Zhabin 2

 Бібліяграфія  

Нарадзілася Алена Кавальчук 8 снежня 1960 года ў вёсцы Сакалова Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У хуткім часе сям’я пераехала ў Жабінку, дзе і прайшло дзяцінства Алены. Бацька – Міхаіл Ігнацьевіч – працаваў на цукровым заводе, маці – Ніна Іванаўна – выкладала ў школе-інтэрнаце, займала пасаду старшыні Жабінкаўскага гарвыканкама.

У юнацтве Алена захаплялася не толькі літаратурай, яшчэ жывапісам, музыкай – вучылася па класе фартэпіяна. Пасля заканчэння сярэдняй школы тройчы спрабавала паступіць у Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай. У 1981 годзе паступіла на дзённае аддзяленне факультэта журналістыки Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адну з творчых практык Алена праходзіла ў Жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”. На трэцім курсе выйшла замуж, нарадзіла сына Арсена. Муж, Аляксей Дзмiтрыевiч Ахматаў, член Саюза пiсьменнiкаў Расii, аўтар кніг паэзіі і крытычных артыкулаў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Алена Міхайлаўна засталася ў Ленінградзе, працавала карэспандэнтам шматтыражнай газеты “На трудовой вахте”, літаратурным рэдактарам тэхнічнага часопіса “Судостроение”, затым займалася літаратурным рэдагаваннем мастацкай літаратуры ў выдавецтвах “Измерение”, “Северо-запад”, “Азбука”, “Библия для всех”, “Петрополь”, “Культура” і інш. Кваліфікаваная і сумленная праца стварыла для Алены высокі імідж у выдавецкіх колах.

Першая публікацыя Алены з’явілася ў 1989 годзе ў зборніку “Молодой Ленинград“ пад псеўданімам Жабінкаўская, які яна ўзяла па назве малой радзімы. У 1991 годзе апублікавала адзінае сваё фантастычнае апавяданне “Ловец облаков” ў часопісе “Четвертое измерение” №4. Друкавалася ў газеце “Смена” за 20.02.1993г. пад рубрыкай “Поэтерий “Гамбургский счет”, у часопісе “Нева” (1998, № 9), зборніках “Молодой Ленинград” (1989), “Молодой Петербург” (1998) і іншых калектыўных выданнях. Прымала ўдзел у ХІХ канферэнцыі маладых літаратараў Паўночнага Захаду. У 2000 годзе Алена Жабінкаўская прынята ў саюз пісьменнікаў Рассіі, у тым жа годзе яе вершы увайшлі ў паэтычны зборнік “Светлица”, у якім прысутнічаюць творы выключна жанчын-паэтэс.

Алена Міхайлаўна – аўтар чатырох кніг вершаў. У 1993 годзе выйшаў першы яе зборнік “Улитка-слеза”, дзе яна дэбютавала як мастак. З таго часу займаецца не толькі рэдагаваннем, але і мастацкім афармленнем кніг – як вершаў, так і прозы для дарослых і дзяцей. Затым з'явіліся паэтычныя зборнікі “Сердечная юдоль” (1998), “Отсвет любви небес” (1999) і “Свет мой, зеркало” (2005), за які ў 2006 годзе Жабінкаўская ўдастоена прэстыжнай Царскасельскай мастацкай прэміі.

24 красавіка 2010 года Алена Жабінкаўская ўдзельнічала ў прэзентацыі зборніка вершаў «Петербургский квадрат», якая праходзіла ў арт-кафэ «Подвалъ бродячей собаки» ў Пецярбургу.

З 2010 года Алена Жабінкаўская публікуецца на буйным расійскім літаратурным партале Стихи.ру, які працуе пад эгідай Расійскага саюза пісьменнікаў і прадстаўляе аўтарам магчымасць свабоднай публікацыі сваіх твораў.

У 2010, 2012, 2013, 2014 гадах Алена Жабінкаўская разам з іншымі пецярбургскімі паэтэсамі прымала ўдзел у вечарах жаночай паэзіі, якія былі арганізаваны ў сярэдніх школах №193 і №207 горада Пецярбурга.

Для пачынаючых аўтараў у Пецярбургу ў Цэнтры Сучаснай Літаратуры і Кнігі праводзяцца майстар-класы «Полилог». 24 лютага 2013 г. паэтычны майстар-клас правяла Алена Жабінкаўская. Яна не толькі падарыла ўдзельнікам свае кнігі, але і дадала да ўзнагароды пераможцы паэтычны зборнік Генадзя Грыгор'ева «Алиби», які даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю.

Наведваючы Жабінку, Алена Міхайлаўна сустракаецца са сваімі чытачамі, дорыць кнігі. У жніўні 1998 года, калі яна прыехала да бацькоў, супрацоўнікі центральнай раённай бібліятекі ладзілі сустрэчу з паэткай, а 5 сакавіка 2007 года Алена выступала перад сябрамі клуба “Суразмоўнік”, які існуе пры Жабінкаўскай ЦРБ.

Алена Міхайлаўна, якая жыве далёка ад малой радзімы, назвалася Жабінкаўскай, каб захаваць памяць пра родны горад, каб дапамагчы рускім чытачам пазнаёміцца з Беларуссю, з нашым горадам. Дзякуючы такім вершам, як “Дождь в Жабинке”, “Приснилась Жабинка”, яны цяпер ведаюць аб невялікім гарадку каля Брэста.

Бібліяграфія