Гама для дваіх, ці Несур’ёзна пра сур’ёзнае

“Кім ні быў бы ты, чалавеча,
І якая твая вышыня,
Ведай: толькі ўратуе і злечыць
Нас адзінае – Дабрыня.”
Расціслаў Бензярук “Дабрыня” 

Жыве на Жабінкаўскай зямлі вельмі светлы і добры чалавек – Расціслаў Мацвеевіч Бензярук. Ён піша вершы, загадкі, расказы для дзяцей і дарослых.

18 чэрвеня ў Жабінкаўскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай літаратурнай працы пісьменніка – кнігі гумара і сатыры “Гама для дваіх”Ва ўтульнай чытальнай зале сабраліся аматары творчасці, сябры, родныя і блізкія пісьменніка, каб падзяліць з ім радасць ад важнай падзеі ў яго творчым лёсе – з’яўленні новага твора.

Гутарка пачалася з пытання аб назве: чаму менавіта “Гама для дваіх”? Расціслаў Мацвеевіч расказаў пра сваю натхняльніцу – дзіцячую песенку “До-рэ-мі-фа-соль-ля-сі”, падзяліўся, як да яго прыйшла ідэя гумарыстычнага зборніка, адзначыў, што кожны верш і гумарэска пісаліся з задавальненнем, таму ўсе творы для яго – любімыя.

Вершы першай часткі кнігі, “Вясёлай азбукі”, суправаджаюцца радкамі з твораў паэтаў, прозвішча якіх пачынаюцца на адпаведную літару. Расціслаў Мацвеевіч з гонарам распавёў, што аўтарам спадабаўся такі літаратурны прыём.

Першым з гасцей слова ўзяў журналіст, гісторык, прадаўжальнік пісьменніцкай дынастыі Анатоль Расціслававіч Бензярук. Сын адзначыў, што для яго гонар – мець такога бацьку, расказаў некальці цікавых момантаў з сумеснай творчай працы і пажадаў Расціславу Мацвеевічу і надалей упрыгожваць літаратурны небасхіл сваім талентам.

Галоўная захавальніца “сямейнага ачага” Вольга Рыгораўна Бензярук раскрыла прысутным сакрэт: як гэта – быць жонкай і маці творчых людзей, ствараць у хаце ўтульную і натхняльную атмасферу. Вольга Рыгораўна прадэкламавала любімы верш, напісаны мужам, “Тры свечкі”.

Ганаровы госць і калега, старшыня Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза пісьменнікаў Таццяна Антольеўна Дземідовіч падзялілася ўражаннямі ад новага зборніка, які яе не проста захапіў як чытача, але і выклікаў шмат цікавых думак і разважанняў. “Нездарма кніга “Гама для дваіх” выдана ў серыі “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”, – падкрэсліла старшыня.

Даўні сябар бібліятэкі Раіса Міхайлаўна Маргевіч выказала думку аб грамадзянскай значнасці творчасці Расціслава Мацвеевіча ў выхаванні маладога пакалення, фарміраванні пачуцця патрыятызму і гонару за сваю Радзіму.

Да віншаванняў далучыўся старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатоль Аляксандравіч Старыцкі, які пажадаў, каб падрастаючае пакаленне сям'і – дзеці Алены Міхайлаўны і Анатоля Расціслававіча – працягнулі справу сваіх родзічаў.

Сапраўдны сюрпрыз для Расціслава Мацвеевіча падрыхтавала сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік Кобрынскага літаратурнага клуба “Паэтыка” Кандрашук Наталля Пятроўна. Спецыяльна для мерапрыемства яна напісала верш, у якім “схава́ла” адзінаццаць твораў Расціслава Бензерука. Госці падцвердзілі званне знаўцаў творчасці пісьменніка-земляка, з лёгкасцю адшукаўшы ўсе назвы.

Разам з Наталляй Пятроўнай прыехала гераіня вершу “Вясёлай азбукі” на літару “П” – Валянціна Васільеўна Пігас. Яна прадэкламавала прысутным свой верш, які натхніў Расціслава Мацвеевіча, і падзякавала пісьменніку за ўвагу да яе творчасці.

Яшчэ адна дзеючая асоба “Вясёлай азбукі”, брэсцкая пісьменніца Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк, павіншаваўшы аўтара з выхадам новай кнігі, падаравала сабрату па пяры свой новы зборнік.

Супрацоўніца Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Ірына Сцяпанаўна Фаміна прысвяціла Расціславу Мацвеевічу свой новы верш, а жабінкаўскім калегам-бібліятэкарам прэзентавала зборнік эсэ “Мімалётнасць”.

Сталы чытач раённай бібліятэкі Уладзімір Ханонавіч Лапус выказаў аўтару прэзентуемай кнігі глыбокую ўдзячнасць за яго творчасць. “Расціслаў Мацвеевіч – яскравы прыклад не толькі таленавітага, але і сумленнага і працавітага чалавека, яго жыццёвы і творчы шляхі могуць служыць узорам для пераймання будучымі пакаленнямі”, – падкрэсліў Уладзімір Ханонавіч.

Пастаянны ўдзельнік літаратурна-музычных мерапрыемстваў гітарыст Аляксандр Мікалаевіч Рыб’якоў выканаў для прысутных песню Анатоля Вярцінскага.

У завяршэнне сустрэчы, узяўшы слова ў адказ, Расціслаў Мацвеевіч падзякаваў за ўвагу, падзяліўся творчымі планамі, якіх у пісьменніка яшчэ шмат.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства гасцей чакаў сюрпрыз – салодкі стол, на якім сябры і блізкія Расціслава Мацвеевіча Бензерука з задавальненнем пагутарылі ў нефармальнай абстаноўцы.