Храм святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра (в. Чыжэўшчына)

У вёсцы Крупчыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) 9 верасня 1882 г. здарыўся вялікі пажар, у якім згарэла і драўляная Аляксандра-Неўская царква. Пазней вырашана ўзвесці тут, на паўднёвай ускраіне вёскі, мураваны храм.

Праект распрацавалі пецярбургскія архітэктары М.Л. Бенуа (1813–1898) і Жубер, прыстасаваў да месца інжынер А. Рэмер. Дазвол на пачатак будаўніцтва ад Міністэрства ўнутраных спраў быў атрыманы ў 1886 г. Толькі праз чатыры гады Літоўская духоўная кансісторыя прыняла рашэнне аб пачатку будаўніцтва царквы ў імя святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Прастольнае свята – 28 ліпеня. Новая царква закладзена 6 чэрвеня 1891 г.

Прыходскім святаром у Крупчыцах з 1883 г. служыў Ніканор Антонавіч Катовіч (1845–1938), ураджэнец в. Чаравачыцы Кобрынскага павета. Скончыў Кобрынскае духоўнае вучылішча (1859), Літоўскую духоўную семінарыю (1865). З 1866 г. працаваў настаўнікам Кобрынскага духоўнага вучылішча. У 1871 г. рукапаложаны ў святара, накіраваны служыць у Хаціслаўскую царкву Брэсцкага павета, з 1874 г. служыў у Рагазнянскай царкве Кобрынскага павета. Айцец Ніканор быў ініцыятарам і арганізатарам будаўніцтва Свята-Уладзімірскага храма ў Крупчыцах.

Пры будаўніцтве царквы выкарыстоўваліся камяні з руін былога Крупчыцкага кляштара кармелітаў, які існаваў на гэтым месцы з ХVII ст. да 1832 г. Узвядзенне Свята-Уладзімірскага храма з цэглы і бутавага каменю закончылася ў канцы 1893 г. Асвяціў царкву 10 ліпеня 1894 г. віленскі протаіерэй Іаан Антонавіч Катовіч (1839–1915), брат настаяцеля. Царква ў Крупчыцах па прапанове а. Ніканора з’явілася як храм-помнік да 100-годдзя з часу перамогі рускіх войск пад камандаваннем А.В. Суворава над войскамі польскага генерала К. Серакоўскага на Крупчыцкіх палях.

У сакавіку 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне незалежнасці і суверэнітэту Рэчы Паспалітай. Для падаўлення паўстання былі накіраваны расійскія сілы з Украіны – корпус генерал-аншэфа А.В. Суворава. 17 верасня каля Крупчыц адбылася бітва паўстанцкага корпуса генерал-маёра Караля Серакоўскага з корпусам Аляксандра Суворава. Гэта была самая буйная на беларускіх землях бітва паўстанцаў, з абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чалавек. У выніку бою паўстанцы былі вымушаны адступіць.

Свята-Уладзімірская царква ў плане крыжападобная з вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Збудаванне завяршаецца паўсферычным купалам на масіўным васьмігранным барабане, грані з паўцыркулярнымі завяршэннямі прарэзаны паўцыркулярнымі вокнамі. Над купалам узвышаецца галоўка на высокай шыйцы. Падобны купал завяршае вежу-званіцу. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе арачнага партала, дэкараванага паўкалонкамі. Сцены па баках партала маюць высокія плоскія нішы з праваслаўным крыжам. У дэкаратыўнай аздобе фасадаў шырока выкарыстаны скажоныя формы старажытнарускага дойлідства. Сцены царквы завершаны шматслойным прафіляваным карнізам, дзе вылучаюцца паясы з зубчыкамі, ажурны пояс.

У інтэр’еры вылучаецца цэнтральная падкупалавая прастора. Чатыры масіўныя калоны-слупы падтрымліваюць падпружныя аркі, якія з’яўляюцца асновай канструкцыі купала «на ветразях». У інтэр’еры двух’ярусны драўляны іканастас. Цэнтрам яго кампазіцыі з’яўляюцца царскія вароты, якія вылучаюцца скразной драўлянай разьбой. Сярод ікон, размешчаных на сценах, вылучаюцца іконы ХІХ ст.: «Мікалай Цудатворца», «Іаан Хрысціцель», «Маці Боская Адзігітрыя». Храм – помнік архітэктуры неарускага (псеўдарускага) стылю. Храм гэтага праекта існуе ў мястэчку Белавежа Хайнуўскага павета Падляскага ваяводства (Польшча) – Свята-Мікалаеўская царква, узведзеная ў 1895 г. з чырвонай цэглы.

Да 1908 г. а. Ніканор арганізаваў у Крупчыцах народную паўленкаўскую бібліятэку, перадаў у яе шмат уласных кніг, фонд бібліятэкі налічваў 1500 экз.; бібліятэка загінула ў час Першай сусветнай вайны. У 1913 г. а. Ніканор быў узнагароджаны ордэнам св. Ганны ІІІ ступені.

У жніўні 1915 г., калі германскія войскі падышлі да Брэст-Літоўска, а. Ніканор, як і большасць жыхароў, выехаў у бежанцы. У час Першай сусветнай вайны Свята-Уладзімірскі храм быў разрабаваны і паўразбураны. З шасці вёсак Крупчыцкага прыхода тры вёскі былі цалкам спалены, а чацвёртая – напалову. Летам 1918 г. а. Ніканору ўдалося вярнуцца ў Крупчыцы. Да 1928 г. храм быў адноўлены і адрамантаваны, наколькі хапіла сродкаў. У 1936 г. спатрэбіўся рамонт даху, падлогі, тынкоўка сцен, але сродкаў не было. Айцец Ніканор у 1936 г. у сувязі з узростам пакінуў службу.

4 мая 1943 г. невядомыя бандыты забілі святара Іаана Сярветніка з дваімі дзецьмі. 8 мая 1945 г. царкоўная абшчына атрымала ад Жабінкаўскага райвыканкама храм у бестэрміновае карыстанне. Паступова рабілі рамонт, набывалі неабходнае начыненне. У 1967 г. улады ў час рэалізацыі палітыкі ваяўнічага атэізму зачынілі храм, перадалі калгасу пад зернясховішча, паступова ён прыйшоў у заняпад. Многія яго іконы прыхаджане выратавалі і захоўвалі ў Азятах, дзе працавала Свята-Мікалаеўская царква.

У час перабудовы па ініцыятыве Уладзіміра Яўфімавіча Ярашука, які звяртаўся з лістамі ў розныя інстанцыі, У. Карпінчыка, Г. Кулічыка, Ф. Андраюка ды іншых Свята-Уладзімірскі храм быў вернуты вернікам. Пасля доўгага перапынку першае богаслужэнне адбылося 28 ліпеня 1990 г. Людзі збіралі грошы на рамонт, дапамаглі сродкамі племсаўгас «Рагазнянскі» і іншыя прадпрыемствы раёна. У 1992 г. асноўны рамонт завяршыўся. Настаяцелем у 1990–1996 гг. служыў а. Іаан Паддубны.

У гонар воінаў, якія загінулі ў Крупчыцкім баі, у цэнтры Чыжэўшчыны пабудавана і 23 верасня 2004 г. асвечана Крупчыцкая мемарыяльная капліца. 6 ліпеня 2019 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан правёў святочную літургію, прысвечаную 125-годдзю з дня асвячэння Свята-Уладзімірскага храма, на якую з’ехаліся жыхары навакольных вёсак.