cuctrecha c Kasko Звычайны дзень.

                              Такі і ўчора быў,
 і заўтра будзе гэтакі ж,
                               як сёння.
 Гайдаецца на хвалях вецця сонца,
 і даспяваюць гронкі арабін.

                                        Празрысты блеск асветленных акон,
                                        асенні ветрык
                                                       ветлы, як “дзень добры”…
                                        для нас з табой
                                                                 на многа іншых дзён.

Паэзія… Гэта слова вызывае ў памяці шмат розных вобразаў. Цудоўныя вершаваныя радкі глыбока пранікаюць у душу чалавека, зліваюцца з ёй. Паэтычныя словы, напісаныя на мілагучнай роднай беларускай мове кранае сэрца кожнага беларуса. І мы павінны ганарыцца сваёй роднай мовай. Нездарма наша берасцейшчына багата на таленты. 

13 снежня ў Ленінскай сельскай бібліятэцы адбылася сустрэча з знакамітым зямляком, паэтам, перакладчыкам, эсэістам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам літаратурных прэмій імя Аркадзя Куляшова і Уладзіміра Калесніка, лаўрэатам міжнароднай прэміі імя Ганны Краснапёркі Алесем Канстанцінавічам Каско.

Літаратурнае мерапрыемства было прысвечана прэзентацыі новай кнігі “Межавыя знакі”, якая была выдадзена ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор” Тут вершы, напісаныя на працягу мінулых дзесяцігоддзяў, дзённікавыя запісы – метафары, мастацкі расповед. Аўтар шчыра, прачула і па майстэрску выяўляе свае душэўныя пачуцці і грамадскія перажыванні аб жыцці, творчасці беларускай будучыні.

Была аформленна выстава “І свет адкрываўся мне ісцінай простай…” Дзе былі размешчаны кнігі пісьменніка “Скразная лінія” (1982г.), “Набліжэнне” (1989г.), “45” (1996г.), “Нічога больш” (2011г.), а таксама зборнікі “Берасцейскія карані” (1993г.), “Анталогія беларускага санета” (2002г.), літаратурны альманах “Жырандоля” (2013г.) і іншыя, дзе змешчаныя творы паэта. Алесь Каско вядомы як дзіцячы пісьменнік, таму на выставе былі размешчаны дзве кнігі для маленькіх чытачоў – “Усё чыстае нячыстага баіцца” (2001г.) і “Два сонцы” (2004г.). Былі і крытычныя выданні аб жыцці і творчасці А.Каско.

Паўтарагадзінная сустрэча прайшла, як кажуць, у цёплай абстаноўцы. Вядучыя, члены аматарскага аб’яднання “Ветразь надзеі”, Сац Ульяна і Новік Віалета, разказвалі аб творчым шляху паэта, які ўслаўляе родны кут, нашу Бацькаўшчыну, яе шчырых і адкрытых душой і сэрцам людзей. Чытальнікі Новік В., Сац У., Пратасюк М.В., Лучыц М.П., Панятоўская Г.В. прачыталі вершы “О, лёс мой, выказацца дай…”, “Малітва”, “Дзіўна жыць”, Рэдкі настрой”, “Зноў я дома, дома, дома…”, верш прысвечаны Нілу Гілевічу “Паэт-рака” і іншыя. Алесь Канстанцінавіч расказаў таксама пра свае кнігі. Адказаў на пытанні прысутных, якія датычыліся да яго творчасці, так і агульных аспектаў літаратурнага працэсу. Пісьменнік перадаў ў дар свае кнігі з аўтографамі і пажаданнямі не толькі бібліятэцы, але і чытачам. Сустрэўся з мясцовымі пісьменнікамі Святланай Пятроўнай Раманюк і Янінай Антонаўнай Альшэўскай і яны абмяняліся думкамі. Прысутнічала шмат чытачоў, якія засталіся задаволеныя гэтай сустрэчай. Якімук Алег Пятровіч выказаў сваю удзячнасць за яго разважанні аб складаным узаемадзеянні асобы стваральніка і сутнасці мовы.