
Рыгор Паўлавіч Шорах нарадзіўся 3 сакавіка 1930 года ў вёсцы Налезнікі Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Сцяпанкаўскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Нягледзячы на тое, што на яго дзяцінства і юнацтва выпалі цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, хлопчык імкнуўся да ведаў.
У 1948 годзе Рыгор скончыў сярэднюю школу, у 1954 – Мінскі медыцынскі інстытут. Пасля яго заканчэння працаваў загадчыкам Красінскім сельскім урачэбным участкам Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, затым хірургам раённай бальніцы.
У 1958 годзе малады ўрач паступіў у аспірантуру на кафедру факультэцкай хірургіі Мінскага медінстытута, дзе пад кіраўніцтвам вядомага прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР Пятра Мікалаевіча Маслава ў 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Диагностика и лечение почечной колики». Малады навуковец імкнуўся аб'яднаць тэарэтычныя веды з практыкай і з 1960 года па 1966 год працаваў асістэнтам, а ў 1966–1977 гадах – дацэнтам кафедры агульнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута, якую ў тыя гады ўзначальваў заслужаны дзеяч навукі УССР, прафесар Цімафей Ярамеявіч Гніларыбаў. У гэты час Рыгор Шорах пачаў актыўна друкавацца ў навуковых медыцынскіх часопісах.
Не жадаючы спыняцца на дасягнутым, Рыгор Паўлавіч пачынае працаваць над доктарскай дысертацыяй. Практычная хірургія, якой вучоны займаўся ўвесь час, пакладзена ў аснову навуковай працы на тэму «Хирургическое лечение непроходимости магистральных желчных протоков», якую Шорах бліскуча абараніў у 1975 годзе і атрымаў ступень доктара навук.
У 1977–1980 гадах працаваў на пасадзе дацэнта кафедры шпітальнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. Званне прафесара гэтай кафедры яму прысвоена ў 1980 годзе. У названы перыяд, нароўні з навучна-педагагічнай дзейнасцю, кіраваў лабараторыяй экстракарпаральнай дзетаксікацыі.
Неабходнасць атрымання ведаў агульнымі хірургамі, перш за ўсё па экстраннай хірургічнай паталогіі, стала асноўным аргументам прыняцця рашэння аб адкрыцці ў Беларускім дзяржаўным інстытуце ўдасканалення ўрачоў (БелДІУУ) першай у Рэспубліцы Беларусь кафедры неадкладнай хірургіі. У 1980 годзе кафедру арганізаваў і ўзначаліў доктар медыцынскіх навук Рыгор Паўлавіч Шорах. Вучёны 20 гадоў працаваў загадчыкам кафедры, ён не толькі выступаў з лекцыямі, але і публікаваў навуковыя працы, прымаў удзел у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, з'ездах медыкаў-хірургаў.
Загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у 1988 годзе Шорах Рыгор Паўлавіч назначаны старшынёй секцыі экспертнай камісіі па клінічнай медыцыне ў складзе Навукова-экспертнага савета Міністэрства аховы здароўя Беларускай ССР.
У 1993 годзе на базе клінікі неадкладнай хірургіі ўтвораны Мінскі гарадскі цэнтр па лячэнні гастрадуадэнальных крывацёкаў язвавай этыялогіі, навуковым кіраўніком якога стаў прафесар Шорах Рыгор Паўлавіч. Дзякуючы ягонаму асабістаму ўдзелу ў хірургічны арсенал цэнтра ўкаранёны радыкальныя органазахавальныя аперацыі на страўніку і дванаццаціперснай кішцы. Стварэнне цэнтра прывяло да зніжэння смяротнасці пры гастрадуадэнальных крывацёках ў шэсць разоў.
Прафесар Шорах з'яўляўся першапраходцам і актыўным прапагандыстам эндаскапічных метадаў дыягностыкі і лячэння вострых хірургічных захворванняў брушной поласцi, стаў першым беларускім хірургам, які 23 сакавіка 1993 года выканаў лапараскапічную халецыстытэктамію пры вострым халецыстыце. Гэты гістарычны факт вызначыў адно з новых напрамкаў работы кафедры.
