Аб той зямлі, дзе ты нарадзіўся

11 лістапада ў Жабінкаўскай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная гасцёўня «Аб той зямлі, дзе ты нарадзіўся», прымеркаваная да 85-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці.

У першым аддзяленні мерапрыемства прысутныя на сустрэчы навучэнцы 11 «Б» класа ліцэя і настаўніца В.В. Андрусенка дакрануліся да паэтычнага слова нашых землякоў – Уладзіміра Кітаеўскага, Васіля Гадулькі і Алеся Каско. Вядучыя мерапрыемства Марыя Пратасюк і Надзея Юхімук нагадалі асноўныя моманты біяграфіі аўтараў, іх творчага і жыццёвага шляхоў. Ва ўтульная зале прагучалі вершы паэтаў у выкананні Марыі Пратасюк і ў запісы Алеся Каско.

У другім аддзяленні літаратурнай гасцёўні выступілі ганаровыя госці, члены кобрынскага літаратурнага клуба «ПоэтиКо» пры Брэсцкім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першай слова ўзяла кіраўнік клуба, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Кандрашук. Паэтка расказала пра сваю творчасць і адказала на пытанні, прэзентавала зборнікі і прадэкламавала любімыя вершы. Другая госця – Лара Клімук – піша казкі для маленькіх, з якімі цяпер змогуць пазнаёміцца наведвальнікі дзіцячай бібліятэкі, бо атрымалі некалькі кніг у падарунак. Яшчэ адна таленавітая аўтарка – Марына Міхалюк – акрамя паэзіі займаецца вырабам магнітаў, эскізамі для якіх сталі яе ўласныя малюнкі. Самыя актыўныя ўдзельнікі гутаркі атрымалі ў падарунак кніжныя закладкі з чатырохрадкоўямі паэтак.

Літаратурны клуб «ПоэтиКо» ў гэтым годзе адсвяткаваў свой першы маленькі юбілей – пяць гадоў існавання. Вядучыя і прысутныя пажадалі клубу творчых поспехаў, цікавых сустрэч і ўзнагародзілілі выступаючых бурнымі апладысментамі.