Жабінкаўская ПМК-19 УП «Брэстводбуд»
Жабінкаўская ПМК-19 УП «Брэстводбуд»

Пасля Вялікай Айчыннай вайны меліярацыйна-аднаўленчыя работы ў Жабінкаўскім раёне пачаліся ў 1948 годзе і вяліся на аб'екце «Чорны роў». Арганізацыяй і правядзеннем работ кіраваў раённы меліяратар Яроцкі Міхаіл Данілавіч. Неабходнасць у правядзенні меліярацыі была выкліканая развіццём сельскай гаспадаркі раёна, якое патрабавала ўвядзення ў абарот новых плошчаў зямель.

У 1958 годзе пачаліся работы па рэгуляванні ракі Трасцяніца і меліярацыі прылеглых да яе пераўвільготненых зямель саўгаса «Рагазнянскі». Ажыццяўляліся рэканструкцыя асушальнай сеткі «Чорны роў» і новае асушванне на аб'ектах «Булькова», «Якаўчыцы», дзе атрымлівалі палепшаныя зямлі саўгасы «Рагазнянскі» і «Беларусь», калгасы «Прамень» і «Беларусь». Пружанскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне працягвала раней пачатыя работы Ярэміцкім БМУ ў калгасах «Рассвет» і ім. Чапаева, саўгасе «Жабінкаўскі». Паспяхова вырашаць гэтыя задачы сіламі заезджых арганізацый ужо не ўяўлялася магчымым.

Згодна з загадам Галоўнага ўпраўлення па асушэнню зямель і будаўніцтву саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР ад 16 лістапада 1970 г. № 461 у складзе трэсту «Брестводстрой» створана Жабінкаўская перасоўная механізаваная калона № 19. Узначаліў яе былы намеснік начальніка Ярэміцкага БМУ (былая Кобрынская машынна-меліярацыйная станцыя) Шаўчук Канстанцін Дзмітрыевіч, які з юнацкіх гадоў працаваў на гэтым прадпрыемстве.

Было вызначана месца для размяшчэння часовай вытворчай базы – забалочаны ўчастак поймы ракі Жабінка, пакрыты драбналессем і хмызняком. На ўзвышаным месцы ўчастка устаноўлены бытавыя вагончыкі для службовых памяшканняў, ўзводзіліся часовыя дашчаныя майстэрні, склад, гараж, кацельня. Адначасова вялася падрыхтоўка і выконваліся асобныя віды работ па стварэнні пастаяннай вытворчай базы. Выкананне ўсіх відаў работ па капітальнаму будаўніцтву поўнага набору тэхнічных збудаванняў і адміністрацыйнага будынка ажыццяўлялася ўласнымі сіламі.

У 1977 годзе будаўнічыя работы былі цалкам завершаны. Пабудаваны дзве майстэрні, два склада для запасных частак і будаўнічых матэрыялаў, пункт запраўкі тэхнікі, кантора, крама, сталовая, інжынерныя сеткі, пляцоўкі і праезды. Паралельна вялося будаўніцтва жылля. Пачыналі са зборных шчытавых аднакватэрных дамоў гарадскога тыпу, у наступныя гады перайшлі на будаўніцтва шматпавярховых шматкватэрных дамоў.

Нароўні з гэтым ажыццяўлялася будаўніцтва меліярацыйных сістэм. Ужо ў першы год існавання ПМК-19 быў усталяваны план па асушэнню зямель на плошчы 900 гектараў, атрымана звыш 30 адзінак розных найменняў тэхнікі. Дзякуючы меліярацыі ажыццёўлены значны зрух у развіцці сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі.

