Забыць такое немагчыма

Забыць такое немагчыма

21, 22 і 23 сакавіка ў Жабінкаўскай раёнай бібліятэцы адбыўся літаратурны набат “Забыць такое немагчыма”, прымеркаваны да 80-годдзя трагедыі вёскі Хатынь.

Бібліятэку наведалі вучні 9 “В” класа СШ № 1 з настаўніцай Мядзведзь М.А., 8-га класа школы-інтэрната з настаўніцай Власюк А.Н, 10 “Б”, 11 “А” і 11 “В” класаў ліцэя з настаўніцамі Пратаковіч Н.Н., Чарнецкай Э.В. і Юрчук А.В.

Мерапрыемства адкрылі пранізлівыя радкі верша А. Вярцінскага “Я перад вамі з памяццю сваёй”. Разам з вядучымі Марыяй Пратасюк і Аляксандрай Таўкачовай вучні і дарослыя ўзгадалі жудасныя падзеі 22 сакавіка 1943 года, імёны жывых сведкаў трагедыі і бацькоўскае гора каваля Іосіфа Камінскага, здзейснілі віртуальнае падарожжа ў мемарыяльны комплекс “Хатынь” з дапамогай відэапрэзентацыі.

Верш мясцовага паэта Васіля Сахарчука “Балада памяці” нагадаў прысутным аб яшчэ адной з 185 “сясцёр” Хатыні – вёсцы Драмлёва, якую гітлераўцы знішчылі 11 верасня 1942 года. Гасцям мерапрыемства прадэманстраваны відэаролік “У памяці назаўсёды”, падрыхтаваны супрацоўнікамі бібліятэкі да 80-годдзя з дня трагедыі драмлёўцаў. Памяць загінуўшых прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Жудасная тэма спаленых вёсак знайшла сваё адлюстраванне і ў мастацкай літаратуры. На падрыхтаванай выставе “Няхай памятаюць жывыя” бібліятэкары прэзентавалі выданні, прысвечаныя гэтай тэме, а таксама дакументы і газетныя артыкулы – маўклівыя сведкі страшэннага мінулага. Сярод іх асаблівае месца займаюць кнігі Алеся Адамовіча “Хатынская аповесць” і “Я з вогненнай вёскі…” (апошняя ў сааўтарстве з У. Калеснікам і Я. Брылём).

Хатынская трагедыя навекі захаваецца ў людской памяці і ў сэрцах кожнага новага пакалення. Беларускі народ ніколі не забудзе тых, хто загінуў.