Філіпук Іван Дзмітрыевіч
Філіпук Іван Дзмітрыевіч

Іван Дзмітрыевіч Філіпук нарадзіўся 12 ліпеня 1908 года ў вёсцы Шчэглікі Кобрынскага павету Гродзенскай губерні (цяпер Ленінскі сельсавет, Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.

17-гадовым юнаком Іван устаў разам з братамі Філіпам і Пракопам на шлях барацьбы за вызваленне народа Заходняй Беларусі ад нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Малады рэвалюцыянер вёў сярод насельніцтва агітацыю за звяржэнне антынароднага ладу, расклейваў лістоўкі, якія заклікалі да барацьбы супраць дзеючага рэжыму, арганізоўваў тайныя сходкі, маёўкі.

У 1927 годзе Іван Філіпук (псеўданім «Чорны») уступіў у рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ва ўмовах глыбокага падполля, неўзабаве пачаліся масавыя вобыскі і арышты. Вясной 1928 года затрымалі і Філіпука па дарозе з Жабінкі ў Шчэглікі. Яго абшукалі і знайшлі скрутак, у якім аказаліся трыста лістовак на рускай, беларускай і польскай мовах, некалькі экзэмпляраў газеты «Чырвоны сцяг», якую выдаваў ЦК КПЗБ, заклік «За ўз’яднанне!». Нягледзячы на бясспрэчныя ўлікі, Іван Дзмітрыевіч даваў следству выдуманыя паказанні. Не дабіўшыся прызнання і раскаяння ў антыўрадавай дзейнасці, польскі акруговы суд Пінска прыгаварыў I.Д. Філіпука да трох гадоў зняволення.

Турма і пастаянныя допыты не зламалі волі рэвалюцыянера. Вярнуўшыся дадому, Філіпук працягвае змагацца супраць польскай улады. Яго выбіраюць сакратаром Жабінкаўскага раённага камітэта КПЗБ.

У студзені 1932 года па даносу ў Шчэглікі награнула паліцыя якраз у той момант, калі ў хаце Рыгора Панасюка праходзіла пасяджэнне раённага камітэта. Усіх удзельнікаў на чале з I.Д. Філіпуком арыштавалі. У гэты раз яго асудзілі на пяць гадоў. 

У турме ён пазнаёміўся са многімі аднадумцамі, якія ідэйна загартавалі яго, навучылі метадам канспірацыі, грунтоўней падрыхтавалі да новых рэвалюцыйных дзеянняў. У 1938 годзе Іван Дзмітрыевіч зноў арыштаваны, але навучаны таварышамі па барацьбе, умела абараняўся, і яму так і не змаглі прад’явіць рэальнае абвінавачванне.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і ўстанаўлення савецкай улады Філіпук шмат сіл аддае будаўніцтву новага ладу жыцця. Працуе загадчыкам зямельнага аддзела Жабінкаўскага райвыканкама, часта сустракаецца з вяскоўцамі, дае сялянам грунтоўныя адказы на іх галоўнае пытанне: як быць з зямлёй, якую дала ім савецкая улада, па якім шляху ісці далей? Пры яго актыўным удзеле ў 1940 годзе створаны першы ў Брэсцкай вобласці калгас «Усход» (в. Шпіталі Сцяпанкаўскага сельсавета).

У гады Вялікай Айчыннай вайны – Іван Філіпук зноў у радах народных змагароў. Напачатку здабываў разведвальную інфармацыю для асобных партызанскіх груп, потым стаў актыўным сувязным партызанскіх атрадаў імя Чарнака, імя Фрунзе і імя Чапаева, перадаваў ім зброю, медыкаменты. Са снежня 1943 года па заданні партызанскага камандавання падтрымліваў сувязь з савецкай разведчыцай-радысткай Лідзіяй Андрэеўнай Базанавай (1920–1944), якая была закінута ў Брэст. Яна дзейнічала з дапамогай падпольшчыкаў (у яе групу ўваходзілі 12 чалавек), пад пазыўным «Птица» (з 2 сакавіка 1944 г. – «Горлица») перадавала інфармацыю у Цэнтр. І.Д. Філіпук рэгулярна забяспечваў яе звесткамі аб дыслакацыі і перамяшчэнні тэхнікі, умацаваннях фашысцкай арміі і інш. Аднойчы трэба было даставіць батарэі для перадатчыка, перапраўленыя з Масквы, – і сувязны, рызыкуючы жыццём, на возе, гружаным цэглай, перавозіць сілкаванне на брэсцкую кватэру Лідзіі Базанавай.

Вясной 1944 года радыстка і многія яе сувязныя схоплены гітлераўцамі і расстраляны. Іх лёс падзяліў і Іван Філіпук. Ноччу, 14 красавіка 1944 года, ён наведваў сваю сям'ю, і быў застрэлены, калі, выскачыўшы праз акно, стараўся схавацца ад немцаў, якія прыйшлі яго арыштаваць. Жонку і 14-гадовую дачку Марыю забралі ў Брэсцкую турмау. Праз нейкі час партызаны і блізкія людзі сабралі каштоўныя рэчы і выкупілі Філіпукоў. Па пацверджаннях былых партызан: Карпінчука Мацвея Якаўлевіча, Вайцюка Аляксандра Кандрацьевіча, Краўчука Мацвея Паўлавіча Іван Дзмітрыевіч застрэлены 10 мая 1944 года.

Пахаваны Іван Дзмітрыевіч Філіпук на радзіме – у в. Шчэглікі, на магіле усталяваны абеліск. Яго імем названа вуліца ў г.Жабінка, дзе таксама ёсць вуліца ў памяць Л.А. Базанавай.