yanlen

18 лістапада ў Ленінскай сельскай бібліятэцы адбылося свята кнігі “Пад крылом праменнае Радзімы”, прысвечанае 70-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.
“Паэтка міласцю Босскай” – так удзячныя прыхільнікі ўзнеслага слова і вялікага таленту называюць адну з ярчэйшых зорачак беларускага паэтычнага небасхілу – Яўгенію Іосіфаўну Янішчыц. 20 лістапада 2018 года той, што хвалюючым словам кранала самыя патаемныя куткі сэрца чалавечага, споўнілася б 70 год.


У ходзе мерапрыемства вядучая пазнаеміла прысутных са знакавымі датамі жыцця і творчасці беларускай паэткі. Інфарматыўная камп’ютэрная прэзентацыя паведаміла аб малой Радзіме Яўгеніі, яе сябрах і настаўніках, вучобе ва ўніверсітэце, шчаслівай сям’і і каханні.У памяшканні гучалі песні на словы Яўгеніі Янішчыц, удзельнікі свята дэкламавалі свае любімыя вершы “палескай ластаўкі”, дзяліліся думкамі і пачуццямі, выкліканымі ўзнеслымі і летуценнымі радкамі.
Чалавек даўно пайшоў да Бога, а людзі і сёння збіраюцца разам, каб пачуць словы яго, дакрануцца да яго сэрца – ці не гэта лепшая ўзнагарода для творцы на Зямлі? Словы-зярняткі паэзіі Яўгеніі Янішчыц, шчырыя і спагадлівыя, трапяткія і задуменныя, прараслі дабрыней і чалавечнасцю ў душах людзей – і след іх не згасне ніколі.