Аляксандр

Паўлавіч Саванеўскі

Savanevski

Аляксандр Паўлавіч Саванеўскі нарадзіўся 13 сакавіка 1904 г. у вёсцы Дзяменічы Брэсцкага павета (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я знаходзілася ў бежанцах у Расіі, вярнулася на радзіму ў 1921 г., калі Брэстчына апынулася пад польскай акупацыяй.

Беларускі народ ніколі не мірыўся з акупацыяй Заходняй Беларусі і падзелам сваёй радзімы. На працягу дваццаці гадоў ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Сямнаццацігадовым юнаком Аляксандр Саванеўскі ўключыўся ў падпольную барацьбу. Расклейваў лістоўкі, хадзіў сувязным на яўкі, хаваў у сябе незнаёмых людзей і праводзіў іх тайнымі сцежкамі, удзельнічаў у рабоце партыйных сходаў і канферэнцый. Стаў арганізатарам Чарнаўчыцкага райкама Камуністычнай рабочай партыі Польшчы.

У канцы кастрычніка 1923 г. была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, адразу пачалі стварацца партыйныя арганізацыі на тэрыторыі ўсіх паветаў Заходняй Беларусі. КПЗБ з’яўлялася нелегальнай партыяй, якая ўвесь час праследавалася.

Першая канферэнцыя Брэсцкай акруговай арганізацыі КПЗБ адбылася ў канцы снежня 1923 г. у в. Плоска каля Брэста. Брэсцкі акругком КПЗБ у розныя гады ўзначальвалі моцныя духам людзі. Частыя арышты падпольшчыкаў не давалі магчымасці даводзіць задуманую справу да канца.

Дзевятнаццацігадовы Аляксандр Саванеўскі ў 1923 г. уступіў у КПЗБ, арганізаваў у Чарнаўчыцах райкам КПЗБ, ствараў падпольныя ячэйкі ў вёсках Блювінічы, Покры, Вялікія і Малыя Курніцы, Скорбічы, Косічы, Рэчыца (Брэсцкі раён) і інш. 20 лютага 1927 г. арганізаваў у в. Булькова (цяпер Жабінкаўскі раён) першую масоўку, якая вылілася ў дэманстрацыю. Паліцыя яго высачыла і арыштавала 1 сакавіка. Праз паўгода, 29 жніўня, Пінскім акруговым судом за прыналежнасць да КПЗБ ён быў прыгавораны да чатырох гадоў турэмнага зняволення. Знаходзіўся ў Кобрынскай турме, дзе арганізаваў мітынг палітзняволенных, за што тэрмін пакарання быў прадоўжаны на адзін год.

Пасля вызвалення з турмы ў 1931 г. Аляксандр Саванеўскі адразу ўключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць. Па даручэнні Брэсцкага акругкома КПЗБ выязджаў у раёны, удзельнічаў у пасяджэннях раённых камітэтаў партыі. З канца лістапада 1931 г. да 13 снежня 1932 г. А.П. Саванеўскі (падпольны псеўданім Колька) з’яўляўся сакратаром Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ. Зімой 1931–1932 гг. у Брэсце адбыліся масавыя выступленні беспрацоўных.

7 снежня 1932 г. за рэвалюцыйную дзейнасць зноў  прыгавораны да чатырох гадоў турэмнага зняволення і пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяць гадоў.

3 студзеня 1936 г. па амністыі выйшаў з турмы. Жыў у в. Чэрні. Як здольнага арганізатара і члена акругкома КПЗБ яго накіроўвалі на аднаўленне разгромленых паліцыяй камуністычных арганізацый. У красавіку 1938 г. было аб’яўлена аб роспуску КПЗБ.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР А.П. Саванеўскі працаваў загадчыкам сацыяльнага забеспячэння Брэсцкага раёна, старшынёй Чарнянскага сельсавета.

Нялёгка было жыхарам пераходзіць да новага ладу жыцця. Гады зняволення не прайшлі дарэмна: Аляксандр Паўлавіч цяжка захварэў на сухоты адкрытай формы. Заўчасна памёр ў першы месяц Вялікай Айчыннай вайны. Пахаваны на могілках в. Чэрні (Брэсцкі раён). У 1976 г. на магіле ўстаноўлены абеліск, яго імем названа вуліца ў Чэрнях.

 

Бібліяграфія