Коваль Ірына Міхайлаўна
Педагог, народны майстар Беларусі па саломапляценні

Ірына Міхайлаўна Коваль (Валанцэвіч) нарадзілася 14 красавіка 1983 года ў горадзе Столін Брэсцкай вобласці. Маці – Таццяна Уладзіміраўна – працавала бібліятэкарам, а бацька – Міхаіл Паўлавіч – плітачнікам-мазаічнікам. З дзяцінства ў вёсцы каля бабулі і яе сястры захаплялася творчай працай: пляла “кружкі” на падлогу, вязала сурвэткі, шкарпэткі, швэдры, вышывала “дарожкі”. У суседскай бабулі ў хаце стаялі кросны, дзе Ірына са сваёй сяброўкай нават спрабавалі ткаць “радужкі” на канапу. Зімовымі вечарамі каля печы дапамагала дзядулі плесці кошыкі з лазы. З малых гадоў дзяўчынку вабілі рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але яна не ўяўляла гэта сваёй будучай справай, бо марыла стаць настаўніцай.

У 2000 годзе Ірына скончыла Столінскую гімназію і паступіла ў Салігорскі дзяржаўны педагагічны каледж, дзе вучылася да 2004 года, у 2011 годзе завочна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Першым месцам працы на пасадзе педагога дадатковай адукацыі з 2004 па 2014 год стаў ДУДА “Столінскі раённы цэнтр творчасці”, дзе Ірыне Коваль давялося блізка пазнаёміцца з мастацкай апрацоўкай саломкі. Першыя некалькі гадоў працы педагог знаёміла сваіх вучняў толькі з аплікацыяй саломкай, таму што ведала асновы тэхналогіі яшчэ з педагагічнага каледжа. Праз некалькі гадоў Ірына Міхайлаўна дадала ў навучальную праграму раздзел “Саломапляценне”. Асвойвала тэхнікі пляцення саломкай разам са сваімі вучнямі па кнігам В. Лабачэўскай “Вазьмі прастую саломінку”, Т. Рэпінай “Мастацкія вырабы з саломкі”. Таксама натхнялася дасканаласцю вырабаў беларускіх майстроў Л. Лось, Л. Селівончык, В. Салдатавай, Л. Главацкай, В. Гаўрылюк, Т. Агафоненка і інш. на сайце “Віртуальны музей беларускай саломкі”, наведвала майстар-класы і семінары-практыкумы іншых майстроў саломапляцення.

У 2014 годзе Ірына Коваль пераехала на радзіму свайго мужа Сяргея Уладзіміравіча ў горад Жабінка Брэсцкай вобласці. З 2014 па 2017 гады працавала ў другой сярэдняй школе горада Жабінка педагогам-псіхолагам, дзе аформіла музейны пакой і арганізавала гурток па саломапляценні. З 2015 года Ірына Міхайлаўна і яе вучні вялі актыўную творчую дзейнасць. Менавіта тут у 2016 годзе нарадзілася новая калекцыя ільнянога адзення з саламянымі ўпрыгожваннямі “Золата сонца”, якая пабывала ў многіх гарадах і пакарыла нямала фестываляў. На абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод” і адкрытым абласным фестывалі мод “Brest junior fashion” яна адзначана дыпломамі другой ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, а на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” – дыпломам трэцяй ступені Міністэрства адукацыі.

Пасля ўдзелу ў раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016” Ірыну Міхайлаўну запрасілі ў ДУК “Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”, дзе яна дадаткова вяла заняткі ў студыі ДПТ “Чароўная саломка”. Захапленне саломкай стала справай жыцця, дало магчымасць задавальняць творчыя патрэбы, садзейнічала рэлаксацыі і самавыяўленню.

З 2017 года Ірына Міхайлаўна працуе педагогам дадатковай адукацыі ў ДУА “Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі”, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Цяпер у аб’яднанні па інтарэсах “Чароўная саломка” займаюцца 52 вучнні ад 8 да 15 год, у студыі ДПТ ДУК “Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” – 12 чалавек. Заняткі адбываюцца па асабіста распрацаванай праграме, разлічанай на 4 гады.

