torfzavod

АAТ «Торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі» знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага сельскага Савета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ажыццяўляе здабычу фрэзернага торфу і яго перапрацоўку для вытворчасці паліўных брыкетаў. Вядзецца праца па арганізацыі вытворчасці торфу-сапрапелевых угнаенняў магутнасцю 1000 тон у год.

Праектнае заданне на будаўніцтва торфабрыкетнага завода «Гатча- Осаўскае» з сыравіннай базай распрацавана інстытутам «Белдзяржпраторф» Упраўлення тарфяной прамысловасці СНГ БССР на падставе задання на праектаванне, узгодненага з Дзяржпланам БССР ад 5 лютага 1965 году і зацверджанага Саўнаргасам БССР ад 9 лютага 1965 года.

Будаўніцтва торфабрыкетнага прадпрыемства «Гатча-Осаўскае» пачата ў 1966 годзе. Назва паходзіць ад злучэння назваў двух радовішчаў торфу, уключаных у сыравінную базу прадпрыемства.

«Пляцоўка для будаўніцтва брыкетнага завода і прамзоны размешчана на малапрыдатных ворных землях саўгаса «Рагазнянскі» Кобрынскага раёна (цяпер Жабінкаўскі р-н) і знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад вёскі Рыкавічы (цяпер в. Чыжэўшчына) на адлегласці 600 м і на поўдзень ад аўтамагістралі Масква-Брэст на адлегласці 400 м. Выбар пляцоўкі зроблены камісіяй…» (акт выбару ад 17 ліпеня 1964).

У адпаведнасці з заданнем на праектаванне і дазволам Дзяржбуда БССР ад 18.02.1965 года будаўніцтва торфабрыкетнага завода прынята па паўторна-ужывальнаму праекту дзеючага торфабрыкетнага завода «Радзічава» (Слуцкі раён Мінскай вобласці).

Кіраваў будаўніцтвам завода дырэктар торфабрыкетнага завода «Кобрынскі» Патоня В.М.

На першым этапе будаваўся брыкетных цэх. У якасці асноўнага тэхналагічнага абсталявання брыкетнага цэха служылі тры парагазавыя сушылкі, тры прэсы і тры грохаты (прылада, якая ўжываецца на прадпрыемствах па перапрацоўцы торфу і прызначаецца для падзелу сыпучых матэрыялаў па памерах кавалкаў). Усё тэхналагічнае абсталяванне айчыннай вытворчасці.

Для забеспячэння аб'ектаў торфабрыкетнага завода, прамзоны і пасёлка цяплом, гарачым водазабеспячэннем пачалося таксама будаўніцтва кацельні, якая знаходзілася ў блоку з галоўным корпусам брыкетнага цэха.

Акрамя таго вялося будаўніцтва блока дапаможных службаў: рамонтна-механічнай майстэрні, лакаматыўна-вагоннага дэпо, пажарнага дэпо, матэрыяльнага склада і заводакіраўніцтва.

Брэсцкім аблвыканкамам і Міністэрствам сельскай гаспадаркі БССР прынята рашэнне аб адводзе Міністэрству тарфяной прамысловасці БССР пад сыравінную базу торфабрыкетнага завода «Гатча-Осаўскае» зямельнага ўчастка агульнай плошчай 2016 га з зямель саўгаса «Рагазнянскі» Кобрынскага раёна (цяпер Жабінкаўскі р-н). Работы па асушэнню забалочаных зямель, адведзеных пад сыравінную базу завода скончаны ў снежні 1968 года.

31 снежня 1968 года загадам Міністэрства тарфяной прамысловасці БССР торфабрыкетны завод уводзіцца ў эксплуатацыю з 1 студзеня 1969 года.  У гэты дзень выпушчана пробная партыя прадукцыі, а па-сапраўднаму вытворчасць тарфянога брыкету распачалася 7 лютага, пасля давяршэння пусканаладачных работ. Першапачатковая магутнасць завода склала 50 тыс. тон тарфяных брыкетаў у год. 

Вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае торфапрадпрыемства «Гатча-Осаўскае» створана на падставе пастановы Савета Міністраў БССР № 10 ад 15 студзеня 1969 года і ўвайшло ў склад Беларускага дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліву і газіфікацыі (ДВА «Белпалівагаз»). У першы год на торфапрадпрыемстве працавалі 231 чалавек.

У 1975 годзе з мэтай павышэння якасці прадукцыі праведзена рэканструкцыя брыкетнага цэха з устаноўкай сушылкі вытворчасці ГДР. Праектная прадукцыйнасць завода пасля рэканструкцыі склала 55 тыс. тон тарфяных брыкетаў у год.

