17 кастрычніка 2019 года ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы да 50-годдзя з дня заснавання ВІА «Песняры» адбыўся музычны калейдаскоп «Спадчына «Песняроў» для вучняў 8 класа ДУА «СШ № 1 г. Жабінкі» і вучняў ДУА «Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа–інтэрнат». 

Вядучыя, супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, Андрасюк Ю.Г. і Славуціч В.А., пазнаёмілі прысутных з жыццёвым і творчым шляхам беларускага артыста, спявака, кампазітара, народнага артыста СССР і Беларусі, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага ВІА «Песняры» – Уладзіміра Мулявіна.

«Песняры» – першы эстрадны калектыў былога Савецкага Саюза, які выехаў на гастролі на Захад і меў грандыёзны поспех. Першыя пласцінкі выходзілі вялізнымі тыражамі, усяго на фірме грамзапісу «Мелодыя» выпушчана 8 вінілавых дыскаў гэтага ансамбля. У 1982 годзе «Песняры» сталі першымі ўладальнікамі «Залатога дыска» фірмы «Мелодыя».