Васілюк Андрэй Раманавіч
Педагог, заснавальнік і загадчык Рускай пачатковай школы ў Брэсце (1921–1939), адкрывальнік першай народнай бібліятэкі ў Жабінцы (1936)
Васілюк Андрэй Раманавіч

Андрэй Васілюк нарадзіўся 2 снежня 1888 года ў вёсцы Здзітава Брэсцкага павета (цяпер у складзе г. Жабінка Брэсцкай вобласці). З дзяцінства хлопчык адрозніваўся дапытлівасцю, імкненнем да ведаў і кніг.

Услед за Здзітаўскай пачатковай школай скончыў пачатковую школу павышанага тыпу ў мястэчку Супрасль Беластоцкага павета і Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Педагогамі былі дзядзькі Андрэя, браты бацькі, якія і захапілі ў прафесію. З 1908 года працаваў настаўнікам у в. Блудзень Пружанскага павета. З будучай жонкай Аляксандрай Іванаўнай Пользікавай разам настаўнічалі ў Бярозаўскім павеце. Адначасова малады выкладчык працягваў вучобу ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце, які закончыў у 1914 годзе, пасля чаго яго накіроўваюць на службу ў Ружанскае вышэйшае пачатковае вучылішча, а праз год – у чыгуначнае вучылішча ў Брэсце.

Падчас Першай сусветнай вайны, у жніўні 1915 года, вучылішча разам з настаўнікамі эвакуіруюць у Маскву. Перад ад'ездам Андрэй з Аляксандрай распісаліся. Неўзабаве Васілюка прызываюць у армію і адпраўляюць на фронт. Пасля дэмабілізацыі з войска ў 1917 годзе настаўнічаў у Маскве, паступіў на вячэрняе аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, скончыўшы яго ў 1920 годзе, накіраваны ў Разань. Выкладаў у чыгуначнай школе і адначасова быў губернскім інспектарам па народнай адукацыі. Калі паводле Рыжскай дамовы (1921) эвакуяваным жыхарам тэрыторый, якія адышлі да Польшчы, дазволілі вярнуцца, Васілюкі з’ехалі ў Брэст.

У 1921 годзе пры падтрымцы старшыні Рускага Дабрачыннага Таварыства (РДА), лекара шырокай практыкі Паўла Іосіфавіча Караля Андрэй Раманавіч арганізаваў пры рускай гімназіі працу рускай пачатковай трохкласнай школы, якая з 1934 года рэарганізавана ў 6-класную, і з’яўляўся нязменным загадчыкам усе 18 гадоў да яе закрыцця ў 1939 годзе.

Усе прыдатныя ўцалелыя пасля вайны будынкі польская ўлада нацыяналізавала пад свае ўстановы і школы. У гэтых умовах прыход Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы прадаставіў у бязвыплатнае карыстанне на сваім участку двухпавярховы каменны будынак і дзве падсобных пабудовы, у якіх першапачаткова і размясціліся рускія гімназія і пачатковая школа, выкладчыцкія і адміністрацыйныя кабінеты, бібліятэка, дзіцячы сад.

Рускія навучальныя ўстановы неаднаразова падвяргаліся ўціскам з боку ўлад. Апошнім іх патрабаваннем было размяшчэнне класаў да пачатку новага навучальнага года ў памяшканне з калідорнай сістэмай з пагрозай закрыцця гімназіі. За ліпень і жнівень да існаваўшай пабудовы, дзе размяшчалася зала, якая служыла для ўладкавання баляў і гімнастычных практыкаванняў, прыбудавалі двухпавярховы драўляны дом літарай «Г», а ў даўжыню ўсяго будынка – калідор. У 1931 годзегімназія і школа пераехалі ў новы корпус. Куток каля брацкай царквы, дзе знаходзіўся комплекс гімназічных будынкаў, з’яўляўся цэнтрам усяго жыцця даволі шматлікага рускага насельніцтва ў Брэсце.

Абедзве навучальныя ўстановы былі каэдукацыйнымі, г.зн. для сумеснага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак, фінансаваліся за кошт платы за навучанне і сродкаў Рускага Дабрачыннага Таварыства. Па заканчэнні пачатковай школы вучань трымаў экзамен у першы клас гімназіі.

Андрэй Рамановіч быў дзейным і адданым сваёй справе чалавекам, які прысвячаў увесь час школе. На ўроках нават самую сумную тэму ён падносіў ярка і цікава. Да сярэдзіны трыццатых гадоў большасць вуліц горада не мелі асвятлення, і настаўнік пасля ўрокаў разводзіў дзяцей па хатах: Кіеўка, Граёўка, Валынка. Акрамя таго, што патрабавала стандартная праграма, Васілюк стараўся даць дзецям эстэтыку, далучыць да мастацтва, арганізоўваў самадзейныя спектаклі, сам выходзіў на сцэну. Аматарскія пастаноўкі карысталіся немалым поспехам, збіраючы гледачоў усіх веравызнанняў. На школьных вечарах і калядных ёлках Андрэй Рамановіч задзейнічаў усіх вучняў без выключэнняў, даючы выказаць сябе ўсім. Змесціва падарункаў для дзяцей набывалася на ахвяраванне Рускага дабрачыннага таварыства. Закупляліся арэхі, печыва, цукеркі, усё прыгожа пакавалася.

