Касцёл святога Юзафа
Касцёл святога Юзафа

Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай усе беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай дзяржавы. У маі 1774 года імператрыца Кацярына ІІ абвясціла ўказ аб заснаванні Беларускага каталіцкага біскупства з цэнтрам у Магілёве. Праз 9 гадоў, у 1783 годзе, папа Пій VI зацвердзіў біскупства. У верасні 1795 года імператрыца пайшла на канфлікт з Рымам і без згоды з папствам скасавала біскупства. 

Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў улады яшчэ больш жорстка пачалі ставіцца да каталіцтва. У перыяд з 1864 па 1866 годы зачыняюцца касцёлы на тэррыторыі Беларусі.

На тэрыторыі сучаснага Жабінкаўскага раёна перасталі дзейнічаць капліца ў Навасадах, якую пабудаваў мясцовы землеўладальнік Траян Пшыбор, парафійны Крупчыцкі касцёл, капліца ў Азятах.

У 1908 годзе былыя прыхаджане Збірагскага і Крупчыцкага касцёлаў падалі прашэнне гродзенскаму губернатару аб будаўніцтве новага каменнага касцёла сваімі сродкамі ў мястэчку Жабінка, якое знаходзілася ў самым цэнтры скасаваных прыходаў, населеных трыма тысячамі жыхароў рымска-каталіцкага спавядання. Ініцыятарам выступіў Ксаверый Бельскі – багаты землеўладальнік з маёнтка Ацячызна (цяперашні аграгарадок Ленінскі Жабінкаўскага раёна). Мясцовыя памешчыкі добраахвотна сабралі 13 тысяч рублёў, а Фларыян Непакойчыцкі бязвыплатна аддаваў адну дзесяціну зямлі пад пабудову касцёла. Улады адмовілі прасіцелям, бо ўгледзелі ў гэтым не рэлігійныя, а нацыянальна-палітычныя мэты. 

Яшчэ адна спроба дабіцца пабудовы касцёла ў Жабінцы зроблена ў 1913 годзе, ініцыятарам выступіў сын Ксаверыя Бельскага Эдуард. Губернскі архітэктар Данцоў зрабіў план жабінкаўскага касцёла і склаў каштарыс амаль на 20 тысяч рублёў. Аднак пакуль збіраліся дакументы, пачалася Першая сусветная вайна, і будаўніцтва не адбылося.

У 1920-х гадах Жабінкаўшчына ўвайшла ў склад Польскай Рэспублікі па выніках падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Дзяржаўная падтрымка каталіцызму прывяла да павелічэння долі каталікоў на заходнебеларускіх землях з 42,7% у 1921 годзе да 48% у 1931 годзе. Аднак у гэты перыяд некаторыя каталіцкія святары з уласнай ініцыятывы пачалі рэгулярна чытаць пропаведзі на беларускай мове замест польскай. Праводзілася праца па перакладзе Бібліі на беларускую мову. 28 кастрычніка 1925 года заснавана Пінская дыяцэзія, у склад якой уваходзіць Жабінкаўская парафія.

Нягледзячы на тое, што назваць дакладную дату будаўніцтва першага касцёла ў Жабінцы нельга, у архіўным дакуменце “Спіс касцёлаў і духавенства Пінскай дыяцэзіі ў складзе Польскай Рэспублікі ў 1933 і 1934 гг.” ужо згадваецца аб ім, а на польскай мапе тэрыторыі Жабінкі і наваколля 1931 года ёсць пазнакі каталіцкага храма каля чыгункі. Гэта быў цагляны будынак, які стаяў недалёка ад вакзала па вуліцы Тадэвуша Касцюшкі (цяперашняя вул. Леніна). Да Жабінкаўскай парафіі Кобрынскага дэканату адносіліся наступныя населеныя пункты: Жабінка (Żabinka), Галінова (Chalinovo), Самаўшчызна (Samowszczyzna), Салейкі (Solejki). Прыхаджан налічвалася каля 169 чалавек. Выканаўцам абавязкаў рэктара парафіі быў ксёндз Вікенцій Хвайноўскі, асноўным яго месцам службы з’яўляўся касцёл Прасвятой Тройцы ў Чарнаўчыцах (цяперашні Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці). 

