Жыццё людское –  непаўторны дар,
                                   дзе кожны дзень і творчасць, і натхненне.
                                                                                                                                                            А. Звонак.
 

Жабінкаўская зямля дала беларускай літаратуры цэлую плеяду таленавітых пісьменнікаў. Аматары прыгожага слова з задавальненнем чытаюць вершы Васіля Сахарчука, Васіля Гадулькі, Алеся Каско, Івана Арабейкі і Алены Жабінкаўскай.

21 красавіка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з чалавекам, у асобе якога гарманічна спалучыўся талент педагога і журналіста, пісьменніка і перакладчыка, з паэтам, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, нашым знакамітым зямляком Расціславам Мацвеевічам Бензяруком. Ў чытальнай зале прысутнічалі вучні 8 “А“ і 9 “А“ класаў СШ № 3, а таксама паклоннікі творчасці пісьменніка, якому выпала нарадзіцца на Жабінкаўскай зямлі, гэтай жа зямлі, зямлі продкаў, ён застаўся верны на ўсё жыццё.

Кожная размова з цікавым чалавекам не проста ўносіць разнастайнасць у наша жыццё, але і ўзбагачае нас духоўна. На творчай сустрэчы гаворка вялася пра новую кнігу прозы Расціслава Мацвеевіча «Дуб і жалуды», якая выйшла у выдавецтве «Альтернатива» ў 2014 годзе. Кнігу ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі: першая – раман «Векавая груша за акном», другая – Палескі «Дэкамерон», якая складаецца з аповесці «Дуб і жалуды» і апавяданняў. Раман «Векавая груша за акном» распавядае гісторыю пра цяжкі лёс адной вялікай сям’і. Апавяданні – цікавыя, яркія, вобразныя. Ўся кніга напісана вельмі шчыра, жывым, прыгожым языком, з тонкай іроніяй і цудоўным гумарам, які часам вымушае смяяцца ад душы, а іншым разам пакідае лёгкі сум. З цеплынёй, пяшчотай і сынавай любоўю пісьменнік расказвае пра свой край і блізкіх сэрцу людзей. Паказвае праз непаўторнасць палескіх краявідаў карціну роднай зямлі.

Мерапрыемства атрымалася вельмі шчырым і цёплым. Пісьменнік адказваў на цікавыя пытанні чытачоў не толькі пра новую кнігу прозы “Дуб і жалуды”, але і пра ўсю сваю творчасць. Прыхільніца таленту Расціслава Бензярука, Маргевіч Раіса Міхайлаўна, прачытала яго вершы, падзякавала не толькі Расціслава Мацвеевіча за цікавыя творы, але і яго сына – пісьменніка, краязнаўца, журналіста Анатоля Расціслававіча.