
Наш зямляк, які дасягнуў самых вяршынь медыцынскіх ведаў, Данііл Юльянавіч Крыўчэня нарадзіўся 16 сакавіка 1938 года ў вёсцы Вярхі Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Сцяпанкаўскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька Данііла быў служачым, працаваў на чыгунцы. Маці – адмысловая краўчыха. У 1939 годзе сям'я пераехала ў Брэст. У час Вялікай Айчыннай вайны зноў вярнуліся ў родную вёску, дзе яшчэ захаваліся жыллё і гаспадарка, і дзе бяспечней было жыць. Пасля вайны сям'я зноў вярнулася ў Брэст.
У 1954 годзе Данііл Крыўчэня скончыў з сярэбраным медалём сярэднюю школу № 3 г. Брэста, а ў 1960 годзе – з адзнакай Кіеўскі медінстытут. Асабліва цяжка спачатку давалася юнаму Даніілу анатомія, прасцей – фізіка, хімія. Але пазней зразумеў, што для таго, каб лячыць чалавека, трэба зрабіць яшчэ шмат крокаў, і вучыўся на павышаную стыпендыю. На пятым курсе пачаў працаваць фельчарам на Кіеўскай станцыі хуткай дапамогі ў выязной брыгадзе на поўную стаўку з кругласутачным дзяжурствам. На апошнім курсе, пасля азнаямлення з клінікай Мікалая Міхайлавіча Амосава – акадэміка з сусветным імем, праслухаўшы некалькі яго лекцый, абраў сваю будучую спецыяльнасць – таракальную хірургію.
З 1960 па 1963 гады малады ўрач працаваў хірургам у Чаркаскай абласной туберкулёзнай бальніцы. За тры гады, улічваючы чатырохмесячныя курсы ўдасканалення ў клініцы прафесара М.М. Амосава, Крыўчэня авалодаў поўным аб'ёмам аперацый на грудной клетцы і лёгкіх. Пасля Данііл Юльянавіч прыняў удзел у конкурсе на паступленне ў аспірантуру на кафедру таракальнай хірургіі і анестэзіялогіі, якую ўзначальваў прафесар М.М. Амосаў.
У 1967 годзе Крыўчэня абараніў кандыдацкую дысертацыю «Адкрыты артэрыяльны праток, даягностыка, гемадынаміка і хірургічнае лячэнне» з правам самастойнага выканання аперацый не толькі пры лёгачных, але і сардэчных захворваннях. У 1978 годзе ім абаронена доктарская дысертацыя на тэму «Хірургічнае лячэнне набытых парокаў сэрца ў дзяцей і падлеткаў». Аперацыі на сэрцы Данііл Юльянавіч Крыўчэня ўкараніў у практыку са знакамітым савецкім хірургам акадэмікам Аляксандрам Аляксеевічам Шалімавым. У 1971-1981 гадах Данііл Юльянавіч па даручэнні Шалімава ўзначаліваў арганізацыю працы сардэчна-сасудзістага аддзялення на новай клінічнай базе-бальніцы «Медгарадок» Кіеўскага НДІ з поўным аб'ёмам аперацый на сэрцы, адначасова ў 1980-1992 гадах заснаваў і кіраваў кафедрай дзіцячай хірургіі ў Інстытуце ўдасканалення ўрачоў, а ў 1981-2005 гадах – заснавальнік і загадчык клінікі складаных парокаў развіцця ў дзяцей у Інстытуце педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі АМН Украіны.
У 1992-2011 гадах Данііл Юльянавіч – загадчык, з 2011 – прафесар кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэту ім. А.А. Багамольца.
У 1989-2004 гадах – ён галоўны дзіцячы хірург Міністэрства аховы здароўя Украіны, у 1991-2016 гадах з’яўляецца Прэзідэнтам Усеўкраінскай асацыяцыі дзіцячых хірургаў. Акадэмік Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны (1993), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны (1997), лаўрэат міжнароднай прэміі «Залаты Оціс» (Польшча) 2006 года, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны 2008 года за распрацоўку методык аперацый у дзяцей. У 2011 годзе атрымаў узнагароду Яраслава Мудрага АН ВШ Украіны. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета УССР (1988), Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя Украіны (2003, 2008, 2013), Падзякамі Прэзідэнтаў Асацыяцый дзіцячых хірургаў Польшчы (2008) і Індыі (2010).
Прафесар Данііл Юльянавіч Крыўчэня – вучань дзвух геніяў хірургіі – акадэмікаў М.М. Амосава і А.А. Шалімава – працягвае ажыццяўляць актыўную працоўную дзейнасць у дзіцячай хірургіі і з'яўляецца вартым прадаўжальнікам спраў сваіх настаўнікаў. Яму прысвоена вышэйшая атэстацыйная катэгорыя, ён валодае поўным аб'ёмам хірургічных умяшанняў ў таракальнай і чэраўной поласці. Аўтар больш за 350 навуковых прац, у тым ліку больш за 15 – у замежных выданнях, 5-ці манаграфій і некалькіх навучальных дапаможнікаў. Мае 35 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на метады аперацый і хірургічныя інструменты, удзельнік шматлікіх міжнародных з'ездаў і канферэнцый. Падрыхтаваў 4-х дактароў і 28 кандыдатаў медыцынскіх навук.
19-22 кастрычніка 2017 года ў Львове адбылася Украінска-польская канферэнцыя «Дні дзіцячай хірургіі», на якой праведзены майстар-клас па «жывой хірургіі», у тым ліку прафесарам Крыўчэней.
14 лістапада 2017 года ў Нацыянальнай навуковай медыцынскай бібліятэцы Украіны Данііл Крыўчэня прэзентаваў атлас «Парокі развіцця дыхальнай сістэмы», створаны ім сумесна з дацэнтам кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта імя А.А. Багамольца Яўгенам Рудэнка, над якім працавалі на працягу 3-х гадоў, а матэрыял выкарыстоўвалі па выніках дзесяцігадовых даследаванняў.
16-17 сакавіка 2018 года ў Кіеве адбыўся двухдзённы майстар-клас з міжнародным удзелам «Хірургічная карэкцыя дэфармацый грудной клеткі ў дзяцей», сярод спікераў якога быў Крыўчэня Данііл Юліянавіч.
Сёння Данііл Юльянавіч – прафесар кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта ім. А.А. Багамольца, 1 раз у месяц праводзіць кансультацыі на базе аддзялення кафедры дзіцячай хірургіі Украінскай Нацыянальнай дзіцячай спецыялізаванай бальніцы "Ахматдзет". Хірург, які неаднойчы трымаў чалавечыя сэрцы ў сваіх далонях, і цяпер нясе надзею людзям.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram