Храм святога велікамучаніка Мікіты (Жабінка, былая в. Здзітава)

Свята-Мікітаўская царква размешчана на правым беразе ракі Мухавец у вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна, якая ў снежні 2017 года далучана да горада Жабінка.

Свята-Мікітаўская царква з’яўляецца найбольш значным старажытным помнікам драўлянага дойлідства Беларускага Палесся. Нягледзячы на сваю пяцівекавую гісторыю, асаблівым архітэктурным зменам не падвяргалася. Капітальны рамонт у 1787 г., наступны рамонт у 1830 г., падчас якога ў інтэр’еры царквы з’явіўся іканастас, і бягучы рамонт у 1929 г. не парушылі прыгажосці царквы. Яна застаецца архітэктурным помнікам і культурна-гістарычнай каштоўнасцю Беларусі і прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Вытокі храма звязаны з імем Івана Мікітавіча Гурына. Яго бацька Мікіта спраўна служыў каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Аляксандру Ягелончыку і атрымаў ад гаспадара вёску Здзітава з наваколлямі за вайскавыя заслугі. Сын у памяць бацькі і ў гонар яго нябеснага заступніка, велікамучаніка Мікіты, у 1502 годзе пабудаваў царкву і прызначыў на службу святара Саву. Да храма далучыў найлепшы надзел ворнай зямлі ў вечнае карыстанне. Запіс аб гэтым створана ў Берасцейскім замку 15 студзеня 1502 года.

Здзітаўскі храм адлюстроўвае класічны прыклад бескупальных трохзрубных пабудоў прадольна-восевай кампазіцыі, у якіх розныя па прапорцыях прамавугольныя ў плане зрубы гарманічна яднаюцца агульным высокім пакрыццём з трохвугольнымі застрэшкамі ў месцах злучэння зрубаў. Царква Святога Мікіты мае невыразны крыжападобны план, утвораны размешчанымі на адной восі галоўным зрубам з далучанымі да яго меншымі зрубамі бабінца і выцягнутай прамавугольнай апсіды. Высокі вальмавы дах літургічнай залы, выгінаючыся, перацякае ў пакрыцці апсіды і пярэдняга зруба з дапамогай трохкутных застрэшкаў. Лаканічныя архітэктурныя формы царквы вызначаюцца дасканалымі памерамі праз пэўныя суадносіны вышыні вальмавага даху – 6 м, шырыні і даўжыні будынка – 9,40 і 15, 65 м.

Храм узведзены на каменным падмурку, на якім ляжыць ніжні вянок з дуба, а астатні зруб выкананы гарызантальнымі вянкамі з сасновых брусоў. Знадворку ашаляваны вертыкальнымі дошкамі з прафіляванымі нашчэльнікамі, якія падкрэсліваюць вертыкальную накіраванасць будынка і ствараюць спецыфічны рытм гульні святла і ценю на фасадзе. Аб’ёмна-прасторавая канструкцыя складаецца з сіметрычнай трохзрубнай кампазіцыі, у якой бабінец царквы мае такую ж шырыню корпусу, як і ў апсіды, і пакрыты з нефам агульным высокім дахам, на вільчыку якога ўзвышаецца пасаджаная на васьмігранную шыйку цыбулістай формы глаўка з каваным крыжам. Летам 1976 г. гонтавае пакрыццё царквы было заменена на сталёвае. З усходняга боку к нефу прымыкае накрытая вальмавым дахам прамавугольная ў плане, трохсценная апсіда з дзвюма бакавымі рызніцамі. Рызніцы невысокія – да ўзроўню аконных праёмаў апсіды, накрыты аднасхільнымі дахамі. Дзве бакавыя сцяны апсіды маюць па аднаму прамавугольнаму акну, кожная з рызніц – па аднаму маленькаму квадратнаму акну. Бакавыя сцены храма прарэзаны дзвюма прамавугольнымі высока размешчанымі вокнамі з простымі ліштвамі. Паміж праёмаў у цэнтры кожнай сцяны – па два вертыкальных брусы-сцяжкі.

