25 сакавіка 2016 года ў раённай бібліятэцы адбыўся літаратурны вечар «Музу я прыманьваю адзінотай і хітрай паляшуцкай усмешкай», з берасцейскім пісьменнікам, паэтам, фатографам, лаўрэатам прэміі ім. Ул. Калесніка і сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесем Паплаўскім.

IMG 4857Алесь Паплаўскі – аўтар трох паэтычных зборнікаў: «Спынены лістапад», «Незваротнасць», “Скрыжалі душы”, а таксама кніжак прозы «Тэрыторыя скразнякоў», “Пастка для рэха”. 

Алесь (Аляксандр Феадосавіч) Паплаўскі нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Мазуры Кобрынскага раёна. Пасля заканчэння ў 1975 годзе Шамятоўскай сярэдняй школы вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме. У 1988 годзе скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”. Працаваў у лясгасах Гарадзеншчыны і Брэстчыны. Зараз жыве і працуе ў Брэсце.

Пад час сустрэчы, якая доўжылася каля 2 гадзін, атрымаўся цікавы, шчыры дыялог пісьменніка з чытачамі. Аўтар распавёў пра сябе, сваю творчасць, выканаў песні пад гітару, а таксама песню на верш Алеся Каско на сваю музыку.

Пра творчы шлях А. Паплаўскага дапоўніў пісьменнік Алесь Каско і брэсцкі журналіст і перакладчык Яўген Бяласін. Напрыканцы сустрэчы пісьменнік адказаў на некалькі пытанняў слухачоў.