Герасевіч Іван Пракопавіч
Герасевіч Іван Пракопавіч

Іван Пракопавіч Герасевіч нарадзіўся 1 студзеня 1943 года ў вёсцы Стрыганец Жабінкаўскага раёна. Яго бацька – Пракоп Дзянісавіч – загінуў на фронце ў 1945 годзе. Увесь цяжар нялёгкай сялянскай працы лёг на мацярынскія плечы Пелагеі Ануфрыеўны, якая пачала губляць зрок. Іван быў адзіным памочнікам маці, таму пасля заканчэння дзевяці класаў Ракітніцкай школы прыняў рашэнне пакінуць вучобу і працаваць трактарыстам у саўгасе “Беларусь” (у цяперашні час ААТ “Ракітніца” Жабінкаўскага раёна).

Пасля пуску ў 1963 годзе Жабінкаўскага цукровага завода Іван Герасевіч адзін сезон асвойваў на прадпрыемстве прафесію цэнтрыфугоўшчыка. Затым уладкаваўся бульдазярыстам на Брэсцкі камбінат па добраўпарадкаванню, у абласным цэнтры скончыў вячэрнюю школу.

Іван змалку меў творчыя задаткі. Спачатку ўдзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці, потым, працуючы трактарыстам, іграў у спектаклях у мясцовым клубе. Аднойчы ў Ракітніцы выступаў Мінскі лялечны тэатр, які гастраляваў у Брэсцкай вобласці. Вясковага хлопца ўразіла пастаноўка, і ў яго з'явілася запаветная мара – стаць акцёрам-лялечнікам. Таму, калі летам 1965 года ўбачыў аб’яву Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра аб наборы акцёраў у лялечную групу, не вагаючыся вырашыў паспрабаваць свае здольнасці. І паспяхова прайшоў адбор. Трывожыла толькі тое, што не зможа часта прыязджаць да маці, якой цяжка ў вёсцы без зроку, але ёй дапамагалі суседзі, сваякі, школьнікі.

Першае выступленне Івана Герасевіча адбылося ў жніўні 1965 года на гастролях лялечнай групы па Брэсцкай вобласці ў “Казцы пра сярэбраны сподачак і наліўны яблык”. Завочна закончыў асноўны курс аддзялення рэжысуры Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў. З 1968 года – ён артыст Брэсцкага абласнога тэатра лялек.

Збіраючыся жаніцца, Іван прапанаваў выбранніцы Але стаць таксама артысткай лялечнага тэатра. Да нараджэння дачкі Люды муж з жонкай гастралявалі разам. Пакуль была маленькая дачка, Іван Пракопавіч змяніў работу: працаваў памочнікам рэжысёра Брэсцкай студыі тэлебачання, затым – наладчыкам на электралямпавым заводзе. Але сумаваў па тэатры і зноў вярнуўся да сваіх лялек.

У 1988 годзе Герасевіч паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску.

Больш паўвеку ён звязаны з тэатрам. Ім сыграна звыш 200 роляў. Найбольш яркімі творчымі дасягненнямі артыста сталі створаныя ім вобразы: Іван (“Іван - сялянскі сын”), Леў (“Гадзіннік з зязюляй”), Воўк (“Чырвоны каптурык”), Стары ганчар Хабіб (“Збанок-гаварун”), Султан (“Чароўная лямпа Аладзіна”) і шмат іншых. Каларытныя вобразы паказаны ім і ў спектаклях па п'есах беларускіх аўтараў: Дзед (“Рыгорка - ясная зорка” ), Поп і Пан (“Дзед і жораў”), Князь Юры (“Балада пра белую вішню”), якія пабывалі на шматлікіх Міжнародных фестывалях у краінах Еўропы. Сярод апошніх прац артыста вылучаюцца вобразы, створаныя ў спектаклі “Халстамер” па матывах Л.Талстога, які заваяваў Гран-пры сусветных фэстаў тэатраў лялек, у тым ліку ў г.Празе (Чэхія, 2006 і 2010 гг.), г.Заграбе (Харватыя, 2007 г.), г.Чэнду (Кітай, 2012 г.). Мае ўзнагароды і спектакль “Месяц Сальеры” па матывах трагедыі А.Пушкіна, у якім артыст стварыў вобраз Дэмана. Іван Герасевіч парадаваў гледачоў сваёй працаю ў сумесным беларуска-славенскім праекце-спектаклі “Пякарня Мыш-Маш”, які ажыццёўлены ў 2012 годзе.

У творчай біяграфіі артыста – не толькі ролі ў тэатры, Іван Герасевич зняўся на кінастудыях “Беларусьфільм”, “Масфільм”, “Ленфільм”, “Кінастудыя імя А. Даўжэнкі” ў 14 фільмах: “Дачка камандзіра”, “Чужая Бацькаўшчына”, “Сведка”, “Сто салдат і дзве дзяўчыны”, “Цяжка быць Богам”, “Плач перапёлкі”, “Пакорлівыя могілкі”, "Тэст для маладых" і інш.

Шматгранная дзейнасць артыста высока ацэненая: ён лаўрэат прэміі “Берасцейская зорка” (1998); за шматгадовую плённую творчую працу, значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду мастацтва беларускага тэатра лялек Іван Герасевич узнагароджаны ў 2002 годзе нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, у 2008 годзе медалём Францыска Скарыны, а ў 2014-м ён уганараваны высокім званнем “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.

Летам 2014 года ў Ракітніцкай сельскай бібліятэцы ладзіўся вечар-сустрэча са знакамітымі землякамі “Мае землякі – мой гонар”, падрыхтаваны супрацоўнікамі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У ліку ганаровых гасцей прысутнічаў Герасевіч Іван Пракопавіч. У 2015 годзе на тэлерадыёкампаніі “Брэст” у аўтарскай праграме “Край з Міколай Пракаповічам” выйшаў фільм пра Івана Герасевіча.