Геаграфія меліярацыйнага будаўніцтва не абмяжоўвалася Жабінкаўскім раёнам. Спецыялісты ПМК-19 пракладалі трасы ўрадлівасці на землях Брэсцкага, Камянецкага, Кобрынскага, Маларыцкага раёнаў. У перыяд вялікага ўздыму меліярацыі, у канцы 70-ых – пачатку 80-ых гадоў, у арганізацыі працавала звыш 300 чалавек. Набор работ папаўняўся новымі відамі. Будаваліся сажалкі і вадаёмы, помпавыя станцыі, адкрытыя і закрытыя вадаправоды. Удзельнічаючы ў выкананні дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, сіламі ПМК-19 ўзводзілася жыллё для перасяленцаў з забруджанай зоны.

Пачынаючы з 1990 года рэзка зменшыўся аб’ём работ па водагаспадарчаму будаўніцтву, а з 1994 года калектыў увогуле перастаў займацца меліярацыяй. Усё гэта прывяло да скарачэння колькасці работнікаў на прадпрыемстве. Многім меліяратарам давялося асвоіць новыя спецыяльнасці, перакваліфікавацца з меліярацыйных на агульнабудаўнічыя работы, прадпрыемства набывала іншую тэхніку. Пачыналіся пошукі нетрадыцыйных работ. Перш-наперш браліся за аб’екты, звязаныя з землянымі работамі. Тры гады ездзілі ў Смаленскую вобласць, дзе ўзводзілі інжынерныя сеткі. Вытворчы патэнцыял ПМК-19 быў запатрабаваны Ваўкавыскім цэментава-шыферным заводам і Слонімскай кардонна-папяровай фабрыкай Гродзенскай вобласці. У Брэсце выкананы работы па ўладкаванні зямель, прылеглых да аўтадарогі ад моста праз р. Мухавец на бульвары Шаўчэнкі і да дзяржаўнай мяжы з Польшчай, па аднаўленні абвадніцельных каналаў у Брэсцкай крэпасці-героі і па ліквідацыі ачагоў забруджвання, якія ўтварыліся пры перазагрузцы адпрацаванай уранавай руды, транспартуемай з Усходняй Еўропы ў глыб Савецкага Саюза.

У 2003 годзе загадам Дзяржаўнага аб'яднання «Брэстмеліявадгас» на баланс ПМК-№19 перададзены міжгаспадарчыя меліярацыйныя сістэмы і асобна размешчаныя гідратэхнічныя збудаванні Жабінкаўскага раёна.

У 2007 годзе спецыялістамі ПМК-19 праведзена велізарная праца па добраўпарадкаванні г. Жабінка ў сувязі з правядзеннем тут абласнога фестывалю «Дажынкі». У ліку маштабных аб'ектаў таксама – водазабор і ачышчальныя збудаванні ў СЭЗ «Брэст», водазабор «Беразнякі» ў Камянцы, адвод паверхневых вод паўднёва-заходняга і паўднёвага раёнаў у Брэсце, станцыя абезжалезвання ў Жабінцы, ачышчальныя збудаванні ў Івацэвічах і Маларыце, арашальныя сістэмы садоў у пружанскіх ААТ «Жураўлінае» і «Айчына», газанапаўняльныя і аўтазаправачныя станцыі і г.д.

З 2009 года па 2015 год ПМК-19 займала першае месца па выніках працы сярод прадпрыемстваў УП «Брэстводбуд». У арганізацыі захоўваецца пераходзячы, але пакінуты назаўжды, Чырвоны сцяг, які ўручаўся як сімвал працоўнай доблесці калектыву.

У 2014 годзе на тэрыторыі ПМК-19 з'явіўся гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі зямель – адзіны ў Беларусі музей меліярацыйнай тэхнікі. Ідэя яго стварэння належыць генеральнаму дырэктару ГУП «Брэстмеліявадгас» М.А. Клімовічу і П.В.Вайноўскаму, начальніку ПМК-19 у 2008-2017 гадах. Комплекс створаны
дзякуючы фінансавай падтрымцы ўсіх 19-ці прадпрыемстваў «Брэстмеліявадгаса». Урачыстае адкрыццё адбылося ў чэрвені
2015 года i было прымеркавана да Дня меліяратара і 45-годдзю дзейнасці ПМК-19.