Царква арыентавана ўваходам на захад. Далучаны да бабінцу невысокі каркаснай канструкцыі тамбур, накрыты двухсхільным дахам, які ўтварае трохвугольны франтон на галоўным фасадзе, і просты дзвярны праём з дзвюма прыступкамі вызначаюць галоўны ўваход у храм. Афармленне дзвярэй уяўляе сабой вытанчаную прапорцыю рысунка ромба, выкананага прафіляванымі дошчачкамі. У цэнтры кожнага палатна размешчана разетка з ромба з чатырма каванымі галоўкамі цвікаў. Бакавыя дзверы ў прытвор і дзверы ў рызніцу выкананы ў простым стылі. Інтэр’ер храма зальны. Пры ўваходзе зроблены хоры ў выглядзе навясной вузкай галерэі. Хоры падтрымліваюцца масіўнымі бэлькамі, якія абапіраюцца на вянкі сцен бабінца. Агароджаны хоры балюстрадай з разных дошчачак з поручнямі, выкананымі з бруса. У цэнтры нефа дзве невялікія драўляныя калоны, якія падтрымліваюць бэлькі перакрыцця. Салеі разам з клірасам прыўзняты на адну прыступку над падлогай нефа і складаюць працяг падлогі апсіды. Клірас агароджаны балюстрадай з разных балясін. Драўляны аднаярусны іканастас – галоўны кампазіцыйны элемент храма, які замыкае прастору нефа і аддзяляе алтарную частку. Іканастас падняты на высокі цокаль і аформлены карнізнымі паясамі, ніжні з якіх падтрымліваецца прамавугольнымі пілястрамі. У цэнтры размешчаны царскія вароты, якія вылучаюцца скразной разьбой, галоўным матывам якой стала вітковая вінаградная лаза. Усе дэталі пазалочаныя. У поле царскіх варот сярод разьбы размешчаны шэсць абразоў у круглых ківотах, па тры на кожнай створцы. Стык палотнаў царскіх варот прыкрываецца вітым бруском, які ўвенчаны крыжам. Зверху размяшчаецца частка вертыкальнага рэгістра іканастаса пад назвай сень, якая знаходзіцца ў адной плоскасці з брамай, і яе ніз паўтарае абрыс верха створак варот. У цэнтры сені знаходзіцца ікона ў разным васьмівугольным ківоце, а свабоднае поле запоўнена вытанчанай разьбой. У 1978 годзе выканана электрыфікацыя царквы.

Раней інтэр’ер Мікітаўскай царквы упрыгожвала цудоўная ікона “Адзігітрыя Іерусалімская”, напісаная на двух сасновых дошках у ХVI ст. На залачоным фоне іконы слаба выражаны малюнак неглыбокага разнога па ляўкасу арнаменту расліннага тыпу. У цэнтры – Маці Божая з дзіцём на руках. Гэтая ікона – адзін з унікальных твораў старажытнабеларускага іканапісу – сёння захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску, а ў Свята-Мікітаўскай царкве знаходзіцца яе спіс.
Недалёка ад храму з боку апсіды стаіць двух’ярусная квадратная званіца, якая завяршаецца дахам у форме чатырохвугольнага шатра. Званіца ўяўляе сабой просты тып збудавання на чатырох слупах, некалькі збежных да цэнтра. Першапачаткова першы высокі ярус звонку абабіты дошкамі з нашчыльнікамі аналагічна, як і царква, у канцы мінулага стагоддзя сцены званіцы абіты бляхай. Другі ярус, на якім знаходзяцца званы, невысокі, адкрыты і аформлены прямавугольнымі праёмамі. Званіца разам з храмам ствараюць адзіны архітэктурна-мастацкі ансамбль.

У 500-гадовы юбілей Свята-Мікітаўскай царквы, 28 верасня 2002 г., яе наведаў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Сафроній. З 2003 года пры храме дзейнічае Нядзельная школа. З нагоды 510-ці і 515-годдзя архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан правёў у храме Святага Мікіты святочную літургію ў саслужэнні настаяцеляў царкоўных прыходаў Жабінкаўскага дабрачыння.

У Свята-Мікітаўскім храме вялі службы настаяцелі: айцец Сава (1502), айцец Сергій (1596), Іанікій Касціцкі (уніяцкі, 1596), Фёдар Бегаловіч (1864), Стефан Сухецкі (1910), Раман Шыманскі (1915), Данііл Сегень, іерэй (6.10.1923–сакавік 1925), Пётр Іванюк, іерэй (сакавік 1925–верасень 1926), Васіль Васільеў, іерэй (17.12.1927–снежань 1930), Барыс Бабкоўскі, іерэй (люты 1930–чэрвень 1931), Максім Бабіч, іерэй (29.11.1931–ліпень1935), Данііл Кунцэвіч, іерэй (жнівень 1935–сакавік 1937), Іаан Волінскі, мітрафорны протаіерэй (24.04.1937–сакавік 1954), Аляксей Рыбачук, протаіерэй (верасень 1954–6.07.1995), Васіль Паляціла, іерэй (10.11.1995–снежань 2001), Алексій Ярэмка, іерэй (снежань 2001–ліпень 2007). Зараз прыход узначальвае Стефан Гапанюк (з ліпеня 2007).

Часова служылі: Аляксандр Малашка (сентябрь 1926), Стефан Шамардзін (25.11.1926–17.12.1927), Аляксей Яруцкі (апрель–август 1954).