Рыгор Рыгоравіч

 

Будзько

 

byytko

Рыгор Рыгоравіч Будзько нарадзіўся 4 красавіка 1933 года ў сям'і Рыгора Давідавіча і Кацярыны Паўлаўны ў вёсцы Арэпічы Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Сцяпанкаўскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля яго нарадзіліся сястра Вольга і брат Глеб.
Рыгор пачынаў вучыцца яшчэ за польскім часам, потым была руская школа. Да Вялікай Айчыннай вайны паспеў закончыць тры класы, працягнуў вучобу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Пасля заканчэння Арэпіцкай школы паступіў на факультэт «Архітэктура» ў Львоўскі палітэхнічны інстытут, які скончыў у 1957 годзе. У гэтым жа годзе уладкаваўся на працу ў Гродзенскі філіял інстытута «Белдзяржпраект» (з 1959 г. – Гродзенская абласная праектная кантора «Аблпраект»).
Пераехаўшы ў 1961 годзе ў Брэст, Рыгор Будзько каля дваццаці гадоў адпрацаваў у інстытуце «Брэстграмадзянпраект», дзе з'яўляўся галоўным архітэктарам праектаў.
У 1960 гады пачала развівацца такая форма сучаснай забудовы горада, як архітэктурныя ансамблі. Адзін з першых у Брэсце архітэктурных ансамбляў сфарміраваўся на плошчы Леніна, якая стала адміністрацыйным і грамадскім цэнтрам горада. Усходняя частка плошчы (будынак аблсаўпрафа, шматкватэрныя жылыя дамы з гандлёвымі і грамадскімі ўстановамі ў першых паверхах) забудавана ў 1961–1963 гадах – архітэктары Р.Будзько, З.Леўчанка, Л.Маскалевіч, А.Сувораў. Рыгор Рыгоравіч удзельнічаў у праектаванні жылой забудовы па вул. Маскоўскай (1966), вул. Луннай, бульвары касманаўтаў, мікрараёна «Усход 3» (1978).
У 1962 годзе стварылася сям'я Рыгора і Раісы Будзько, у якой нарадзіліся дочкі Іна і Жанна.
З 1959 года Рыгор Рыгоравіч Будзько – член Саюза архітэктараў БССР, а з 1967 года па 1988 год ён з'яўляўся старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення СА БССР. У гэты час арганізаваў Дом архітэктараў – фактычна творчую лабараторыю, якая дала магчымасць перайсці ад муніцыпальных праектаў да свабоднага праектавання, выканала ў Брэсце ролю папярэдніка творчых майстэрняў, дзе сабраліся самыя таленавітыя дойліды, дзякуючы якім горад пачаў развівацца ў сучасных напрамках архітэктуры.
У 1979 годзе Будзько перайшоў на пасаду галоўнага архітэктара інстытута «Брэстсельбудпраект». Па яго праекце ўзведзены галоўны корпус Брэсцкага педагагічнага інстытута ім. А.С. Пушкіна (1981). Складана знайсці раён у Брэсцкай вобласці, дзе б не ўзводзіліся будынкі, спраектаваныя архітэктарам Рыгорам Будзько: забудова цэнтральнай сядзібы пасёлкаў Мухавецкі (1969), Астрамечава, Белавежскі, Матыкалы Брэсцкага раёна; Дом праектных інстытутаў (1969) і Дом Саветаў (1974) у Пінску; праект і забудова цэнтральнай сядзібы калгасаў «Памяць Ільіча» Брэсцкага (1980) і «Белавежскі» Камянецкага раёнаў (1981, абодва ў сааўт.). Пасля выхаду на пенсію, Рыгор Рыгоравіч часта аказваў інстытуту «Брэстсельбудпраект» дапамогу праектамі жылых дамоў у вёсках Вярхі, Крыўляны, Грабаўцы, Пшанаі Жабінкаўскага раёна.
З маладых гадоў Рыгор Будзько захапляўся песнямі. Спачатку хадзіў на спевы ў клуб чыгуначнікаў, потым рэгулярна наведваў хор ветэранаў вайны і працы.
На працягу ўсяго творчага шляху архітэктар Будзько не забываў пра сваю малую радзіму. У г. Жабінка ім спраектаваны абнаўленне помніка воінам і партызанам (пліта, на якой выбіты імёны загінуўшых, і Вечны агонь), забудова мікрараёна насупраць бальніцы, сярэдняя школа № 1 (1971), гарадскі Дом культуры (1979). Па яго праектах пабудаваны школы ў вёсках Крыўляны і Хмелева Жабінкаўскага раёна.
Пісьменнік Расціслаў Бензярук прысвяціў Рыгору Будзько верш, у якім злучыў імёны горада Жабінка і слыннага земляка: «Тут шчыраваў калісь Рыгор Будзько: / для Жабінкі жадаў шчаслівай долі».
Плённая дзейнасць архітэктара высока ацэнена: ў 1970 годзе ён узнагароджаны «Сярэбраным медалём ВДНГ» і «Залатым медалём ВДНГ» у 1987, у 1971 годзе – медалём «За працоўную доблесць», у 1979-м і 1985-м гадах – Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Пайшоў з жыцця Рыгор Рыгоравіч Будзько 29 чэрвеня 2017 года, пахаваны ў Брэсце.

Бібліяграфія