Kitaevski

 

Уладзімір Ігнатавіч Кітаеўскі нарадзіўся 3 чэрвеня (па нов. стылі 16.06) 1896 года ў вёсцы Стаўпы Кобрынскага павету (цяпер Жабінкаўскі раён). Бацькі – Ігнат Іванавіч Кітаеўскі, унтэр-афіцэр, і Ганна Васільеўна Кескевіч, дачка пісара, – родам з Камянца. Маці была адукаванай жанчынай, валодала французскай мовай. У сям’і было трое сыноў: Хфедар, Пётр і малодшы Уладзімір.

Атрымаўшы першапачатковую адукацыю дома, Уладзімір прадоўжыў вучобу ў Брэст-Літоўскай мужчынскай гімназіі.
У 1915 годзе ён быў прызваны ў царскую армію і апынуўся на фронце, дзе атрымаў чын афіцэра 17-га Фінляндскага палка. Двойчы быў цяжка паранены. У грамадзянскую вайну служыў у Чырвонай Арміі.

Пад час Першай сусветнай вайны сям’я Кітаеўскага эвакуіравалася ў Хэрсонскую губерню, дзе памёр ад грыпу і пахаваны бацька Уладзіміра. Пасля сур'ёзнага ранення ў правую руку па асабістай просьбе Кітаеўскі быў накіраваны на службу санітарам у бальніцу г. Хэрсона, каб быць побач з маці.

Калі пасля заканчэння вайны бежанцам дазволілі вярнуцца на радзіму, Кітаеўскія пераехалі ў родныя мясціны, але ад былой сядзібы засталося толькі папялішча. Памянялася і ўлада – тэрыторыя апынулася пад Польшчай. Уладзімір ўладкаваўся працаваць на чыгунку і ўзяў крэдыт на будаўніцтва новага дома.

У Херсоне ў Уладзіміра засталася каханая дзяўчына, і ён вырашае нелегальна перайсці мяжу і дабрацца да яе. Яго затрымалі і абавязалі кожны дзень на працягу года адзначацца ў гміне.

У 1930 годзе Уладзімір Кітаеўскі ўзяў шлюб з Юліяй Мендзяльчук з суседняга сяла. У 1932 годзе ў сям'і нарадзілася дачка Галіна, а ў 1936 годзе –сын Вячаслаў.

Жылі спачатку ў Стаўпах, а ў 1938 годзе пераехалі ў Тэўлі, дзе Уладзіміра Ігнатавіча выбралі войтам гміны. Аднак неўзабаве ён быў звольнены з гэтай пасады за прывілеі сялянам, дазвол адкрыць для дзяцей украінскую школу, напісанне вершаў на ўкраінскай мове.

З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе Кітаеўскі ўзначаліў сельсавет, але прабыў на гэтай пасадзе нядоўга – папрасіў адстаўку. Скончыўшы месячныя настаўніцкія курсы, працаваў у школе ў вёсцы Свішчы Жабінкаўскага раёна, куды пераехаў з сям'ёй. Настаўнічаць доўга не прыйшлося – па даносу, што быў войтам пры польскай уладзе, зноў быў звольнены з працы.

У канцы саракавога года Уладзімір Кітаеўскі моцна прастудзіўся падчас адной з веласіпедных паездак у Кобрын на сустрэчу з дзеячамі ўкраінскага грамадства “Просвіта” і захварэў. Памёр ён у ноч на 1 студзеня 1941 года ва ўзросце 44 гадоў. Пахаваны па месцы апошняга пражывання ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёна.

Вершы Уладзімір Кітаеўскі пісаў усё сваё жыццё, чытаў іх знаёмым і блізкім, родным прысвячаў акравершы. У яго паэзіі прасочваецца спачуванне да вясковага народу і яго цяжкай працы, любоў да роднай зямлі. Пісаў ён і лірычныя вершы, прысвечаныя жонцы і дачцы, а таксама вершы рэлігійнай тэматыкі. Пры польскай уладзе Кітаеўскі друкаваўся ў львоўскім часопісе «Вікна», таму што ў большасці пісаў па-ўкраінску, пры савецкай – дасылаў у Мінск вершы на рускай мове, падаў заяву ў Саюз пісьменнікаў БССР. Толькі пасля смерці паэта сям’я атрымала афіцыйную паперу, у якой паведамлялася, што ён прыняты ў Саюз пісьменнікаў.

Мала што ўцалела з творчай спадчыны Уладзіміра Кітаеўскага. У час Вялікай Айчыннай вайны жонка паэта, усё створанае ім, закапала ў зямлю, каб зберагчы. Многае загінула, а тое, што засталося, захоўваецца ў Кіеўскім Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Украіны.

Грамадска-палітычнае выданне г. Бярозы “Бярозавы венік” у 2010 годзе прысвяціў спэцвыпуск жыццю і творчасці паэта.

У 2012 годзе ў Драгобычы (Львоўская вобл., Украіна) выдадзены зборнік вершаў Уладзіміра Кітаеўскага “Минуле згадаймо”.

У Брэсце ў 2015 годзе надрукаваны новы зборнік паэта “Стаўпы”.

Уладзімір Кітаеўскі вялікай славутасцю стаць не паспеў, ён амаль невядомы, але чытаючы яго паэтычныя радкі, з задавальненнем адкрываеш для сябе паэта-земляка.

 

Бібліяграфія