Усё на свеце выпадкова….

Усё на свеце выпадкова….

10 ліпеня ў Жабінкаўскай раённай бібліятэцы адбылося свята кнігі “Усё на свеце выпадкова…”, прысвечанае 70-годдзю з дня нараджэння паэта Васіля Якаўлевіча Сахарчука.

Вядучыя Алеся Рамановіч і Валерый Рэмеш нагадалі аматарам і прыхільнікам паэта-земляка самыя цікавыя моманты яго жыццёвага і творчага шляху. Падчас імпрэзы ва ўтульнай зале бібліятэкі гучалі пранікнёныя радкі аўтара “Песні вандроўніка”, “Маме не спіцца”, “Як трэба жыць на свеце?” і іншыя ў выкананні Марыі Пратасюк і Ларысы Поўх. Васіль Якаўлевіч вядомы таксама як аўтар дзіцячай кнігі “Што такое? Хто такі?”, вясёлыя загадкі з якой з задавальненнем разгадвалі ўдзельнікі мерапрыемства.

Васіль Сахарчук не толькі друкаваў свае кнігі, але і дапамагаў маладым талентам набыць імя ў літаратурных колах, шмат гадоў працаваў у раённай газеце “Сельская праўда”. 

Прысвяціў верш і з цяплом узгадаў свайго калегу і сябра педагог, журналіст, пісьменнік, перакладчык і паэт Расціслаў Бензярук.

Ушанаваць памяць майстра вершаванага слова прыйшоў і наш зямляк, даўні сябра бібліятэкі, паэт Вячаслаў Фядотаў. Ён прэзентаваў публіцы свае новыя творы.

Успамінамі пра творчую атмосферу на Жабінкаўшчыне падзялілася настаўніца Ларыса Поўх. Ларыса Уладзіміраўна нагадала, што 70-я гады XX ст. падаравалі беларускай паэзіі тры яркія зоркі: Васіля Гадульку, Алеся Каско і Васіля Сахарчука.

Ганаровая госця свята, жонка паэта Людміла Іванаўна Сахарчук падзякавала прысутным і адзначыла, што вершы паэта і памяць аб ім працягваюць жыць у людскіх сэрцах.

Завяршылася імпрэза мілагучнымі радкамі “Пяшчотнай пані” – вершам, які, па словах журналіста і пісьменніка Анатоля Бензерука, заўжды дэкламаваў на творчых сустрэчах Васіль Сахарчук.