У 2019 годзе з дапамогай вучняў Ірына Міхайлаўна стварыла калекцыю ільнянога адзення з саламяным дэкорам “Жабінка квітнеючая” і прысвяціла яе Году малой радзімы. Калекцыя дэманстравалася на шматлікіх мерапрыемствах і атрымала высокую адзнаку на абласным і рэспубліканскім узроўнях, дзіцячы калектыў аб’яднання адзначаны дыпломамі і ганаровымі граматамі. У перыяд з 2015 па 2021 гады вучні Ірыны Міхайлаўны сталі пераможцамі і прызёрамі на шматлікіх мерапрыемствах: больш за 25 дыпломаў на абласным і 10 на рэспубліканскім узроўнях.

Акрамя заняткаў у аб’яднанні і студыі Ірына Коваль транслюе свой вопыт на аўтарскіх майстар-класах, семінарах, кірмашах сацыяльна-педагагічных інавацый, прэзентацыях, актыўна ўдзельнічае ў разнастайных сацыяльных праектах, з’яўляецца рамеснікам.

Ірына не раз супрацоўнічала і стварала творчыя калабарацыі з іншымі майстрамі, творчымі асобамі. Так, разам з народным майстрам па саломапляценню Наталляй Ярмоцык з горада Бяроза Брэсцкай вобласці, распрацавалі і стварылі маску Духа поля для беларускага музыканта, фалькларыста, лідэра гурта «Этна-трыа Троіца» Івана Кірчука, якую ён выкарыстоўвае ў сваім монаспектаклі “Дарожка мая”. Для паказа калекцый ільняной вопраткі ў народным стылі дызайнера Марыны Баніфацьевай майстар стварыла серыю галаўных убораў і аксэсуараў з саломкі.

У 2018 годзе Коваль Ірына Міхайлаўна ўступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Яна як у педагагічнай, так і ў творчай дзейнасці імкнецца да дасканаласці ў сваіх працах, у тэхніках пляцення і выканання мастацкіх вырабаў, спалучае пляценне з саломы з разнастайнымі прыроднымі матэрыяламі, абапіраецца на асаблівасці і традыцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва свайго рэгіёна, выкарыстоўвае беларускія мастацкія практыкі саломапляцення з індывідуальнай інтэрпрэтацыяй пад сучаснасць.

Найбольшай дасканаласці майстар дасягнула ў распрацоўцы і выкананні аўтарскай сувенірнай прадукцыі з нацыянальным каларытам, галаўных убораў, інтэр’ерных упрыгожванняў, у выгатаванні жніўнай атрыбутыкі, кветкавых кампазіцый і інш. Сувеніры ад майстра Ірыны Коваль знаходзяцца ў прыватным карыстанні ў Швецыі, Амерыцы, Расіі, Польшчы, Галандыі, Нямеччыне і іншых краінах свету.

За дасягненні лепшых паказчыкаў па выніках працы ў 2019 годзе сярод работнікаў сацыяльнай сферы Жабінкаўскім раённым выканаўчым камітэтам Ірына Міхайлаўна Коваль узнагароджана Ганаровай граматай і занесена на раённую дошку Гонара.

У лютым 2020 года ў Мінску адбылася Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, на якой вырашылі ўключыць беларускія мастацкія практыкі саломапляцення ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Гонар прадстаўляць Брэстчыну на яе пасяджэнні ў сталіцы, як носьбітам беларускіх мастацкіх традыцый саломапляцення, атрымалі педагог дадатковай адукацыі Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Коваль і майстар з Маларыты Дзіна Бягеза.

У 2021 годзе Ірыне Міхайлаўне прысвоена званне Народны майстар Рэспублікі Беларусь.

У 2022 годзе на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА прынята рашэнне аб уключэнні беларускай намінацыі “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У музеі саломапляцення ў Лос-Анжэлесе захоўваюцца работы Ірыны Коваль. З персанальнымі выставамі народны майстар пабывала ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Расіі ды іншых странах.

У студзені 2024 года народны майстар Беларусі па саломапляценні Ірына Коваль прадстаўляла Жабінкаўшчыну на Міжнароднай выставе-форуме “Расія”, што ладзілася на пляцоўках ВДНГ у Маскве.

Цяпер разам са сваімі вучнямі працуе над новай калекцыяй упрыгожанняў – ад завушніц да галаўных убораў пад назвай “Радзіма. Вайб”.