Жылі Васілюкі на вуліцы Садовай (Арджанікідзэ), выхоўвалі сына і дачку. Раіса Андрэеўна (па мужу Шырнюк) вучылася ў Брэсцкай рускай гімназіі, у далейшым скончыла медыцынскую акадэмію ў Варшаве, працягнула адукацыю ў Кіеве. Працавала стаматолагам у першай лякарні ў Жабінцы, якая адчынілася пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе, потым перавялася ў Брэст.

З прычыны агульнай накіраванасці польскай школьнай палітыкі на поўную ліквідацыю рускай школы да 1938 года на тэрыторыі Польшчы засталося толькі 4 рускія гімназіі, у тым ліку ў Брэсце, астатнія былі зачыненыя. Педагагічны персанал аплачваўся нізка і не рэгулярна, нягледзячы на гэта не толькі захоўваў вернасць рускай школе, але і працаваў з вялікім энтузіязмам.

У лютым 1935 года ў Парыжы створаны цэнтральны на ўсё замежжа Пушкінскі камітэт, задачай якога з’яўлялася адукацыя ва ўсіх краінах, дзе ёсць рускае насельніцтва, мясцовыя аддзелы Пушкінскага камітэта для згуртавання і прыцягнення грамадства да падрыхтоўкі імпрэзы пушкінскага юбілею ў 1937 годзе. 29 лістапада 1935 года створаны Пушкінскі камітэт у Брэсце, у склад якога ўключаны і А.Р. Васілюк.

Андрэй Раманавіч пастаянна клапаціўся пра адукацыю насельніцтва. Сабраўшы больш за паўсотні кніг, дзе пераважала руская класіка, у 1936 годзе ў мястэчку Жабінка на грамадскіх пачатках яго намаганнямі адкрыта народная бібліятэка, якая ўтрымлівалась на ўласныя сродкі асобных прыхільнікаў-энтузіястаў. Актыўным памочнікам у яе стварэнні стала яго вучаніца Ульяна Ульянаўна Камянюк.

У 1939 годзе, пасля аб’яднання заходніх земляў з БССР, Васілюк уваходзіць у склад Часовага кіраўніцтва Брэстам і Брэсцкім паветам, з'яўляецца дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. У тым жа годзе адбылася рэарганізацыя ўсіх навучальных устаноў, рускія гімназія і пачатковая школа былі зачыненыя.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны застаў Андрэя Раманавіча ў Маскве, куды ён быў камандзіраваны для вывучэння вопыту работы школ. У чэрвеньскія дні сорак першага наркам асветы РСФСР накіроўвае яго ў распараджэнне Арлоўскага аблана. Васілюк пачынае працаваць інспектарам, а з пачаткам навучальнага года настаўнічае ў сяле Нікольскае на Арлоўшчыне. З прыходам туды немцаў вырашыў вярнуцца на радзіму, у вёску Здзітава, дзе і жыў з сям’ёй падчас акупацыі. Іх дом у Брэсце і драўляныя пабудовы гімназічнага комплексу згарэлі пры вызваленні горада ў 1944 годзе, а ў захаваўшымся двухпавярховым цагляным будынку размясцілася школа № 5. У савецкія часы тут знаходзілася вячэрняя школа.

У першыя дні пасля вызвалення Жабінкі А.Р. Васілюк прызначаны загадчыкам педагагічнага кабінета Жабінкаўскага РАНА, дзе працаваў да 1951 года, затым настаўнічаў у брэсцкай школе, але пасля інфаркту дактары забаранілі займацца выкладчыцкай дзейнасцю. Без любімай справы педагог доўга заставацца не мог. У двары пяціпавярховага дома па вул. К. Маркса, насупраць Свята-Сімяонаўскага кафедральнага сабора, дзе Васілюкі жылі ў пачатку 1950-х гадоў, збіралася вялікая колькасць дзяцей дашкольнага ўзросту. Андрэй Рамановіч праводзіў з імі шмат часу: прыдумваў гульні, вучыў азбуцы, знаёміў з горадам. Потым уладкаваўся бібліятэкарам у школу рабочай моладзі № 1 у Брэсце.

Сэрца цудоўнага Чалавека і Настаўніка з вялікай літары Васілюка Андрэя Рамановіча перастала біцца 18 студзеня 1956 годзе падчас пасяджэння педсавета. Пахаваны на Здзітаўскіх могілках у Жабінцы.