«Хацелася б, каб паэзія

                                                                       больш займалася прыгажосцю свету,

                                                                       прыгажосцю душы, прыгажосцю

                                                                       чалавечых адносін…»
                                                                                                             Бураўкін Г.

   Для навучэнцаў 10-х класаў СШ № 3 і 11-х класаў ліцэя г. Жабінкі 1-га верасня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы праведзена мерапрыемства - літаратурны аўтограф «Паміж зямным гарэннем і вечным святлом», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна.
   Вядучыя мерапрыемства расказалі пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага паэта, які ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Беларусі, прайшоўшы шлях ад простага вясковага хлопца, журналіста-пачаткоўца, да галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», кіраўніка на беларускім тэлебачанні, дэпутата Вярхоўнага Савета, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН. Але галоўнае – Генадзь Мікалаевіч быў Паэтам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, шматлікіх іншых узнагарод, аўтарам дзясяткаў зборнікаў, якія сталі нашай нацыянальнай каштоўнасцю, класікай беларускай літаратуры.
   Пад час мерапрыемства гучалі песні на словы Г. Бураўкіна і вершы. Вядучыя выкарысталі цікавыя відэаматэрыялы пра паэта.
   Кнігу сваіх апошніх вершаў Генадзь Бураўкін назваў «Нагаварыцца з зоркамі». Ён гаварыў з імі на зямлі – цяпер размаўляе ў небе…
  «Паэзію Г. Бураўкіна трэба чытаць душою, таму што Бураўкін не піша вершы, а дыхае імі»,- гаварыў Рыгор Барадулін.
Ты, мой народ, мяне не папракнеш:
Я ўсё табе аддаў — Жыццё і сілы…