Калі пачалася Другая сусветная вайна, жабінкаўскі касцёл быў зруйнаваны амаль у першы дзень баявых дзеянняў 1939 года. Падчас акупацыі, прыкладна ў другой палове 1941 – пачатку 1942 года, пабудаваны новы драўляны касцёл з высокімі авальнымі дзвярыма і прасторным ганкам з веерападобнымі прыступкамі, уваход упрыгожвалі чатыры мураваныя калоны. Ён стаяў у завулку паміж сямікласнай “паўшэхнай” школай, зараз тут размяшчаецца Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі, і вуліцай Пілсудскага (цяпер вул. Кірава).

6 ліпеня 1945 года заключана савецка-польскае пагадненне “Аб абмене насельніцтвам”, згодна з якім этнічныя палякі адпраўляліся ў Польшчу, а беларусы – у СССР. Афіцыйна завяршэнне перасялення абвешчана ў пачатку мая 1947 года, большасць насельніцтва каталіцкага веравызнання пераехала ў суседнюю краіну, таму касцёл у Жабінцы быў зачынены, а ў 1949 годзе памяшканне перадалі пад рэканструкцыю для раённага Дома сацкультуры.

Да канца 1980-х гадоў у Жабінцы не існавала месца, дзе каталікі маглі б збірацца на набажэнствы. Бліжэйшыя касцёлы, куды маглі паехаць вернікі, месціліся ў Чарнаўчыцах, Пелішчах і Брэсце. 

У 1988 годзе ў Брэст на пахаванне ксяндза касцёла Маці Божай Каралевы Станіслава Лазара з Польшчы прыехаў Тадэвуш Альшэўскі, якому прапанавалі застацца и прыняць прыход, а разам з ім ён пачаў абслугоўваць прыхаджан в. Пелішчы і г. Кобрын. Гэта было звязана з тым, што ксяндзоў на ўсе прыходы не хапала. Дзякуючы намаганням ксяндза Тадэвуша пачала збірацца каталіцкая абшчына і ў Жабінцы, якая хадайнічала аб перадачы былога будынка касцёла вернікам, але ім адмовілі, так як на той час там дзейнічала Жабінкаўская дзіцячая музычная школа. 

З-за адсутнасці памяшкання для правядзення набажэнстваў прыхаджане збіраліся для малітвы ў прыватных дамах і кватэрах. Быў створаны камітэт каталікоў, які разам з ксяндзом звярнуўся да мясцовых уладаў з просьбай аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла на сродкі прыхаджан. Ім пайшлі насустрач і прапанавалі тры месцы на выбар, у выніку абралі ўчастак па вул. Камянецкай, д. 1, на якім паставілі часовае збудаванне, дзе вяліся службы. У халодныя часы прытулак вернікам давала дзіцячая музычная школа, што месцілася ў былым будынку касцёла. У маі 1998 года на паўночна-заходняй ускраіне горада пачалося ўзвядзенне храма. Праект будынка распрацавалі архітэктары з г. Баранавічы па эскізах, прывезеных ксяндзом Тадэвушам Альшэўскім з Польшчы. 

25 лістапада 2000 года адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне касцёла, на якім прысутнічаў Яго Эмінэнцыя ксёндз-кардынал епіскап Пінскай дыяцэзіі Казімір Свёнтак. 

Касцёл Святога Юзафа – гэта ўвасабленне сучаснай архітэктуры з рысамі неаготыкі. Аднанефны, збудаваны з нетынкаванай чырвонай цэглы. У аснове асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі прамавугольны ў плане высокі неф, які ўзвышаецца над іншымі аб'ёмамі і накрыты двухсхільным дахам з каркаснай званічкай з боку фасада, якую завяршае крыж. Званніца аўтаматызаваная, кожную гадзіну гучыць перазвон, адбіваючы час сутак. 3 паўночнага боку да асноўнага нефа далучаны ніжэйшы рызаліт сакрысціі пад аднасхільным пакрыццём. Да франтальнага фасада прылягае асіметрычна скампанаваны аб’ём нартэкса, цэнтральны рызаліт са спічастым дахам якога першапачаткова быў прарэзаны арачнай уваходнай нішай. Зараз яе ўпрыгожвае ажурная каваная брама, зробленая ў 2020 годзе кавалём з Жабінкі Ігарам Георгіевічам Сідорчыкам, і вялікім круглым акном-ружай над ёй. Бакавыя фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі розных памераў і двума окнамі-ружамі, якія размешчаны над алтаром з абодвух бакоў. Фасады касцёла не насычаны дэкаратыўнымі элементамі, нартэкс мае двухчастковы падзел па гарызанталі і дэкараваны карнізам простага профілю.

