
Маркіян Якаўлевіч Германовіч нарадзіўся 29 кастрычніка (па нов. стылі 11.11) 1895 года ў беднай сялянскай сям’і з вескі Дзяменічы Брэст-Літоўскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). З дзяцінства хлопчык вызначаўся здольнасцямі і прагай да вучобы. З пахвальнай граматай закончыўшы вясковую школу, паступіў у Брэст-Літоўскае чатырохкласнае гарадское вучылішча, дзе вучыўся да 1914 года. Далейшай адукацыі перашкодзіла Першая сусветная вайна, пад час якой сям’я Германовічаў эвакуіравалася ў Саратаўскую губерню.
У верасні 1915 года Маркіян прызваны на вайсковую службу ў Расійскую Імператарскую армію і залічаны ў першы запасны батальён у Петраградзе, дзе праявіў кемлівасць і стараннасць да службы. Яго заўважылі і ў 1916 годзе накіравалі ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Германовіч скончыў яе з адзнакай і быў назначаны ў 174-ы запасны батальён у г.Нарва, а затым адпраўлены малодшым афіцэрам на Паўночны фронт.
Служыў камандзірам кулямётнай каманды 482-га Жыздрынскага палка 121-й пяхотнай дывізіі, палкавым ад’ютантам камандзіра 78-га Сібірскага стралковага палка 20-й Сібірскай стралковай дывізіі. 30 верасня 1917 года, будучы камандзірам кулямётнай каманды, прадстаўлены да ордэна Святога Станіслава 3 ступені , але ўзнагароджанне не адбылося па прычыне рэвалюцыйнай смуты ў 482-ім палку. У чыне штабс-капітана звольнены ў бестэрміновы адпачынак па дэмабілізацыі арміі.
Ваенная кар’ера не ўскружыла галавы маладому афіцэру. Ён не парывае цеснай сувязі з простымі, як сам, сялянскімі хлопцамі ў салдацкіх шынялях, гутарыць з імі аб жудасным цяжары вайны, марыць аб будучыні, аб лепшай долі для ўсіх людзей. Таму ў дні лютаўскай рэвалюцыі 1917 года салдаты выбіраюць Маркіяна Якаўлевіча ў палкавы камітэт спачатку членам, а пазней – намеснікам старшыні. Вялікі ўплыў на яго светапогляд аказаў дзядзька, Ніфант Мацвеевіч Сыч (1890–1920) – актыўны ўдзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, які на чале атрада матросаў штурмаваў Зімні палац.
У мае 1918 года Маркіян Германовіч добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай арміі і залічаны інструктарам ўзвода 1-га Петраградскага рабочага палка. У лістападзе гэтага жа года прыняты ў УКП(б) (Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў).
Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Паўночным, Заходнім і Паўднёвым франтах. Займаў пасады: камандзіра роты і батальёна 15-га Юр'еўскага камуністычнага пяхотнага палка (чэрвень – снежань 1918 г.), памочніка камандзіра таго ж палка (да мая 1919 г.). З чэрвеня 1919 года – камандзір 3-й (затым 138-й) брыгады 46-й стралковай дывізіі. 28 мая 1920 года за выдатную арганізацыю і правядзенне аперацыі па разгрому войск праціўніка ў раёне Чангарскага моста (Крым) Маркіян Германовіч узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Са жніўня 1920 года па чэрвень 1921 году камандаваў 52-й стралковай дывізіяй. За бяспрыкладнае фарсіраванне Сіваша ў лістападзе 1920 года, вызначныя дзеянні пры штурме Перакопа, мужнасць, храбрасць і высокае майстэрства ў кіраванні камдзіў Германовіч узнагароджаны другім ордэнам Чырвонага Сцяга і імянным залатым гадзіннікам (13.07.1925).
У чэрвені – кастрычніку 1921 года – памочнік камандуючага войскамі Харкаўскай ваеннай акругі. З кастрычніка 1921 года – камандзір 3-й Казанскай стралковай дывізіі (г.Сімферопаль). З мая 1922 года – камандзір 15-й Сівашскай стралковай дывізіі (г.Нікалаеў). Удзельнік ліквідацыі бандытызму на Украіне.
