
Захар Захаравіч Кавальчук нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Крыўляны Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.
У 1911 годзе, у 18-гадовым узросце, сеўшы на параход у Лібаве (пасля 1918 г. Ліепая), адправіўся ў Амерыку на заробкі. Дабраўшыся да штата Пенсільванія, уладкаваўся чорнарабочым сталеліцейнага цэха. Хутка перабраўся ў штат Мічыган, у буйны порт Дэтройт. Працуючы на аўтазаводзе знакамітага прадпрыемства Генры Форда, дзе можна было сустрэць эмігрантаў з усяго свету, у тым ліку і з Расійскай імперыі, захапіўся ідэямі ўсеагульнай справядлівасці і стаў актыўным абаронцам правоў рабочых.
У канцы 1916 года Кавальчук далучыўся да расійскай федэрацыі Амерыканскай сацыялістычнай партыі. Палітыка стала для яго сэнсам жыцця. Таму адразу пасля стварэння кампартыі ЗША, у верасні 1919 года, уступіў у яе рады. Захара выбралі сакратаром партячэйкі аўтазавода.
Праследаванні ўлад вымусілі перайсці на нелегальнае становішча, але паліцыя ўсё-такі арыштавала Кавальчука за палітычную дзейнасць. Пяць месяцаў прасядзеў у амерыканскай турме, у 1920 годзе яго выпусцілі і адразу выслалі з ЗША на радзіму. На параходзе Захар даплыў да Кітая, а адтуль цягніком дабраўся да Масквы.
Працаваў ліцейшчыкам на першым аўтамабілебудаўнічым прадпрыемстве ў Расійскай імперыі – заводзе Аўтамабільнага Маскоўскага таварыства (АМТ, пазней АМТ ЗІЛ), дзе толькі пачыналі выпускаць першыя савецкія «палутаркі». На заводзе фармавалася новая прамысловая культура з больш высокімі патрабаваннямі да арганізацыі працы і вытворчасці, кваліфікацыйнага і адукацыйнага ўзроўню работнікаў, стану працоўнай дысцыпліны. У Амерыцы Захар Кавальчук атрымаў палітычную загартоўку, праявіў свае арганізатарскія здольнасці. На радзіме гэта вельмі спатрэбілася. Ён адразу ўступіў у ВКП(б) (1920) і быў накіраваны ў Маскоўскую савецка-партыйную школу, якую скончыў у 1925 годзе. Пасля працаваў у Маскоўскім павятовым камітэце РКП(б): член Маскоўскай павятовай кантрольнай камісіі і загадчык агітпрапа (аддзела прапаганды і агітацыі). Аднак імкнуўся вярнуцца на радзіму, да бацькоў, братоў і сясцёр.
Пераехаў у БССР, у 1930 годзе прызначаны сакратаром Аршанскага акругкама КП(б)Б. Была ў разгары калектывізацыя, ствараліся машынна-трактарныя станцыі, не хапала арганізатараў вытворчасці, так што працы сакратар акруговага выканаўчага камітэта меў непачаты край. З лістапада 1930 года займаў пасаду загадчыка аддзела кадраў ЦК Кампартыі Беларусі, потым – сакратара Мінскага гаркама партыі.
У 1931–1932 гадах З.З. Кавальчук – кандыдат у члены Сакратарыята ЦК КП(б) Беларусі, з 26 студзеня 1931 па 1 сакавіка 1934 – член Бюро ЦК КП(б) Беларусі. На XIV з’ездзе КП(б)Б, які праходзіў у канцы студзеня 1932 года ў Мінске, увайшоў у склад прэзідыума з’езда разам з Р.П. Грысевічам, П.М. Рачыцкім, Е.П. Убарэвічам, А.Р. Чарвяковым. Дэлегат XVI з'езда ВКП(б), XVII Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі ў Маскве.
У ліпені 1932 года Захар Захаравіч выбраны старшынёй Цэнтральнага Савета прафсаюзаў БССР (ЦСПСБ). Пасля таго, як у верасні 1933 года ЦСПСБ злучылі з Наркаматам працы БССР, стаў фактычна трэцяй асобай у рэспубліцы пасля Мікалая Гікалы (першы сакратар ЦК КП (б)/КП Беларусі, 1932–1937) і Мікалая Галадзеда (старшыня Савета Народных Камісараў БССР, 1927–1937). У яго абавязкі цяпер уваходзіла безліч надзённых пытанняў: патрэбна было займацца і сацыяльным страхаваннем, і кантраляваць становішча тэхнікі бяспекі і аховы працы.
У перыяд з 1 сакавіка 1934 года па 26 верасня 1936 Захар Кавальчук з’яўляўся кандыдатам у члены Бюро ЦК КП(б) Беларусі. У лютым 1935 года – дэлегат VII з’езда Саветаў СССР, абраны сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі СССР. Работа зноў захапіла Захара.
Пастановай Бюро ЦК КП(б) БССР у 1936 годзе ён вызвалены ад сваіх абавязкаў за прыналежнасць да трацкісцкай апазіцыі ў 1923 годзе. Выведзены са складу кандыдатаў у члены Бюро ЦК КП(б)Б, членаў Прэзідыума ЦВК БССР. Кавальчук быў выкліканы ў Маскву, і 17 мая яго выключылі са складу ЦВК СССР.
29 ліпеня 1937 года 3ахар Кавальчук арыштаваны органамі НКУС. Падчас арышту пражываў у Мінску па вул. Ленінская з жонкай Таццянай і шасцігадовай дачкой Галяй, займаў пасаду дырэктара рыбакансервавага завода. Асуджаны 29 кастрычніка 1937 года як «актыўны член контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП (вышэйшая мера пакарання) з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў ноч з 29–30 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР з-за адсутнасці складу злачынства 15 верасня 1956 года.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram