“…Васільком у небе Беларушчыны
назаўсёды застанецца Быкаў!”
Рыгор Барадулін
19 чэрвеня 2024 года – адметная дата для айчыннай і сусветнай літаратуры. У гэты дзень, роўна сто год таму, на літаратурным небасхіле Беларусі нарадзіўся “васілёк” – знакаміты беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст, аўтар ваеннай прозы Васіль Уладзіміравіч Быкаў.
З нагоды знакавай падзеі ў Жабінкаўскай раённай бібліятэцы праведзены відэалекторый “Усё магчыма перажыць, калі ёсць сябар”. Прысутныя, вучні 10 “В” класа ліцэя, даведаліся, адкуль пайшло прозвішча Быкава, чаму яго называлі “чалавекам, які выжыў”, пазнаёміліся з ваенным лёсам Васіля Уладзіміравіча, які аказаў вырашальны ўплыў на яго творчасць.
Госці бібліятэкі абмяркавалі характар і ўчынкі герояў Васіля Быкава з пазіцый дня сённяшняга, пазнаёміліся з кінаінтэрпрэтацыяй аповесцей “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”. “Паэмай у прозе” назвалі крытыкі гісторыю барацьбы і кахання Івана і Джуліі. З такой ацэнкай згадзіліся і прысутныя, прачытаўшы ліст Джуліі да землякоў Івана.
Вядучыя мерапрыемства Юхімук Надзея і Пратасюк Марыя распавялі наведвальнікам пра яшчэ аднаго ураджэнца Ушаччыны – Рыгора Барадуліна, сяброўскія адносіны з якім Быкаў захаваў на ўсё жыццё, і раскрылі сакрэт, што звязвала Васіля Уладзіміравіча з Маркам Шагалам, мастаком і таксама земляком.
Да мерапрыемства падрыхтавана кніжная выстава “Чалавек, які выжыў”, дзе былі прадстаўлены асноўныя творы Васіля Быкава.