Жыві ў вяках, беларускае слова!

Жыві ў вяках, беларускае слова!

23 лютага ў Жабінкаўскай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная гадзіна “Чытаем па-беларуску”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Госці мерапрыемства, вучні 7-га і 11-га класаў СШ № 1, даведаліся чаму Дзень роднай мовы святкуецца менавіта 21 лютага. Вядучыя, Марыя Пратасюк і Аляксандра Талкачова, пазнаёмілі прысутных з цікавымі фактамі з гісторыі беларускай мовы і яе сучасным становішчам у нашай краіне.

Немагчыма адлюстраваць каштоўнасць і значнасць роднай мовы без згадкі пра беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Трапяткія і светлыя, праніклівыя і ўзнеслыя, мілагучныя і яскравыя радкі Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі ў выкананні Галіны Дулевіч перанеслі навучэнцаў у казачны мір цудоўных беларускіх казак і легенд, грознага рокату Белавежскай пушчы і ласкавай мелодыі матчынай калыханкі – усяго таго, з чым неразрыўна звязана роднае слова.

“Завітаў” на літаратурную гадзіну і “Вожык” – гумарыстычны часопіс, вядомы кожнаму і малому, і даросламу беларусу. Вяселы смех выклікала ў зале мініяцюра “Ну, мужыкі…” Нэлі Тулупавай у выкананні Ірыны Ганчар. Гумарэска стала своеасаблівым віншаваннем юнакам з нагоды Дня абаронцаў Айчыны.

У завяршэнне сустрэчы ўрачыстыя словы песні “Малітва” ў выкананні Уладзіміра Мулявіна нагадалі прысутным аб неабходнасці абараняць і захоўваць духоўны скарб краіны, адной з неад’емных частак якога з’яўляецца наша родная беларуская мова.