Пасля грамадзянскай вайны (1917–1922), скончыўшы Вышэйшыя акадэмічныя курсы (09.1922–06.1923) пры Ваеннай акадэміі РСЧА (рабоча-сялянская Чырвоная армія), Германовіч становіцца камандзірам 23-й Харкаўскай стралковай дывізіі (г.Харкаў). З чэрвеня 1924 года па сакавік 1926 года ён камандзір 5-га стралковага корпуса (г.Бабруйск). Дзе бы ні служыў Маркіян Якаўлевіч высокую патрабавальнасць да падначаленых заўсёды спалучаў са шчырымі, уважлівымі адносінамі да чырвонаармейцаў і камандзіраў, з клопатамі пра іх сем’і. Камандуючы, напрыклад, пятым корпусам, ён, не баючыся спагнання за парушэнне ваенна-фінансавай дысцыпліны, стварыў пад Бабруйскам піянерскі лагер для 250 дзяцей. Гэта быў адзін з першых піянерскіх лагераў у Беларусі.
Рэўваенсавет Саюза ССР у чэрвені 1925 года хадайнічаў аб прадастаўленні М.Я. Германовіча да трэцяга ордэна Чырвонага Сцяга, але Прэзідыум ЦВК ССР (Цэнтральны выканаўчы камітэт) пад старшынствам М.І. Калініна адхіліў хадайніцтва.
У 1925-1927 гадах Маркіян Германовіч з’яўляўся членам ЦВК БССР. З сакавіка 1926 года па красавік 1928 года – памочнік камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі, з красавіка 1928 года па ліпень 1930 года – Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі, затым да жніўня 1932 года працаваў на пасадзе памочніка камандуючага войскамі Маскоўскай ваеннай акругі і ў 1932-1933гг. – зноў памочнік камандуючага войскамі Беларускай ВА.
У 1932 годзе ў Маскве створана Ваенная акадэмія механізацыі і матарызацыі Чырвонай арміі, а са жніўня 1933 г. Маркіян Якаўлевіч становіцца начальнікам і ваенкомам гэтай установы і адначасова з 1934 года – членам Ваеннага савета пры Наркамаце абароны СССР.
20 лістапада 1935 года Германовічу прысвоена ваеннае званне – камкор.
З чэрвеня 1936 года ён – армейскі інспектар Ленінградскай ваеннай акругі, а з сакавіка 1937 года – намеснік камандуючага войскамі Ленінградскай ВА.
Адзін толькі пералік пасад сведчыць, якую значную ролю адыграў Германовіч, яго вайскавыя веды для краіны. Але ў кароткай аўтабіяграфіі, напісанай Германовічам у Смаленску 2 красавіка 1933 года, сталінска-яжоўскіх інквізітараў прыцягнула фраза: «У 1930 годзе меў шасцімесячную камандзіроўку ў Германію».
31 мая 1937 года Маркіян Якаўлевіч звольнены з войска, а ўжо 7 жніўня арыштаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР па абвінавачванні ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі. 20 верасня 1937 года асуджаны да вышэйшай меры пакарання – растрэлу. У той жа дзень прыгавор прыведзены ў выкананне. Пахаваны разам з іншымі ахвярамі на Данскіх могілках у Маскве. Рэабілітаваны 6 красавіка 1957 года.
На Радзіме памятаюць і шануюць імя свайго славутага земляка. На перакрыжаванні вуліц у в. Дзяменічы ўстаноўлены памятны знак – камень-валун, на якім размешчаны асноўныя ўзнагароды Маркіяна Якаўлевіча – два ордэны Чырвонага Сцяга. Яго імем названы вуліцы ў Дзяменічах і Жабінцы У Хмелеўскай сярэдняй школе аформлены інфармацыйны стэнд, прысвечаны знакамітаму камкору М.Я. Германавічу, яго імя носіць піянерская дружына школы.
У памяць аб загінуўшых героях Грамадзянскай вайны, якія ваявалі ў Крыме ўзведзены помнік на беразе Сіваша (с.Владіміраўка). У далекім крымскім сяле Вішнеўка адна з вуліц носіць імя знакамітага камкора.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram