bagdanovich1У чытальнай зале Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавана выстава літаратуры «І вее верш мой дзіўнай казкай…», якая прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Багдановіча (1891-1917).

У кожнага народа ёсць асобы, якімі ён асабліва ганарыцца. Не з’яўляюцца выключэннем і беларусы. На нятленным палатне нашай гістарычнай памяці залатымі літарамі напісана імя Максіма Багдановіча, які магутнасцю свайго таленту дасягнуў вяршынь майстерства, стаў прызнаным класікам беларускай літаратуры.

Выстава прадстаўлена ў чатырох раздзелах.

Першы – «А сэрца імкнецца да Бацькоўскага краю…» У гэтым раздзеле прадстаўлены зборнікі вершаў аб Радзіме. bagdanovich«Беларусь была для Максіма Багдановіча надзеяй і ратункам. Яна давала яму сілы жыць, перамагаць нягоды, натхняла на творчы подзвіг», - М. Барсток.

У другім раздзеле «Буду сніць днямі і начамі…» сабраны вершы інтымнай лірыкі. Вершы Максіма Багдановіча аб каханні кранаюць сваей глыбокай задушэўнасцю, душэўнай чысцінёй, праўдзівасцю выказаных пачуццяў.

Трэці раздзел выставы носіць назву «З прыродай зліўшыся душой…» Вершы пра прыроду займаюць важнае месца ў творчасці Максіма. Свет прыроды, бясконца разнастайны ў сваіх формах, гуках і фарбах, любой парой года і ў любы час дня і ночы хваляваў паэта.

У апошнім раздзеле «І зорка гарыць і не вяне вянок…» сабраны даследванні творчасці пісьменніка і біяграфічныя матэрыялы аб паэце, напісаныя вядомымі беларускімі даследчыкамі і літаратарамі.

Да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча таксама прымеркавана і віртуальная выстава з аднайменнай назвай, якая змешчана на нашым сайце.

Запрашаем усіх жадаючых дакрануцца да творчасці вялікага беларускага паэта Максіма Адамавіча Багдановіча!