Dziekonski

 Бібліяграфія

Альбін–Міхаіл Дзяконскі нарадзілся 28 красавіка 1892 года ў маёнтку Пятровічы Кобрынскага павета. Дзявочае прозвішча маці Альбіна – Ядвігі – Ажэшка, яна была далёкай родзічкай Элізы Ажэшка, вядомай польскай пісьменніцы. Яе першы муж італьянец Бяртольдзі, даведзены да банкруцтва, скончыў жыццё самагубствам. Ядвіга выходзіць у другі раз замуж за Альбіна Дзяконскага, чалавека адукаванага, паважанага і значна старэйшага за яе: паміж супругамі была розніца ў 21 год. Бацька будучага паэта, таксама Альбін, валодаў маёнткам Пятровічы, быў маршалкам дваранства Кобрынскага павета. Род Дзяконскіх меў свой герб.

Дзяцінства Альбіна–Міхаіла праходзіла ў вялікай сям’і сярод братоў і сясцёр, дзе было чатыры роды дзяцей: “мае, твае, нашы, ні твае, ні мае”, як іх называлі паміж сабой бацькі. Ядвіга Ажэшка выйшла замуж за ўдаўца пана Бяртольдзі, які меў сына Маўрыцыя. Бяртольдзі гадавалі двух сыноў – Юрыя і Артура. Пасля смерці пана Бяртольдзі пані Ядвіга выйшла за ўдаўца Альбіна Дзяконскага, у якога быў сын Мар’ян, у саміх Дзяконскіх нарадзіліся дзве дачкі – Ядвіга і Ганна (Нютка) і два сыны – Альбін (Бінусь) і Вацлаў (Ваця). Пра незвычайную дабрыню, такт і культуру гэтых людзей лепш за ўсё сведчыць любоў усіх дзяцей адзін да аднаго як да родных братоў і сясцёр. Бінусь (так дома называлі Альбіна) рос кемлівым, разумным. Гэтым, напэўна, і спадабаўся далёкім сваякам па бацькоўскай лініі Казіміру і Стэфаніі Дзяконскім, якія часта наведваліся ў Пятровічы. Не маючы сваіх дзяцей, яны ўсынавілі Альбіна і забралі на Пружаншчыну ў свой радавы маёнтак – Магілёўцы, маючы намер у будучым пакінуць маёнтак яму ў спадчыну.

Пачатковую адукацыю Альбін атрымаў у хатніх настаўнікаў. Дзяцей у сям’і было шмат, таму без гувернантак абыйсціся не маглі. Сярэднюю школу Альбін пачаў наведваць у Варшаве, затым прадоўжыў абучэнне ў Рыжскай гімназіі.

Яго адукацыя пасля ўсынаўлення ажыццяўлялася на грошы Казіміра і Стэфаніі. Родзічы вырашылі накіраваць Альбіна на вучобу ў Бельгію, дзе ён вывучаў сельскаю гаспадарку. Рашэнне аб навучанні на факультэце сельскай гаспадаркі было лагічным: яго рыхтавалі ў спадкаемцы вялікага маёнтка. Але гаспадарка не вабіла Альбіна, і яго навучанне ў Бельгіі было нядоўгім. Пасля ён працягвае вучобу ў Лазанскім універсітэце на факультэце раманістыкі. У Лазані Альбін знаёміцца са сваёй будучай жонкай – Сафіяй, дачкою віленскага адваката Максімільяна Малінскага і хросніцай Казіміра Дзяконскага.

