Мова родная мая

Мова родная мая

21 лютага ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы супрацоўнікі Хмелеўскіх сельскіх бібліятэкі, Дома культуры і сярэдняй школы правялі сумеснае свята “Родная мова – крыніца натхнення”.

Вядучыя бібліятэкар Ала Мікуц і загадчык ДК Таццяна Грыцук звярнулі ўвагу прысутных на багацце, сакавітасць, мілагучнасць, самабытнасць нашай роднай беларускай мовы і падцвердзілі гэта радкамі вершаў знакамітых беларускіх паэтаў.

Сабраныя даведаліся аб гісторыі святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, аб тым, што ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, палова з іх пад пагрозай знікнення. Мы павінны берагчы і шанаваць нашу РОДНУЮ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ, бо яна як песня, як крыніца, з якой чэрпаюцца словы.

Узорны дзіцячы калектыў “Дараносіца” Хмелеўскага СДК выканаў беларускія народныя песні і танцы. Госці свята спрабавалі свае сілы ў конкурсе “Кошык з загадкамі” і інтэрактыўнай гульні “Пераклад слоў”, дзе патрэбна было адгадаць, на якой мове размаўляюць у названых краінах. Супрацоўнікі школы падрыхтавалі конкурс чытальнікаў твораў беларускіх паэтаў, у якім прынялі ўдзел: Галоўчык Раман, Гойка Дзмітрый, Блядай Аляксандр, Дзенісюк Мілана, Зіміна Святлана, Ількіў Настасся, Ківель Васіліна, Ківель Малання, Каўрыгіна Ганна, Кушнерук Настасся, Шаўчук Канстанцін.

Журы ўлічвала майстэрства выканання, выразнасць, артыстызм, і па выніках паэтычнага конкурса лепшымі вызначаны Шаўчук Канстанцін з вершам Адама Русака “Мой край”, Зіміна Святлана з вершам Пімена Панчанкі “Бацькаўшчына” і Блядай Аляксандр з творам Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”. Удзельнікі і пераможцы конкурсу атрымалі граматы і памятныя прызы, а ўсе прысутныя – зарад бадзёрасці і добрага настрою.

Да мерапрыемства бібліятэкар падрыхтавала кніжную выставу “Мова родная мая”.