Самотны анёл Васіля Гадулькі

Самотны анёл Васіля Гадулькі

14 чэрвеня ў чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылася сустрэча-успамін “Самотны анёл Васіля Гадулькі”, прысвечаная сумнай даце – 30-годдзю з дня смерці паэта-земляка Васіля Гадулькі. У бібліятэцы сабраліся людзі неабыякавыя да паэтычнага слова, а таксама ганаровыя госці – старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Таццяна Дземідовіч, паэтка і выдавец Наталля Кандрашук, пісьменнікі Расціслаў і Анатоль Бензерукі.

Уступнае слова ўзяў Анатоль Расціслававіч, які напомніў прысутным пра жалобны дзень, калі пайшоў з жыцця наш зямляк, самотны паэт з Федзькавічаў Васіль Гадулька, што паміж днямі прыходу ў свет і сыходу змяшчаецца цэлае жыццё, а ў Васіля Гадулькі яно было вельмі непростае, як у чалавечым, так і ў творчым сэнсе. Пасля яго засталіся дзённікі, запісные кніжкі, а першы зборнік вершаў паэта пабачыў свет толькі пасля ягонай смерці.

Сваімі ўспамінамі пра Васіля Гадульку падзяліўся Расціслаў Бензярук, які быў асабіста з ім знаёмы. Расціслаў Мацвеевіч прачытаў свой верш “Прыйшоў паэт з халоднай ночы…”, напісаны ім да саракавін Васіля Уладзіміравіча, а таксама пераклад на беларускую мову Васілёва верша “Калі стамлюся жыць на белым свеце…”.

Далей выступіла Таццяна Дземідовіч, якая сказала, што навучыць быць паэтам немагчыма, патрэбен талент, натхненне, бо яны асабістыя людзі з крыламі, душэўна безабаронныя, не ад сусвета гэтага, а нясуць нешта большае і адчуваюць наш свет незвычайна. Таццяна Анатольеўна прачытала свой верш “Кажуць, заўтра не будзе кніг…”, прысвечаны творчасці і кнігам.

Паэтка Наталля Кандрашук прэзентавала прыгожы верш “Ты сышоў у спакой, не сказаўшы ні слоў развітання…”, які прысвяціла Васілю Гадульку.

Напрыканцы сустрэчы Таццяна Дземідовіч і Наталля Кандрашук падаравалі бібліятэцы свае кнігі, якія ўсе жадаючыя змогуць пачытаць, завітаўшы да нас.