17 ліпеня 2018 года ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся вечар-партрэт «Мяне няма, але я ёсць адсутны …», прысвечаны 65-годдзю з дня нараджэння Васіля Якаўлевіча Сахарчука.

 

 

 


«…Усё на свеце выпадкова, апроч зямлі,
дзе гукі найзванчэйшай мовы
праз сэрца прараслі.
Усё на свеце выпадкова, апроч
дарогі той, што стала сэрцам і асновай,
і сутнасцю маёй…»
В. Сахарчук «Чысціня»

Вядучыя мерапрыемства Таццяна Раманава і Валянціна Славуціч пазнаёмілі чытачоў з жыццёвым і творчым шляхам паэта. Бязумоўна, біяграфія паэта у яго вершах. Чытачы цёпла прымалі вершаваныя яго зборнікі, кнігі перакладаў. У час мерапрыемства гучалі вершы паэта — «Жабінка», «Песня вандроўніка», «Калядная сцюжа», «Балада памяці» і інш. Сапраўды, кожны раз, прачытваючы інтэлектуальную лірыку Васіля Сахарчука, душу нашу кранаюць яго радкі сваей тугой і самотай, прыгажосцю і меладычнасцю.

Гледачам было прыемна паслухаць песню на словы Васіля Сахарчука «Халадок недавер» (музыка П. Карнеева) ў выкананні жабінкаўскай спявачкі Ірыны Віткоўскай і пагдядзець відэакліп на кампазіцыю «Чысціня» (Ўсё на свеце выпадкова) у выкананні ансамбля «Сябры». Народны хор ветэранаў «Тонус» (г. Жабінка) выканаў песні, прысвечаныя памяці паэта. 

Прыемна адзначыць, што на літаратурнай сустрэчы прысутнічалі людзі, якія сустракаліся на шляху Васіля Сахарчука, дзялілі з ім свае думкі і дні, з кім зводзіў яго лес, і хто сэрцам помніць паэта. Прыехалі госці з Брэста: Леанід Георгіевіч Філатаў - пісьменнік, педагог, публіцыст (псеўданім - Аляксей Філатаў) і журналіст, крытык - Уладзімір Уладзіміравіч Барысюк. Вечар наведалі і мясцовыя пісьменнікі - Расціслаў і Анатоль Бензярукі, кожны з іх падзяліўся успамінамі пра паэта. Доўгі час разам з Васілём Якаўлевічам у рэдакцыі «Сельская праўда» працавала Тамара Мікалаеўна Лісічык, яна згадала, якім паэт быў на працы. Напрыканцы вечара жонка паэта Людміла Іванаўна падзякавала ўсім за памяць пра свайго мужа, мастака прыгожага паэтычнага слова. 

Згарэла, знікла зорка Паэта, але мы памятаем пра яго… З радасцю ў сэрцы хочацца адзначыць, што новай вуліцы індывідуальнай жылой забудовы «Абрамавічы 1» прысвоена імя Васіля Сахарчука, гэта даніна памяці жабінкаўцаў паэту. 

Цябе няма, але ты ёсць – адсутны
На час, які ўжо знаеш толькі ты
Цябе няма, як нас няма ў тым сьвеце,
Якога мы няведаем яшчэ.
Тысветам стаў, які халодна свеціць
У ціхае слязіне на шчацэ…

Віктар Шніп