Сабалеўскі Віталь Іванавіч
Заснавальнік, мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор і рэгент Мінскага Мітрапаліцкагага (Архіерэйскага) хору Беларускай Праваслаўнай Царквы
Сабалеўскі Віталь Іванавіч

Нарадзіўся Віталь Іванавіч 2 снежня 1989 года ў вёсцы Азяты Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго маці на той час ужо споўнілася 39 гадоў, а старэйшаму брату Віктару – 18. Бацькі, Іван Мікалаевіч і Ганна Сілаўна, працавалі ў калгасе “Беларусь” (зараз СУП “АграАзяты”): маці – бухгалтарам, а бацька – шафёрам.

У 1996 годзе Віталь пайшоў у першы клас Азяцкай сярэдняй школы, дзе яго першым настаўнікам стала Бычак Вольга Адамаўна, наведваў і музычную па класе баяна ў выкладчыка Ляўковіча Андрэя Іванавіча, далей – у Таргонскага Аляксандра Аляксандравіча. Музычнай літаратуры і сальфеджыа вучыла Галіна Уладзіміраўна Таргонская.

З 1997 года ад святара Іаана Петручука, настаяцеля царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Азятах, атрымаў благаславенне на нясенне паслушэнства ў храме. У 2005 годзе Віталь па благаславенню ўжо новага настаяцеля царквы святара Вадзіма Літвінюка стварае дзіцячы хор пры Свята-Мікалаеўскім храме.

У 2006 годзе настаўнік беларускай мовы Ніна Паўлаўна Міхалюк прапанавала свайму вучню Віталю Сабалеўскаму паўдзельнічаць у конкурсе рэфератаў, арганізаваным Міністэрствам адукацыі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам, у якім бралі ўдзел 186 работ канкурсантаў з усёй Беларусі. Віталь напісаў рэферат “Мой храм і яго гісторыя”, яго праца ўвайшла ў пяцёрку лепшых. Сабалеўскага запрасілі ў Мінск, дзе ён сустрэўся з Мітрапалітам Мінскім і Слуцким, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, Героем Беларусі Філарэтам (Вахрамеевым) і Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Міхайлавічам Радзьковым і прывёз адтуль Дыплом пераможцы і каштоўны падарунак. Гэтая падзея стала пераломным момантам у жыцці хлопца і ён вырашае ў далейшым звязаць сваё жыццё з Царквой, яе гісторыяй і культурай Беларусi.

У 2007 годзе ўзнагароджаны падзякай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. У гэтым жа годзе ён паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) на факультэт тэалогіі. Адначасова з гэтым атрымлівае другую адукацыю ў Мінскім духоўным вучылішчы на рэгенцка-спявацкім аддзяленні па спецыяльнасці “Харавое дырыжаванне”.

У 2008 годзе Віталь Сабалеўскі выйграў грант у памеры трох тысяч даляраў ЗША на развіццё хору БДУ. У 2010 годзе стаў пераможцам конкурсу сярод студэнтаў і атрымаў званне “Лепшы студэнт года – 2010” БДУ, у 2011 годзе – пераможцам конкурсу “Супермэн” сярод пражываючых у інтэрнатах студэнцкага гарадка БДУ. У 2012 годзе Віталю Сабалеўскаму прысвоена званне “Лепшы выпускнік года – 2012”.

На апошніх двух курсах навучання і пасля заканчэння ўніверсітэта Віталь працуе ў мінскай школе № 125 і дырыжорам у храме Святой Жываначальнай Троіцы ў горадзе Мінску, а праз год ён праходзіць сумоўе і атрымлівае пасаду рэгента (дырыжора) у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. У чэрвені 2013 года яго абіраюць дырыжорам зводнага хору колькасцю 70 чалавек на Патрыяршае набажэнства, прысвечанае 1025-годдзю Хрышчэння Русі. 

У лютым 2014 года па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (цяпер мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі, Патрыяршы намеснік Маскоўскай мітраполіі) заснаваны Мітрапаліцкі хор Свята-Духава кафедральнага сабора, галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком якога прызначаны Віталь Іванавіч Сабалеўскі.