Комплекс уключае ў сябе размешчаную ў будынку былой сталовай ПМК-19 музейную экспазіцыю, у якой кожнае вытворчае падраздзяленне «Брэстмеліявадгаса» мае свой уласны адасоблены стэнд, а таксама адкрытую пляцоўку, дзе прадстаўлена тэхніка, якая раней выкарыстоўвалася пры меліярацыйнай дзейнасці. Кіраўніком гісторыка-экспазіцыйны комплексу з'яўляецца Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі.

Стэнды комплексу ўключаюць у сябе інфармацыйны матэрыял па гісторыі развіцця меліярацыі ў Брэсцкай вобласці, фатаграфіі кіраўнікоў прадпрыемстваў меліярацыі Брэстчыны, розныя сапраўдныя дакументы, лісты, загады і рарытэтныя прадметы, якія адлюстроўваюць побыт і працоўную дзейнасць работнікаў, якія будавалі і эксплуатавалі меліярацыйную сістэму.

Цікавым экспанатам з'яўляецца сцяг, уручаны меліяратарам Брэстчыны Цэнтральным камітэтам КПСС, Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР, Саветам Міністраў СССР як пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве ў гонар 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.

У музейным комплексе ёсць невялікая бібліятэка, дзе сабрана навукова-метадычная літаратура, розныя часопісы, якая тычыцца распрацовак тэхналогій правядзення меліярацыйных работ, а таксама гісторыі меліярацыі на Палессе.

Тэхніка ў музеі выстраена згодна з раней выкананымі тэхналагічнымі задачамі і налічвае каля 150 адзінак. Гонарам музея з'яўляюцца так званыя шар-баба і клін-баба, якія важаць па 3-4 тоны, і прызначаліся для разбівання земляных груд. Асабліва былі запатрабаванымі ў мароз.

Па статыстыцы толькі ў Жабінкаўскім раёне агульная плошча асушаных земляў перавышае 23 000 гектараў, ахоплены дрэнажом
21 271 гектар, плошча вадаёмаў і сажалак, створаных меліяратарамі, – 150 гектараў, працягласць адкрытай меліярацыйнай сеткі – больш за 900 кіламетраў, дарог – 110 км, дамбаў абвалавання – звыш 12 км. Маецца 11 шлюзаў, 13 мастоў, 68 пешаходных мастоў, 750 труб-пераездаў і труб-рэгулятараў, помпавая станцыя.

На дадзеным этапе колькасць супрацоўнікаў ПМК-19 складае каля 80 чалавек. У аўтапарку знаходзіцца парадку 40 адзінак тэхнікі. У ліку апошніх набыткаў – японскі экскаватар «Хітачы». У агульным аб'ёме работ ПМК-19 меліярацыя складае 40%. Акрамя гэтага калектыў праводзіць работу па добраўпарадкаванні тэрыторый, будаўніцтву, аказвае шырокі спектр паслуг заказчыкам у сваім і суседніх рэгіёнах. У цяперашні час меліяратары працуюць над стварэннем інфраструктуры ў італьянскай прамысловай акрузе, якая размешчана на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны Брэста.

Кіраўнікі Жабінкаўскай ПМК-19

Шаўчук Канстанцін Дзмітрыевіч, узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар» — 1970–2005 гг.

Гараднікоў Васіль Міхайлавіч — 2005–2008 гг.

Вайноўскі Пётр Уладзіміравіч, выдатнік Мінводгаса СССР, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар» — 2008–2017 гг.

Снітко Аляксандр Анатольевіч — 2017–2019 гг.

Кузьмук Сяргей Мікалаевіч — 2019–2021 гг.

Вакулін-Хведарэц Іван Пятровіч — з 5 лістапада 2021 г.