Дзмітрук Аляксей Данілавіч
Дзмітрук Аляксей Данілавіч

Аляксей Данілавіч Дзмітрук нарадзіўся 11 красавіка (па нов. стылі 24.04) 1907 года ў вёсцы Сцяброва Кобрынскага павету Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і Данілы і Ефрасінні. З дзяцінства дапамагаў бацькам у полі і па гаспадарцы.

Працоўны шлях пачаў на чыгунцы, дзе пазнаёміўся з рабочымі-актывістамі і ўключыўся ў падпольную барацьбу за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне Заходняй Беларусі. Неўзабаве Аляксей Дзмітрук стаў камсамольцам, а пазней і членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У 1926 годзе ён абраны сакратаром Жабінкаўскага падпольнага райкама КСМЗБ (Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі). У снежні 1927 года арыштаваны і асуджаны польскім судом на 3 гады турэмнага зняволення, пакаранне адбываў у Седлецкай турме.

Пасля выхаду з турмы, у 1931 годзе, пры непасрэдным удзеле Дзмітрука адбылася забастоўка на Кобрынскім лесапільным заводзе.

У 1932 годзе Аляксей Данілавіч (псеўданімы «Раманюк», «Раман», «Танек») стаў сакратаром партячэйкі КПЗБ у вёсцы Сцяброва. Вучыўся ў школе партыйных работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску (1932-1933). З 1933 – інструктар у Люблінскім ваяводстве, потым інспектар ЦК КПЗБ па Пінскім акруговым камітэце КПЗБ. У Пінску, у 1934 годзе, Дзмітрук другі раз арыштаваны, у гэты раз прыгавор суда – 6 гадоў турмы.

Калі ў верасні 1939 года Германія, аб’явіўшы вайну Польшчы, захапіла яе тэрыторыю, Савецкі Саюз працягнуў руку дапамогі жыхарам Заходняй Беларусі. Ужо на другі дзень вызваленчага паходу Чырвонай Арміі па ініцыятыве членаў КПЗБ пачалі стварацца атрады самаабароны і рабочай гвардыі. У Жабінцы такі атрад у колькасці 35 чалавек узначаліў Аляксей Данілавіч Дзмітрук. Пад яго кіраўніцтвам актывісты абяззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, бралі пад ахову жыццё і маёмасць грамадзян.

На вызваленай тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалі стварацца гарадскія і павятовыя часовыя ўпраўленні, аднак неабходна было вырашыць пытанне аб форме вышэйшага органа ўлады. Такім органам стаў праведзены ў кастрычніку 1939 года ў Беластоку Народны сход Заходняй Беларусі, на які Аляксей Дзмітрук быў выбраны дэпутатам ад Жабінкаўшчыны. Аляксей Данілавіч стаў адным з тых, хто падаў свой голас за аб’яднанне ўсходняй і заходняй Беларусі ў адзіную дзяржаву.

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, у 1939 годзе, Дзмітрук стаў першым начальнікам Жабінкаўскага аддзела міліцыі, а с красавіка 1940 года працаваў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.

У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі міліцыі Жабінкі адправіліся ў Кобрын, а адтуль – далей на ўсход. У верасні 1941 года Аляксей Дзмітрук становіцца партызанам у бранскіх лясах, а ў канцы гэтага ж года вярнуўся на радзіму і адшукаў сваю сям'ю на хутары недалёка ад вёскі Ліцвінкі. Пасля вяртання Аляксей Данілавіч узначальваў антыфашысцкі камітэт у Жабінкаўскім раёне, быў палітруком Старасельскага партызанскага атрада (з чэрвеня 1943 г. атрад імя М.М. Чарнака) партызанскай брыгады імя І.В. Сталіна Брэсцкай вобласці. Пасля смерці Дзмітрука месца на пасту старшыніі камітэта заняла яго жонка – Васіліса Сямёнаўна.

А.Д. Дзмітрук загінуў пры выкананні баявога задання 23 жніўня 1942 года па пуці з вёскі Багуславічы ў вёску Залуззе. Першапачаткова пахаваны ў Залуззі на беразе Мухаўца, пасля вайны яго астанкі перанесены і перапахаваны ў Жабінцы на гарадскіх могілках на вуліцы Міра. Адна з вуліц г. Жабінка названа ў гонар Аляксея Дзмітрука. Яго імя занесена на мемарыяльную дошку, якая ўстаноўлена на будынку Жабінкаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў.