Іван Раманавіч

Валошка

foto

Іван Раманавіч Валошка нарадзіўся 6 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Рачкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З лета 1915 года ў сувязі з Першай сусветнай вайной сям’я была ў бежанцах у Расіі, вярнуліся на радзіму ў 1920 годзе. Іван Валошка з 1921 года пасяліўся ў Брэсце-над-Бугам (цяпер Брэст) у кватэры дома на рагу вуліц Ягелонскай і Пераца (цяпер Маскоўская і 17 Верасня). У гэтым доме (вул. Пэраца, 51) на першым паверсе былі магазіны, цырульня, на другім – прыватная руская гімназія, у падвале – склад канцтавараў. Іван Валошка працаваў тут вартаўніком і дворнікам.

У 1923 годзе Іван Валошка ўступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Яго кватэра стала явачнай для падпольшчыкаў і месцам захоўвання нелегальнай літаратуры КПЗБ. У 1927–1938 гадах у яго кватэры дзейнічала падпольная друкарня Цэнтральнага камітэта КПЗБ. Перад пачаткам будаўніцтва друкарні з мэтай канспірацыі Івану Валошку было даручана спыніць сувязь з людзьмі падполля, не з’яўляцца на сходах, мітынгах, прыкласці ўсе сілы, каб спадабацца паліцыі. Ад яго кватэры да ўчастка паліцыі (пастарунку) было толькі 150 м.

У падвале дома была выкапана яма глыбінёй 2,5 м і плошчай 9 м2, праца цягнулася больш за паўгода. Зямля выносілася тайна невялікімі порцыямі, складана было знайсці месца, куды яе выкідаць. Нарэшце, у выкапаным і замаскіраваным падполлі на пачатку 1927 года была абсталявана падпольная ў літаральным сэнсе друкарня. Па заданні акруговага партыйнага тэхніка М. Ш. Жукоўскага-Зільберга работу друкарні наладзіў віленскі слесар Натан Соган.

З Вільні прывозілі гатовыя матрыцы, па іх узору рабілі адліўкі з волава. Потым набылі шрыфт, якога спатрэбілася шмат, бо на розных мовах. Друкавалі лістоўкі, цыркуляры Брэсцкіх акруговых камітэтаў КПЗБ і КСМЗБ і іншыя партыйныя выданні на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, украінскай і яўрэйскай. Сярод лістовак: «За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне», «Вялікая барацьба лесарубаў» і інш. Друкаваныя матэрыялы Брэсцкай друкарні выкарыстоўвалі Брэсцкі і Пінскі акруговыя камітэты КПЗБ.

Іван Валошка непасрэдна ўдзельнічаў у стварэнні і дзейнасці друкарні, распаўсюджванні нелегальнай літаратуры. У гэтай небяспечнай, патрыятычнай справе яму дапамагала жонка Мялання Фамінічна.

Друкарня перастала функцыянаваць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам Камуністычнай партыі Польшчы і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ — у сакавіку 1938 года. Дзякуючы строгай канспірацыі І.Р. Валошка захаваў абсталяванне друкарні і архіў да верасня 1939 года. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР перадаў іх палітаддзелу пагранічнага атрада. У сувязі з амаль варожымі адносінамі сталінскага рэжыму да членаў КПЗБ мясцовыя органы паставіліся прахалодна да гісторыі дзейнасці падпольнай друкарні, тэхнічная частка друкарні і яе архіў не зберагліся.

У Вялікую Айчынную вайну І.Р. Валошка быў сувязным партызанскага атрада імя Фрунзэ брыгады імя Сталіна. Пасля вайны працаваў у Брэсцкім аддзяленні дзяржаўнага банка. Памёр 3 лютага 1966 года.
У 1963 годзе ў памяць падпольнай друкарні на месцы, дзе яна была, па ініцыятыве Васілія Пятровіча Ласковіча ўстаноўлена мемарыяльная дошка (праспект Машэрава, 42). Некаторыя выданні друкарні знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Бібліяграфія