16 лютага 2017 года ў чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылося краязнаўчае падарожжа «Напалеон Орда — мастак і збіральнік», прысвечанае 210-годдзю з дня нараджэння піяніста, кампазітара, педагога, музычнага пісьменніка, мастака Напалеона Орды.

Госцем нашай  сустрэчы стаў беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, старшыня савета Брэсцкагаhmgm абласнога фонду імя Т. Касцюшкі і савета міжраённага грамадскага аб'яднання імя Т. Касцюшкі, член савета Брэсцкага абласнога фонду імя Н. Орды, член Беларускага камітэта Міжнароднага савета па помніках і мясцінах, член прэзідыума Беларускага рэспубліканскага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Леанід Міхайлавіч Несцярчук, аўтар кніг «Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X—XX стагодзяў», «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі», «Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка: вяртанне героя на радзіму», «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны», «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Манарх, асветнік, мецэнат», «Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам», «Міхаіл Клеафас Агінскі. Ліцвін. Патрыёт, творца», адзін з аўтараў кнігі «Высокае: 500 гадоў».

Пра творчы шлях Напалеона Орды дапоўніў наш мясцовы гісторык, пісьменнік, журналіст Анатоль Расціслававіч Бензярук, аўтар кніг «Касцюшкі - Сяхновіцкія», «Крупчыцы. 1794 год: Падзеі і памяць роднай гісторыі», «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля», «Наш край – Жабінкаўшчына», «Свята для сэрца» і інш.

Пад час сустрэчы атрымаўся цікавы, шчыры дыялог краязнаўцы з чытачамі. Леанід Міхайлавіч распавёў пра сябе, сваю творчасць і жыццёвы шлях Напалеона Орды. Напрыканцы сустрэчы пісьменнік адказаў на некалькі пытанняў слухачоў.