасля заканчэння інстытута ў 1964 годзе, атрымаўшы дыплом інжынера- тэхнолага сілікатнай прамысловасці, Іван Сяргеевіч трапіў па размеркаванні на шклозавод "Нёман" у пасёлак Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Таму ў кнігах Арабейкі, асабліва ў першым зборніку "Услед за сонцам", часта сустрэнеш вершы, прысвечаныя шкладувам, рабочаму класу. У 1968 годзе ён вярнуўся ў Брэст. Працаваў майстрам змены на заводах зборнага жалезабетону (1968–1969) і газавай апаратуры (1971–1973), выкладчыкам кафедры ачысткі прыродных і сцёкавых вод Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1967-1971), інжынерам камбіната па добраўпарадкаванню горада (1973–1975). З 1975 года Іван Арабейка працуе ў Бресцкім аддзяленні гандлёва-прамысловай палаты Беларусі.

  У ліпені 1972 года Іван Сяргеевіч Арабейка ажаніўся з Вольгай Пятроўнай, у 1973 годзе ў сям'і нарадзіўся сын Аляксандр, а ў 1976 – Іван.

  З 1979 года Іван Арабейка – член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

  У1981 – 1983 гг. ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, куды яго рэкамендаваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Гэта быў час, насычаны цікавымі падарожжамі па літаратурных мясцінах і сустрэчамі з многімі пісьменнікамі.

  Свой першы паэтычны зборнік, які выйшаў у 1972 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура", Іван Арабейка назваў "Услед за сонцам". Вобраз сонца звязаны ў яго вершах найперш з сагрэтымі яго промнямі аколіцамі роднай вёскі Хмелева. Чым бы ні займаўся Іван Сяргеевіч, ён памятаў яркія фарбы маленства, водар вёскі і вобраз маці, якая так рана памерла.

  У 1978 годзе І. Арабейка выдаў свой другі пэтычны зборнік "Асенні ранак", у які акрамя вершаў увайшла паэма пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Не мог Арабейка – дзіця вайны – абмінуць подзвіг бацькоў. Лірычная паэма "Сцяна" была напісана пад уплывам ад сустрэч з удзельнікамі абароны цытадэлі. "Арабейка, – як адзначае крытыка, – стварыў лірычную ў аснове паэму, галоўнай тэмай якой з'яўляецца даніна пашаны героям ад палявой і сялянскай берасцейскай зямлі."

  З сярэдзіны 80-х Іван Сяргеевіч адышоў ад актыўнай паэтычнай дзейнасці амаль на 20 гадоў. Фактычна знік з літаратуры, зрэдку адорваў чытача невялікімі перакладамі на беларускую мову украінскіх паэтаў. Яго вершы друкаваліся ў перакладах на рускую, ўкраінскую і грузінскую мовы. Першая спроба вяртання Івана Арабейкі да паэзіі адбылася ў 2005 годзе вершам "І зноў вясна, і зноў цвітуць сады", у цэнтры якога – лёс земляка, прайшоўшага праз агонь вайны і пекла палону. Верш "І зноў вясна, і зноў цвітуць сады" быў апублікаваны ў Жабінкаўскай раённай газеце "Сельская праўда" да 60-годдзя Вялікай Перамогі. А ў пачатку 2007 года аўтар прынёс у рэдакцыю "Сельскай праўды" звыш двух дзясяткаў твораў, напісаных апошнім часам: "Даўняе", "Ліда", "Маліны", "Быў" і інш. Тэмы ўсё тыя ж, якія падымаліся ў Арабейкавых зборніках, усё тое ж уменне працаваць са словам, але творы гучаць па-філасофску абвострана.

  Вершы Арабейкі друкаваліся ў літаратурных альманахах "Жырандоля" Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў і "Світязь" Валынскай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Украіны, у штогодніку "Дзень паэзіі", у літаратурным зборніку "Братэрства", у "Беларускім календары на 1970 год", у штотыднёвіку "ЛіМ", у часопісах "Полымя", "Маладосць", "Нёман", "Беларусь", "Роднае слова". Свае вершы паэту Івану Арабейку прысвяцілі Расціслаў Бензярук, Алесь Каско.

 З новымі творчымі задумкамі Іван Сяргеевіч сустрэў свой сямідзесяцігадовы юбілей: сустракаўся ў Брэсце з сябрамі творчага саюза, выступаў перад аматарамі паэзіі. 29 сакавіка 2012 года ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ў рамках пасяджэння клуба "Суразмоўнік" прайшоў паэтычны вечар Івана Арабейкі "I стала песняй назаўжды", прымеркаваны да 70-гадовага юбілею паэта, павіншаваць якога завіталі Алесь Каско і Аляксей Ганчук, а таксама навучэнцы ДУА "Хмелеўская сярэдняя школа" Жабінкаўскага раёна.

Трэці зборнік паэта – "Сказаць хачу" – выдадзены ў 2012 годзе. За яго ў лістападзе гэтага ж года аўтар атрымаў літаратурную прэмію імя У. Калесніка. І не выпадкова кніга мае такую назву, Івану Арабейку ёсць што сказаць чытачу, перадаўшы яму сваё бачанне свету, сваю любоў да роднай зямлі і яе людзей.

 У лютым 2013 года на базе Жабінкаўскай школы мастацтваў супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі правялі прэзентацыю новага зборніка вершаў Арабейкі "Сказаць хачу", на якой выступілі беларускія пісьменнікі Алесь Каско і Расціслаў Бензярук.

 У цяперашні час Іван Сяргеевіч Арабейка жыве ў вёсцы Жыцінь Жабінкаўскага раёна. Яго вершы і пераклады рэгулярна друкуюцца ў мясцовым друку.

Бібліяграфія