У інтэр'еры нэф перакрыты трапецападобным скляпеннем з дэкаратыўнымі драўлянымі бэлькамі, папярочна размешчанымі на аднолькавай адлегласці адна ад адной. Столь храма таксама драўляная. Антрэсоль хароў, якая месціцца над нартэксам, прыўзнята пад скляпенне двума арачнымі праёмамі, абмежаванымі разной балюстрадай. 

Унутраны інтэр’ер касцёла вельмі сціплы. Галоўны алтар акаймаваны шырокафарматнымі абразамі: святога Юзафа з Хрыстом-немаўлятам, святой Марыі з Хрыстом-немаўлятам, Папы Рымскага Яна Паўла ІІ і “Ісус, спадзяюся на Цябе” ці “Вобраз Ісуса Міласэрнага”. У левым вуглу знаходзяцца скульптурныя выявы Маці Божай і святога Юзафа. 

Злева на прыступках алтара на сцяне вісіць звон (цінцінабулум), які выкарыстоўваецца для закліка вернікам падняцца перад пачаткам літургічнай службы ці для вылучэння асабліва ўрачыстых момантаў імшы.

У цэнтры на сцяне, пад Святым Распяццем, месціцца табэрнакулюм – гэта месца захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёле – асвечаных хлеба і віна. 

Мармуровы алтар-прастол – самае важнае месца ў касцёле. Вакол яго канцэнтруецца ўсё літургічнае дзеянне. Ён упрыгожаны абрусам і выявамі крыжа, круга і пасхальнага ягня – асноўнымі хрысціянскімі сімваламі. 

Побач з алтаром знаходзіцца амбона, якая цесна звязана з алтаром. Яна заўсёды з’яўляецца месцам абвяшчэння Божага слова. З амбоны вымаўляюцца чытанні, рэспансарыйны псальм, Евангелле, чытаецца малітва верных.

На ўваходзе ў галоўную залу касцёла па правай старане стаіць канфесіянал – спавядальня – спецыяльная кабінка для здзяйснення таемнай споведзі. У цэнтры спавядальні знаходзіцца крэсла, на якім сядзіць святар і прымае споведзь. Ксяндза аддзяляе ад чалавека, які каецца, перагародка з акенцам, да якога святар прыпадае вухам. З бакоў спавядальні – падстаўкі для ўкленчэння.

З абодвух бакоў ад цэнтральнага праходу, які вядзе да алтара, устаноўлены радамі характэрныя доўгія касцёльныя лавы з пюпітрам і планкай унізе для ног, на якіх вернікі сядзяць падчас часткі богаслужэння. На лавачных пюпітрах ляжыць тэкст малітвы за парафію.

На сценах залы размешчаны рэпрадукцыі 14 стацый з цыкла “Крыжовы шлях Хрыста”.

З 2015 года некаторы час памочнікам ксяндза-пробашча парафіі святога Юзафа ў Жабінцы Тадэвуша Альшэўскага служыў Юрый Дрозд, вікарый парафіі імя Багародзіцы ў Брэсце, пазней дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, цяпер ён вікарый парафій Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святых Анёлаў Ахоўнікаў у Гомелі. 

Служба ў касцёле вядецца на беларускай і польскай мовах. Галоўныя ўрачыстасці храма – день асвячэння касцёла 25 лістапада, прастольнае свята святога Юзафа 19 сакавіка і 1 мая. У 2023 годзе каля сотні чалавек штонядзельна наведваюць святую імшу ў Жабінцы.

Касцёл святога Юзафа ў Жабінцы праз сваё месцазнаходжанне і асаблівую форму яшчэ здалёк звяртае на сябе ўвагу і з’яўляецца сімвалам непарушнай веры, надзеі і выратавання.