Якаўчук Віктар Іванавіч
Прадпрымальнік, кіраўнік фермерскай гаспадаркі
Якаўчук Віктар Іванавіч

Нарадзіўся Віктар Іванавіч 30 ліпеня 1959 года ў вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёна. Бацька, Якаўчук Іван Фёдаравіч, быў вадзіцелем у саўгасе “Рагазнянскі”, а затым у племгасе “Беларусь”. Маці, Якаўчук Ніна Іванаўна, працавала паляводам.

З 1965 па 1975 годы Віктар вучыўся ў сярэдняй школе в.Рагозна, пазней –пасёлка Ленінскі. Пасля сканчэння школы ўладкаваўся дарожным рабочым у Мостабудаўнічае ўпраўленне № 3 горада Баранавічы.

У жніўні 1976 года вярнуўся працаваць падменным шафёрам у саўгас “Рагазнянскі”. З лістапада 1976 па 1978 годы служыў ва Узброеных сілах СССР. Пасля дэмабілізацыі працаваў у племсаўгасе “Беларусь” шафёрам. У той жа час паступіў завочна ў Пружанскі сельскагаспадарчы саўгас-тэхнікум, які скончыў у 1981 годзе. За свае гаспадарлівасць і адказнасць прызначаны механікам, затым загадчыкам гаража. Быў абраны сакратаром камсамольскай арганізацыі племсаўгаса.

У кастрычніку 1988 года зацверджаны на пасаду старшыні Азяцкага сельскага Савета народных дэпутатаў. Пазней абраны дэпутатам абласнога Савета і прабыў у дадзеным статусе да 1995 года.

Вучыўся ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт), які скончыў у 1991 годзе, затым была вучоба ў Акадэміі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (1993).

У 1994 годзе артымаў прапанову арганізаваць аддзяленне акцыянерна-камерцыйнага банка “Белбізнесбанка” ў горадзе Жабінка Брэсцкай вобласці, дзе з 1995 года і з’яўляўся кіраўніком. Затым арганізаваліся разліковыя цэнтры ў Брэсце і Кобрыне.

Для таго, каб у поўнай меры валодаць сітуацыяй у банкаўскай сферы, у 1999 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт”.

З 2001 па 2010 гады з’яўляўся дырэктарам “Слаўнафтабанка” (цяпер Банк ВТБ) у горадзе Брэст.

Яшчэ ў пачатку дзевяностых з’явілася думка арганізаваць фермерскую гаспадарку для вырошчвання буякоў. Разам з жонкай Людмілай Дзмітрыеўнай узялі ў арэнду 2 гектары няўдобіцы для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі (ЛПГ), дзе і пасадзілі першыя буякі. Справа паціху пайшла, бо ягады сваю ўражайнасць нарошчваюць паступова. У жніўні 2004 года адбылося афіцыйнае нараджэнне фермерскай гаспадаркі “ЯкВіЛ” (ад абрэвіятуры прозвішча, першых літар імён мужа Віктара і жонкі Людмілы), кіраўніком якой стала Людміла Дзмітрыеўна.

1 ліпеня 2010 года Віктар Іванавіч становіцца намеснікам кіраўніка ФГ “ЯкВіЛ”.

Пачыналася фермерская гаспадарка з 20 гектараў яблыневага саду. Паступова плошчы пасадкі павялічваліся і на месцы былога механізаванага двара ў вёсцы Федзькавічы, было пабудавана сховішча для агародніны з газарэгулюемымі камерамі і камерамі шокавай замарозкі.

У 2014 годзе ўстаноўлена італьянская лінія мыйкі і сартавання яблыкаў фірмы “Унітек”, а ў 2015 годзе – аўстрыйская лінія па вытворчасці пастэрызаваных сокаў “Кенцмайер”.

У 2016 годзе фермерская гаспадарка атрымала свой першы “Залаты яблык”, заваяваўшы Гран-пры і дыплом конкурсу “Крыштальны яблык” (сок яблычна-малінавы прамога адціску, пастэрызаваны). Конкурс праводзіўся на базе Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванню.

Дакладна такія ж узнагароды фермерская гаспадарка атрымлівала яшчэ чатыры гады запар за новыя купажаваныя сокі.

На сённяшні дзень фермерская гаспадарка “ЯкВіЛ” выпускае 18 відаў соку высокай якасці.

Плошча ягаднікаў і пладовага сада складае 126 га. Тут растуць яблыкі, буякі, маліна, клубніцы, аронія.

За сваю працу фермерская гаспадарка “ЯкВіЛ” неаднаразова ўзнагароджвалася Дыпломамі за ўдзел у конкурсах розных узроўняў: Дыплом “Лепшы прадпрымальнік Брэсцкай вобласці” (2012), Дыпломы конкурсу “Хрустальны яблык” (2016, 2019, 2020), які праводзіцца Акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь, у 2017 годзе – “Пераможца па выніках працы за 2013-2016 гг.” у намінацыі “Праект года ў малым бізнесе”, які праводзіцца ААТ “ААБ “Беларусбанк”.

У Віктара Іванавіча дзве дачкі і трое ўнукаў.

Побач з бацькамі ў фермерскай гаспадарцы працуе сям’я малодшай дачкі –Алёны Віктараўны і Юрыя Сяргеевіча Трушаў.

У 2023 годзе гаспадарка адкрыла аграсядзібу “Шато ЯкВіЛ”, якая знаходзіцца недалёка ад санаторыяў “Буг” і “Надзея”. Гаспадыня аграсядзібы – Алёна Віктараўна.

Прадзед Віктара Іванавіча марыў аб сваёй зямлі, на якой будзе расці і радаваць усё, у тым ліку і сад. Так праўнук здзейсніў мару свайго прадзеда, пасадзіўшы сад, які вясной радуе сваім цвіценнем, восенню – рознакаляровасцю, пахам і смачнымі карыснымі гасцінцамі.