Аляксандр Сяргеевіч
 
Палышэнкаў 
 
alexandr palyshenkov brest vb.by
 
  Аляксандр Сяргеевіч Палышэнкаў нарадзіўся 6 ліпеня 1949 г. у вёсцы Залуззе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Сяргей Мікалаевіч, родам з Валагодчыны (Расія), скончыў Рыбінскі тэхнікум воднага транспарту, франтавік, пасля Вялікай Айчыннай вайны накіраваны ў БССР на аднаўленне Дняпроўска-Бугскага канала. Вёска Залуззе раскінулася на правым беразе ракі Мухавец, якая з’яўляецца часткай Дняпроўска-Бугскага канала, тут знаходзіцца адзін з яго гідравузлоў № 8.
 
  Пасля восьмага класа Аляксандр Палышэнкаў паехаў вучыцца ў Ленінградскае рачное вучылішча, якое скончылі яго старэйшыя браты Мікалай і Генадзь. Пасля завяршэння вучобы ў 1968 годзе працоўную дзейнасць пачаў старэйшым тэхнікам Дняпроўска-Бугскага тэхучастка ў Пінску.
 
  У тым жа годзе быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Пасля дэмабілізацыі працаваў на Брэстчыне ў будаўнічай галіне, паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1978 г. па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Прайшоў шлях ад майстра спецыялізаванай перасоўнай калоны ўпраўлення «Брэстсельбуда» да начальніка праектна-прамысловага будаўнічага аб’яднання «Палессежылбуд». Узводзіў сотні аб'ектаў на землях меліяраванага Палесся, будаваў цэлыя пасёлкі. Пасля Чарнобыльскай трагедыі (1986) накіраваны на ліквідацыю наступстваў аварыі, узвядзенне жылля для перасяленцаў.
 
  З 1990 г. А. С. Палышэнкаў працаваў у органах выканаўчай улады.  З1990 па 2002 год з'яўляўся намеснікам старшыні аблсельгасхарчу і таксама вёў ўсе будаўніцтва ў сельскай мясцовасці. У 1990–2002 гг. выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. З 2002 г. — у Брэсцкім гарвыканкаме. Спачатку з’яўляўся намеснікам старшыні гарвыканкама, з 2003 г. — першы намеснік старшыні, курыраваў пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 27 кастрычніка 2004 г. назначаны на пасаду старшыні Брэсцкага гарвыканкама, якую займаў да 23 верасня 2014 г.
 
  За гэтае дзесяцігоддзе ў Брэсце пабудавана шмат аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Пры непасрэдным удзеле А. С. Палышэнкава былі ўведзены ў эксплуатацыю: паўднёвы абход Брэста з рэканструкцыяй Гузнянскага моста цераз Мухавец; першая чарга Заходняга абхода Брэста з будаўніцтвам Берасцейскага моста цераз Мухавец; смеццеперапрацоўчы завод; цэнтральная гарадская бальніца; рэанімацыйны і аперацыйны блокі гарадской бальніцы хуткай дапамогі; гарадская паліклініка, будынак галоўнага абласнога ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь; сярэдняя школа № 1; вяслярны канал з інфраструктурай і зонай адпачынку; палац водных відаў спорту з чатырма басейнамі і дыспансерам спартыўнай медыцыны; спартыўны комплекс «Вікторыя»; лёгкаатлетычны манеж; картынгавы стадыён. Высокімі тэмпамі вялося будаўніцтва жылля: за 10 гадоў пабудавалі 2 млн 350 тыс. кв. м жылёвых памяшканняў, з’явіліся мікрараёны «Паўднёва-Захад-3», «Паўднёва-Захад-4», развіліся «Усход-5», «Усход-6», «Паўднёвы гарадок», «Паўночны гарадок».
 
  Старшыня гарвыканкама садзейнічаў правядзенню маштабных штогадовых міжнародных фестываляў «Студзеньскія музычныя вечары» і «Белая Вежа», іншых падзей культурнага жыцця. Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Аляксандра Сяргеевіча быў спраектаваны і ўсталяваны помнік 1000-годдзя Брэста (2009). У 2013 г. адкрыты помнік Менахему Бегіну. З’явілася алея ліхтароў на вул. Гогаля.
 
  Аляксандр Сяргеевіч меў амаль 50 гадоў працоўнага стажу, перанёс сур’ёзнае захворванне і аперацыю. У час урачыстага адкрыцця ў новым будынку дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў імя В. Пагодзіна 26 ліпеня 2014 г. А.С. Палышэнкаў аб’явіў аб намеры пакінуць адказную пасаду. Адстаўка была прынята на вераснёўскай сесіі Бгарадскога Савета дэпутатаў.
 
За сваю працоўную дзейнасць А.С. Палышэнкаў узнагароджаны ордэнам «Знак Почёта», медалём «За воинскую доблесть. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», граматамі Савета Міністраў і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 23 верасня 2014 г. за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і ўдасканальванне інфраструктуры Брэста яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».