Пачатак першай сусветнай вайны прымушае Альбіна і Соф’ю вярнуцца на Радзіму. Альбін не быў мабілізаваны, бо меў слабое здароўе. Ён застаўся ў Магілёўцах і займаўся справамі гаспадаркі. У верасні 1915 г. Аршанская паветная па воінскай павіннасці прысутнасць прызнала яго непрыгодным да службы ў войску. Аднак ён апынуўся ў падпарадкаванні асобаўпаўнаважанага па забеспячэнні прыпасамі бежанцаў і насельніцтва тылу арміі Паўночна-Заходняга фронту. Некаторы час Альбін служыў пры штабе ў Арле, куды да яго прыехалі Соф’я і Стэфанія Дзяконская. Вясной 1917 г. у Арлоўскім рымска-каталіцкім прыходскім касцёле адбылося вянчанне Альбіна з Соф’яй. Пасля вайны маладая сем’я на некаторы час пасяляецца ў Варшаве, а ў 1920 годзе назаўсёды пераязджае ў Магілёўцы. Спакойнае жыццё ў правінцыйных Магілёўцах, поўнае клопатаў аб гаспадарцы і паэтычнай творчасці, было раптоўна перарвана ў верасні 1939 г. Пасля таго, як Чырвоная армія заняла тэрыторыю Заходняй Беларусі, А. Дзяконскі быў арыштаваны і адпраўлены ў Мінск. Далейшы лёс яго невядомы.

Няма звестак, у якім узросце Альбін-Міхаіл пачаў пісаць вершы. У яго вершах наогул вельмі мала аўтабіяграфічных звестак. Дом у Магілёўцах быў прытулкам, які паэт вельмі любіў. Менавіта тут нарадзілася большасць вершаў А. Дзяконскага. Першая кніга “Байкі” пабачыла свет ў 1920 г. Гэта быў невялікі зборнік вершаваных баек, сярод якіх “Шпак”, “Алень”, “Ліс і барсук”, “Ваявода”, што часам складаліся ўсяго з некалькіх радкоў. Байкі добра ўдаваліся Дзяконскаму. Лаканічныя, кароткія, яны трапна выяўлялі пазіцыю аўтара. Мараль баек Дзяконскага – не нуднае павучанне, а канстатацыя фактаў: свет уладкаваны вельмі недасканала, неідэальна.

На працягу 20–30-х гг. ХХст. выходзяць наступныя зборнікі паэзіі Альбіна Дзяконскага: “Байкі. Сатыры. Лірыка” (1926), “Элегія” (1929), “Эклогі” (1931), “Гарадскія матывы”(1931), “На захад” (1932), “Два галасы” (1933), “Драма Люцыфера” (1934), “Падгледжаныя рэчы” (1936), з якіх толькі першы быў надрукаваны ў Вільні, астатнія ўсе – у Варшаве. Апошняя кніга “Зялёныя Магілёўцы” была выдадзена ў 1939 г. Многія вершы з яе напоўнены нейкім прадчуваннем, страхам. Адзін з вершаў так і называецца “Страх жыцця”. У вершы “Франтон дома” паэт гаворыць, што гуляючы вечарамі па парку, ён адчувае небяспеку і толькі ступіўшы на ганак, трымаючыся за парэнчы, становіцца самім сабою. У яго апошніх вершах ёсць прадчуванне трагедыі, не ўсім зразумелыя туманныя летуценні.

А. Дзяконскі вельмі рэдка публікаваў свае вершы ў тагачасных часопісах. Захаваўся часопіс “Naokolo swіata” за ліпень 1939 г. № 183, у якім быў апублікаваны верш Альбіна Дзяконскага “Lіlіе”. Хутчэй ўсяго, гэта была апошняя публікацыя перад арыштам паэта. Што датычыцца яго зборнікаў, то яны часцей за ўсё выходзілі невялічкімі тыражамі – па некалькі соцень экзэмпляраў.

Апошні зборнік вершаў Дзяконскага надрукаваны ў Варшаве ў 1985 г. На беларускай мове да гэтага часу былі выданы толькі некалькі баек. Творчасць паэта не стала тэмай глыбокага літаратурнага аналізу. Зразумела, што даследчыкаў у савецкія часы не магла прывабіць такая тэма: памешчык-паэт буржуазнай Польшчы. Аднак мастацкія якасці твораў Дзяконскага несумненныя: уся паэзія напоўнена любоўю да навакольнага свету, ён меў здольнасць бачыць і перадаваць прыгажосць звычайных, штодзённых, знешне непрыкметных рэчаў, ніколі не апускаўся да павучэнняў. Вершы паэта пазбаўлены сацыяльнай ці палітычнай актуальнасці, у іх ёсць і гумар, і подых вельмі складанага часу, сынам якога быў Альбін Дзяконскі.

Бібліяграфія