Значным прагрэсам у органазахавальнай хірургіі печані і селязёнкі з’явілася актыўнае прымяненне высокаінтэнсіўнай лазернай тэхнікі і плазменнага скальпеля. Пад кіраўніцтвам Рыгора Паўлавіча створаны першы ў Рэспубліцы Беларусь Рэспубліканскі цэнтр лазернай хірургіі. На жаль, у далейшым было ліквідавана аддзяленне лазернай хірургіі ў гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі як арганізацыйнай структуры і базы цэнтра.
Асаблівай заслугай Рыгора Шорах варта лічыць ініцыятыву, арганізацыю і правядзенне з 1996 па 2000 гады штогадовых Рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый «Снежаньскія чытання па неадкладнай хірургіі» з выданнем зборнікаў навуковых прац. Асноўнай ідэяй канферэнцый з'явілася стварэнне ў рэспубліцы адзінага аптымальнага хірургічнага падыходу да вострай чэраўной хірургічнай паталогіі. Навуковыя зборнікі заканчваюцца практычнымі рэкамендацыямі, якія ўключаюць найбольш эфектыўныя дыягнастычныя, тактычныя і лячэбныя методыкі. У 1999 годзе супрацоўнікамі кафедры неадкладнай хірургіі створана першая ў Беларусі «Уніфікаваная праграма па неадкладнай хірургіі».
Пад навуковым кіраўніцтвам Рыгора Паўлавіча Шораха абаронена 5 доктарскіх і 9 кандыдацкіх дысертацый. Атрымана
8 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Ён аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку чатырох манаграфій: «Лазеры, плазменный скальпель в неотложной абдоминальной хирургии», «Острый холецистит: эндохирургические аспекты», «Язвенные гастродуоденальные кровотечения: тактика и лечение», «Острый деструктивный панкреатит». Яго працы неаднаразова друкаваліся ў медыцынскіх выданнях і дакладваліся на міжнародных, рэспубліканскіх кангрэсах, з'ездах, канферэнцыях. Многія гады Шорах з'яўляўся галоўным хірургам 4-га ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя, старшынёй навуковага таварыства хірургаў горада Мінска і Мінскай вобласці, намеснікам старшыні Савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па хірургіі.
У канцы 2010 года прафесар Рыгор Шорах уваходзіў у педагагічны склад кафедры неадкладнай хірургіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па цыклу «Неадкладная хірургія» і нароўні з вялікім аб'ёмам вучэбнай, навуковай і лячэбнай працы з'яўляўся членам рэдакцыйнага савета часопіса «Новости хирургии».
Дзейнасць заснавальніка і кіраўніка кафедры неадкладнай хірургіі, які стварыў хірургічную школу, прафесара Рыгора Шораха не засталася незаўважанай на самым высокім узроўні: ён атрымаў медаль Пірагова, у 1988 годзе узнагароджаны знакам «Выдатнік аховы здароўя СССР», у 1998 годзе яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь», а ў 1999-м ён абраны сапраўдным ганаровым акадэмікам Беларускай медыцынскай акадэміі.
Не стала Рыгора Паўлавіча Шораха 26 красавіка 2013 года.
Шляхам бацькі пайшлі дзеці. Сын, Сяргей Рыгоравіч Шорах, закончыў Мінскі дзяржаўны медінстытут, у 2003-м абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 2005 годзе навукоўцу-медыку прысвоена вучонае званне дацэнта, ён стаў аўтарам сямі патэнтаў на вынаходніцтвы. Сяргей Шорах – дзейсны сябра таварыства хірургаў-гепатолагаў Расіі і краін СНД, а таксама таварыства хірургаў Рэспублікі Беларусь.
Дачка, Ірына Рыгораўна Шорах, скончыла Мінскі дзяржаўны медінстытут, у 1989 годзе прайшла спецыялізацыю па ультрагукавой дыягностыцы ў акушэрстве і гінекалогіі ва Усесаюзным навукова-даследчым Цэнтре аховы здароўя маці і дзіцяці г. Масква. З 1996 года працуе на кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у 2005 годзе ёй прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя па ўльтрагукавой дыягностыцы. Мае больш за 40 друкаваных работ, 4 патэнты на вынаходніцтвы, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, больш за 50 дакладаў і выступленняў, у тым ліку і на міжнародных канферэнцыях і семінарах. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці: ультрагукавая дыягностыка ў акушэрстве і гінекалогіі.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram