Saxar

 Бібліяграфія

Васіль Сахарчук нарадзіўся 10 лiпеня 1953 года ў вёсцы Свадзьбічы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Вучыўся ў Равяціцкай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна, якую скончыў у 1970 годзе. З 1970 да 1975 года з’яўляўся студэнтам філалагічнага фалькультэта Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Пасля заканчэння БДУ быў накіраваны настаўнікам у Касцюкоўскую васьмігадовую школу Любанскага раёна Мінскай вобласці. З 1977 да 1978 года Васіль Якаўлевіч працаваў арганізатарам пазакласнай, пазашкольнай работы Обчынскай сярэдняй школы Любанскага раёна.

У 1978 годзе В. Я. Сахарчук пераехаў у Бярозаўскі раён. Уладкаваўся намеснікам дырэктара па выхаваўча-адукацыйнай рабоце ў Высокаўскую сярэднюю школу, дзе адначасова выкладаў гісторыю. У 1979 годзе паэт пераехаў у г. Жабінка Брэсцкай вобласці. Тут ён працаваў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі раённай газеты “Сельская праўда” і адначасова з гэтым кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Плынь”.

У жніўні 1977 года Васіль Якаўлевіч узяў шлюб з Людмілай Іванаўнай, у 1980 годзе нарадзіўся сын Міхаіл, а ў 1984 – дачка Дар’я.

Вершы Васіль Сахарчук пачаў пісаць яшчэ ў школе, а падахвоціў яго да гэтага настаўнік беларускай літаратуры. Першыя вершы былі змешчаны ў бярозаўскай раённай газеце “Маяк коммунизма”. В. Сахарчук працягваў пісаць вершы і ва ўніверсітэце, друкаваўся ў калектыўным зборніку паэзіі “Універсітэт паэтычны” (1971), але сапраўдным пачаткам мэтанакіраванай літаратурнай працы стаў 1979 год. Творы паэта з’яўляюцца ў часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, газеце “Чырвоная змена”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Першая нізка вершаў “Зорны мост” была надрукавана ў калектыўным зборніку маладой паэзіі “Крыло” (1984), а ў 1988 годзе – выдадзены першы самастойны зборнік “Даніна”. Вершы зборніка ўяўляюць сабою маналогі, роздум аўтара аб месцы чалавека сярод людзей, аб сэнсе жыцця. Верш “Чысціня”, надрукаваны ў гэтым зборніку, пакладзены на музыку М. Сацуры і гучыць у выкананні ансамбля “Сябры”.

З 1988 года Васіль Сахарчук – член Саюза пісьменнікаў Беларусі і літаратурнага аб’яднання “Крыніца”.

У 1994 годзе выходзіць яшчэ адзін зборнік вершаў В. Сахарчука “Ранішні госць”. Акрамя вершаў у зборнік увайшлі дзве паэмы: “Кропка на карце”, “Паэма бегу” – роздум пра супярэчлівыя рэаліі нашага часу. Кніжка загадак для дзяцей “Што такое? Хто такі?” надрукавана ў 1998 годзе.

Паэзія В. Сахарчука працягвае традыцыі Францiшка Багушэвіча ў беларускім вершаскладанні. Паэт звяртае на сябе ўвагу глыбокай cацыяльнай думкай, філасофскім асэнсаваннем сучасных праблем, высокай паэтычнай культурай. Паэт асвоіў такія формы верша, як верліб, актава, тэрцын.

Васіль Якаўлевіч захапляўся перакладам на беларускую мову вершаў украінскіх, рускіх і балгарскіх паэтаў. Сумесна з Нiлам Гілевічам перакладае зборнік балгарскага паэта Пеё Яварава “Апалавы пярсцёнак” (1988), зборнік нарысаў “Дзеці-героі” (1991). У снежнi 2001 года выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпускае кнігу “Пад сурдзінку” з серыі “Паэзія народаў свету”, дзе змешчаны пераклад балгарскага паэта-класіка Дзімчы Дэбелянава на беларускую мову Васілём Сахарчуком. Ім перакладзены на беларускую мову паасобныя творы Атанаса Далчава, Танё Клісурава, Л. Даскалавай, Х. Радзеўскага, Д. Дамянава, З. Кісёва, Ф. Цютчава, М. Лермантава, В. Лазарука, В. Сланчука, Э. По і інш.

У 2004 годзе выдавецтвам “Мастацкая літаратура” выдадзены апошні зборнік вершаў паэта “Мой вечны бор”. Паэзія Васіля Сахарчука канцэнтруе ў сабе глыбокадумнасць, разважлівасць, неардынарнасць у падыходзе да праяў жыцця, святасці асобы і вернасці караням сваёй Айчыны. У 2010 годзе выдавецтвам “Літаратура і Мастацтва” планавалася выпусцiць кнігу перакладаў з балгарскай мовы В. Сахарчука “Пакаяльная малітва”.

Не стала Васіля Якаўлевіча Сахарчука 26 студзеня 2003 года.

Але зямное жыццё мае працяг. У ліпені 2003 года да 50-годдзя з дня нараджэння В. Сахарчука ў Жабінкаўскім ГДК прайшла вечарына памяці паэта-земляка, а 27 кастрычніка 2005 года – прэзентацыя зборніка паэзіі В. Сахарчука “Мой вечны бор”. З 2009 года адна з вуліц г. Жабінка носіць імя Васіля Сахарчука.

У спадчыну нам засталася яго творчасць: неабыякавасць да адвечных жыццёвых і сацыяльных праблем, дапытлівасць розуму, спагадлівасць да чалавека, да яго зямных пакутаў, любоў да роднага слова і Слова ўвогуле. Сапраўды неўміручымі сталі напісаныя ім радкі: “Няма існей таго, што аджыло, няма жывей таго, што стала словам” (паэма “Развітанне”).

 Бібліяграфія