У сувязі з вычарпаннем сыравінных рэсурсаў, памяншэннем аб'ёмаў здабычы торфу і вытворчасці таварнай прадукцыі і ў мэтах спрашчэння структуры кіравання, у адпаведнасці з Пастановай СМ БССР ад 23 лютага 1984 года з 01.01.1985 года торфапрадпрыемства «Гатча-Осовское» аб'яднана з торфапрадпрыемствам «Чапелеўскае багно» Пружанскага раёна, пасля чаго аб'яднанае прадпрыемства названа торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі».

На падставе загаду № 106 ад 24.12.1985 г. «Аб удасканаленні структуры кіравання галіной» створана вытворчае торфабрыкетнае аб'яднанне «Гатча-Осаўскае»: аб'яднаны торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі» (галаўное прадпрыемства) і полубрыкетны завод «Любашкінскае» (на правах вытворчай адзінкі; в. Любашкі (з 1970 – в. Галоўчыцы) Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці).

У 1987 годзе праведзена рэканструкцыя кацельні завода з пераводам на прыродны газ. 

У 1988 годзе ўпершыню апрабаваная тэхналогія вытворчасці торфавугольных брыкетаў, у 1989 годзе іх выпушчана 83 тыс. тон.

Загадам «Дзяржкампалгаз» № 37 ад 21 лістапада 1988 года торфабрыкетнага аб'яднанне «Гатча-Осаўскае» пераўтворана ў торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі».

22 кастрычніка 1996 года праведзена агульнарэспубліканская рэгістрацыя торфабрыкетнага завода «Гатча-Осаўскі» за № 9 у Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб.

1 студзеня 2009 года прадпрыемства адзначыла 40-гадовы юбілей. 3 снежня 2009 года яно рэарганізавана ў Адкрытае акцыянернае таварыства «Торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі».

У 2011 г. на заводзе завершана будаўніцтва лініі па выпуску фрэзернага торфу. У наступныя гады праведзены: распрацоўка пляцоўкі пад здабычу фрэзернага торфу на захад ад в. Падзяменне на землях ААТ «Гарадзец-Агра» Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці (2016); рэканструкцыя кацельні з пераводам на фрэзерны торф (2017); распрацоўка пляцоўкі для здабычы фрэзернага торфу з пад'язной аўтамабільнай дарогай і месцам для складавання торфу на тарфяным радовішчы «Завіднюўка» на захад ад в. Козій Брод Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці (2017-2018).

Торфабрыкетны завод прызнаваўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў сярод прамысловых прадпрыемстваў Жабінкаўскага раёна: у 1989, 1983, 1982, 1979, 1974, 1971 гадах.

Пастановамі ЦК КПБ калектыў торфабрыкетнага завода «Гатча-Осаўскі» за датэрміновае выкананне народнагаспадарчага плана 1974 і 1975 гадоў прызнаны пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве калектываў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый і ўзнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам ЦК КПБ, Савета міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ.

ААТ «Торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі» ў цяперашні час уяўляе сабой: участак здабычы торфу; брыкетны цэх; транспартны цэх; рамонтна-механічны ўчастак; рамонтна-будаўнічы ўчастак; цэх па здабычы і брыкетаванню торфу «Кобрынскі». Кацельня брыкетнага цэха ўжываецца толькі ў вытворчых мэтах (да кастрычніка 2011 года яна выкарыстоўвалася для ацяплення і гарачага водазабеспячэння аграгарадка Ленінскі).

Асноўным відам дзейнасці ААТ «Торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі» з'яўляецца вытворчасць тарфяных брыкетаў, да іншых відах дзейнасці арганізацыі адносяцца здабыча торфу і аказанне транспартных паслуг.

Агульныя вытворчыя магутнасці прадпрыемства складаюць 70 тыс. тон тарфяных брыкетаў у год, у тым ліку магутнасць брыкетнага цэха «Гатча-Осаўскі» – 55 тыс. тон і магутнасць брыкетнага цэха «Кобрынскі» – 15 тыс. тон. У 2018-м годзе здабыча торфу склала больш за 80 тыс. тон. На прадпрыемстве працуе звыш 120 чалавек.

Прадукцыя торфабрыкетнага завода пастаўляецца як на ўнутраны рынак, так і на экспарт. Асноўнымі спажыўцамі замежжа з'яўляюцца Рэспубліка Польшча і Літоўская Рэспубліка.

Торфабрыкетны завод узначальвалі:

Путырскі Рамуальд Паўлавіч – першы дырэктар завода

Скрабін Вячаслаў Іванавіч – 22.12.1978 г. – 23.12.1991 г.

Бортнік Мікалай Уладзіміравіч – 03.01.1992 г. – 2015 г.

Кляўзо Міхаіл Мікалаевіч – 22.12.2016 г. – па цяперашні час.

 

Бібліяграфія