4 красавіка 2017 г. у чытальнай зале Жабінкаўскай раённай бібліятэкі праведзена літаратурная сустрэча «Надзеямі жыве душа…» з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння мясцовага паэта Івана Сяргеевіча Арабейкі для вучняў 11 «А» класа «СШ №1 г. Жабінкі» і аматараў творчасці знакамітага паэта. 

Прыемна адзначыць, што на юбілейную сустрэчу прыехалі госці з Брэста, сябры Івана Сяргеевіча: Уладзімір Уладзіміравіч Барысюк - былы выкладчык Брэсцкага педуніверсітэта; паэтка Ярына Дашына, cябра Саюза беларускіх пісьменнікаў; Расціслаў Мацвеевіч Бензярук - журналіст, пісьменнік, перакладчык і паэт; Анатоль Расціслававіч Бензярук – гісторык, пісьменнік, журналіст; сябар дзяцінства Аляксей Раманавіч Дошчык.

Вядучыя літаратурнай сустрэчы, супрацоўнікі раённай бібліятэкі Андрасюк Ю.Г. і Славуціч В.А., з дапамогай відэапрэзентацыі  пазнаёмілі прысутнічаючых з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага зямляка, цікавага паэта, сціплага чалавека Івана Арабейкі. 

Іван Сяргеевіч Арабейка нарадзіўся 26 сакавіка ваеннага 1942 года, ў вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна, ў мнагадзетнай сям’і, калі ад зімовага сну абуджаецца зямля і прырода, калі ўсе людзі радуюцца  першаму цяплу, першай кветцы.

У творчым «багажы» Івана Арабейкі — два паэтычныя зборнікі «Услед за сонцам» і «Асенні ранак», выдадзеныя яшчэ ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», і зборнік  «Сказаць хачу», выдадзены ў 2012 годзе ў Брэсце.

Як гэта многа - жыць, любіць,

З прахожым першым паздароўкацца,

Суседа словам зачапіць,-

Для сэрца не бывае дробязяў.

Цяпло,спагады пачуццё,-

Я гэта ўсё засвоіў змоладу.

Як запавет на ўсё жыццё:

Не напускай у хату холаду.

Іван Арабейка

Літаратуная сустрэча працягвалася больш за гадзіну, а людзям не хацелася разыходзіцца. Яны разам з юбілярам апынуліся ў тым часе, калі пачыналіся першыя крокі Івана Арабейкі ў паэзіі. Паэт адказваў на шматлікія пытанні, чытаў свае вершы.

Госці гаварылі многа цёплых слоў ў адрас юбіляра, жадалі творчага плёну, новых кніг, здароўя.

Раіса Міхайлаўна Маргевіч, былая настаўніца, чытачка Жабінкаўскай раённай бібліятэкі са стажам, падзякавала яе супрацоўнікаў за добрую традыцыю правядзення юбілейных сустрэч з мясцовымі паэтамі і для удзельнікаў сустрэчы прачытала цудоўны верш «Жабінка» Івана Арабейкі

Людміла Аляксандраўна Астроўская, былая загадчыца аддзела абсугоўвання раённай бібліятэкі, якая больш дваццаці гадоў кіравала клубом «Суразмоўнік» пры віншаванні юбіляра сказала наступныя словы: «Нам пашчасціла жыць на адной зямлі з такім таленавітым і сціплым чалавекам. Паверце, гэта вельмі вялікая рэдкасць - талент і сціпласць. Заставайтесь такім жа, Іван Сяргеевіч, назаўсёды! Чакаем Вашых новых кніг!..»