Попел Драмлёва стукае ў сэрца

Попел Драмлёва стукае ў сэрца

12 верасня ў Жабінкаўскай ЦРБ прайшла гадзіна краязнаўства “Попел Драмлёва стукае ў сэрца…”, прысвечаная 80-годдзю з дня трагедыі ў вёсцы Драмлёва.

Гадзіна краязнаўства распачалася вершам “Тепло. Как будто осень посетила лето» пад гукі “Рэквіема” Моцарта ў выкананні вядучых, бібліятэкарак Пратасюк Марыі і Піваварук Кацярыны. З відэапрэзентацыі ўдзельнікі мерапрыемства з хваляваннем даведаліся, колькі весак і людзей на Беларусі спасціг горкі гнёт гітлераўскай навалы.

Жорсткія, але праўдзівыя словы інтэрв’ю-споведдзі выжыўшых сведкаў і ахвяр трагедыі – Віталя Чахлова і Васіля Вашчука – дазволілі прысутным нібыта на свае вочы пабачыць жудаснае відовішча, адчуць апаляючы подых полымя і бязлітасць катаў.

Гледачы здзейснілі віртуальную экскурсію ў мемарыяльны комплекс Драмлева, даведаліся аб гісторыі ўзнікнення помніка, пра жалобныя мітынгі, на якія кожны год збіраюцца сотні людзей, з цікавасцю прагледзелі і абмеркавалі тэматычны відэаролік, падрыхтаваны супрацоўнікамі бібліятэкі.

Вядучыя прэзентавалі бібліяграфічны дапаможнік “Попел Драмлёва стукае ў сэрца” (складальнік – Карпішчук М.В., афарміцель – Ліпская Ю.В.), у якім прадстаўлены спіс літаратуры, з якой можна даведацца аб усіх падрабязнасцях драмлеўскай трагедыі. На выставе “Без срока давности» гледачы пазнаёміліся з выданнямі, якія распавядаюць пра цяжкі гістарычны лёс Беларусі, якая не аднойчы станавілася крывавай арэнай для іншаземных захопнікаў.