Калектыў суправаджае ўсе архірэйскія богаслужэнні ў кафедральным саборы і прамыя трансляцыі на тэлеканалах “Беларусь 1” і “Беларусь 24”, прымае актыўны ўдзел у прыхадскіх епархіяльных, а таксама гарадскіх, рэспубліканскіх і ўрадавых мерапрыемствах. Пад кіраўніцтвам Віталя Іванавіча хор стаў пераможцам больш чым у 30 міжнародных конкурсах у Расіі, Польшчы, Літве, Украіне, Сербіі. Неаднаразова і сам Сабалеўскі на іх па рашэнні журы робіцца лепшым дырыжорам.

У 2021 годзе Сабалеўскі атрымаў адукацыю ў Самарскім універсітэце культуры, у 2023 годзе з адзнакай скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе працягнуў навучанне ў магістратуры.

14 студзеня 2022 года ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аг. Азяты Жабінкаўскага раёна адбыўся XVII міжпрыходскі вечар калядных песняспеваў Жабінкаўскага благачыння “Зорка Віфлеема”, у якім сярод 10 харавых калектываў браў удзел і галоўны хор Беларускай Праваслаўнай Царквы пад кіраўніцтвам рэгента Сабалеўскага.

Сабалеўскі Віталь Іванавіч – лаўрэат міжнародных конкурсаў, старэйшы выкладчык Мінскага духоўнага вучылішча, рэжысёр-пастаноўшчык харавых канцэртаў, намеснік старшыні Савета па культуры Беларускай Праваслаўнай Царквы, сябра грамадскага савета па развіццю царкоўных спеваў пры Патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі і член журы шматлікіх міжнародных харавых конкурсаў, аўтар і рэжысёр праектаў “Чарнобыльская Літургія” (кампазітара Мітрапаліта Іянафана (Ялецкіх) і араторыі “Пакуты па Матфею” (кампазітар Мітрапаліта Іларыёна (Алфеева), вядзе цесную супрацу з кампазітарамі Л. Захлеўным, Я. Алейнікам, В. Шматам, ансамблем “Песняры”, арт-гуртом “Беларусы”. Віталь сябраваў з вядомым кампазітарам, аўтарам легендарнай “Малітвы” на словы Я. Купалы Алегам Малчанам, які больш за 10 гадоў працаваў музычным кіраўніком ансамбля “Песняры”. Цеснае супрацоўніцтва вядзецца з дзяржаўнымі харавымі калектывамі: Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла ім. Р.Шырмы”, Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, хорам Вялікага тэатра оперы і балета і іх галоўнымі дырыжорамі – А.Я. Янум, народнай артысткай Рэспублікі Беларусь Н.І. Ламановіч, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Н.У. Міхайлавай, рэжысёрамі ўрадавых і дзяржаўных канцэртаў, гарадскіх мерапрыемстваў. Шмат праектаў арганізавана ў тандэме з Дзяржаўным Акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага арстыста Рэспублікі Беларусь А.М. Анісімава.

Віталь Іванавіч неаднаразова становіцца ўдзельнікам тэлевізійных праграм и праектаў: “Існасць”, “Скажинемолчи”, “Смысл жизни”, “Навіны культуры”, “Зорны шлях” і г.д.

Дэвіз Віталя па жыцці: “Ніколі не спыняцца на дасягнутым, а імкнуцца да новых гарызонтаў”.

За сваю культурную і грамадскую дзейнасць ён мае наступныя царкоўныя, дзяржаўныя ўзнагароды і падзякі:

2013 г. – памятны медаль і грамата Сінода Беларускай праваслаўнай царквы ў гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі.

2017 г. – Падзяка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта “За значны ўклад у развіццё духоўнай культуры Брэстчынны”.

2018 г. – Падзяка Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта.

2018 г. – юбілейны медаль Рускай праваслаўнай царквы ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў гонар 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства.

2018 г.; 2019 г. – Падзяка мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Марыінскага тэатра і мастацкага кіраўніка “Маскоўскага Велікоднага фестывалю” В.А. Гергіева.

2019 г. – дыплом “Лепшы дырыжор конкурсу” на фестывалі “Хайнаўка – 2019” Рэспубліка Польшча.

2019 г. – грамата Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама “За аказанне садзейнічання органам унутраных спраў у духоўным выхаванні асабовага складу”.

2020 г. – ордэн Беларускай Праваслаўнай Царквы святога Кірылы Тураўскага ІІ ступені.

2021 г. – граматы ад іерархаў Рускай праваслаўнай царквы.

2021 г. – Падзяка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

2022 г. – Падзяка Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.

2023 г. – Грамата Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.