Мікалай Арцёмавіч Кавальчук нарадзіўся 9 жніўня 1925 года ў вёсцы Селішчы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Умовы жыцця і працы былі вельмі цяжкія. Дарослыя аралі, сеялі, касілі, збіралі ўраджай, малацілі, вазілі дровы. Дзеці з 6-7-мі гадоў дапамагалі бацькам: пасвілі авечак, кароў, коней, з 10-ці гадоў уключаліся ў палявыя работы. Мікола пачынаў вучыцца яшчэ за польскім часам, скончыў сем класаў паўшэхнай школы. Навучальны год у яго пачынаўся, калі выпадаў першы снег, а заканчваўся, калі снег сыходзіў з палёў. У астатні час дапамагаў бацькам па гаспадарцы.
Пасля вызвалення Беларусі ў канцы ліпеня 1944 года Мікалай Кавальчук накіраваны загадчыкам Мацясаўскай пачатковай школы. А 8 жніўня 1944 года 19-гадовы настаўнік быў прызваны ў шэрагі Савецкай Арміі.
Службу пачаў радавым у 43-ім запасным стралковым палку 2-й стралковай роты. Пасля праходжання навучання і прыняцця прысягі пераведзены ў 377-ы запасны стралковы полк. Затым 2 лістапада 1944 года накіраваны ў дзеючую армію 252-га гвардзейскага стралковага ордэна Суворава 3-й ступені палка, у складзе якога ваяваў стралком у 83-й гвардзейскай стралковай Гарадоцкай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі, у 1-ым стралковым батальёне 2-ой стралковай роты на 3-ім Беларускім фронце.
Першае хрышчэнне Мікалай прыняў у баі за цагельны завод, які немцы добра ўмацавалі. Вырашылі браць штурмам, завод быў акружаны, і ўраганны агонь прымусіў ворага здацца.
У далейшым удзельнічаў ва Усходне-Прускай аперацыі і ў баях за ўзяцце Кёнігсберга. Пасля пераправы праз раку Прэгель (Pregel) батальён, дзе служыў Кавальчук, сканцэнтраваўся ў раёне вёскі Аугкен (Аugken, Усходняя Прусія, Кёнігсбергская акр.) і заняў баявыя пазіцыі. Раніцай 24 студзеня 1944 года немцы атакавалі невялікімі сіламі – рота пяхоты і два танкі, атаку адбілі. Пазней штурм паўтарыўся, але ўжо больш значнымі сіламі – да палка пяхоты, 15 танкаў і самаходных гармат. Савецкія салдаты адчайна адбіваліся, але сілы былі няроўныя. Батальён панёс вялікія страты і вымушаны быў адступіць. Пры дапамозе іншых падраздзяленняў 252-га палка і дывізіі пасля перагрупоўкі зноў пайшлі ў атаку і разбілі немцаў, але Мікалай Кавальчук быў цяжка паранены асколкам снарада. Страціўшы прытомнасць, доўга праляжаў на снезе, яго палічылі забітым.
Пры складанні ў штабе палка імяннога спісу беззваротных страт ён быў уключаны ў гэты спіс, і бацькі атрымалі на яго паведамленне аб смерці. А на паўночнай ускраіне Аугкена вырас насып, на ім – абеліск, дзе высечаны імёны загінулых савецкіх воінаў. Сярод іх ёсць і яго, Кавальчука Мікалая Арцёмавіча, гвардыі радавога (у 1946 годзе астанкі перапахаваныя ў Брацкую магілу савецкіх воінаў, Калінінградская вобл., Гвардзейская муніцыпальная акруга, п. Знаменск, вул. 40 гадоў Перамогі, у скверы на захад ад былой воінскай часці).
Але лёс быў прыхільны да Мікалая і дараваў яму жыццё. Калі ён прыйшоў у сябе, сабраўшы ўсе сілы, папоўз да бліжэйшага хутара, дабраўся да хлява, забраўся на вышкі. Неўзабаве пачуў знаёмую мову, гэта былі савецкія мінамётчыкі. Мікалая Кавальчука накіравалі ў шпіталь у Саратаў, затым ён працягнуў лячэнне ў Марыйскай Аўтаномнаій Рэспубліцы, адкуль быў выпісаны 9 лістапада 1945 года з запісам «не прыдатны да вайсковай службы з выключэннем з уліку».
Дадому Мікалай Арцёмавіч вярнуўся інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і адразу ж прыступіў да работы ў Мяцясоўскай школе. У 1946 годзе прыняты настаўнікам у Сакалоўскую пачатковую школу. Завочна скончыў Брэсцкае педагагічнае вучылішча. Ажаніўся, разам з жонкай Любоўю Філіпаўнай выхоўвалі сына Уладзіміра і дачку Святлану.
З 1949 года па 1964 год займаў пасаду дырэктара Целякоўскай пачатковай школы, з 1964 года па 1966 год – дырэктар пачатковай школы ў вёсцы Сакі. 20 гадоў Мікалай Кавальчук прапрацаваў у школах раёна, аддаючы ўсю душу дзецям, а з 1966 года па 1985 год выконваў абавязкі інспектара-метадыста раённага аддзела адукацыі. Многа ўвагі ўдзяляў вывучэнню і распаўсюджванню перадавога вопыту настаўнікаў пачатковых класаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 жніўня 1964 года яму прысвоена званне «Заслужаны настаўнік школы Беларускай ССР».
За баявыя заслугі Кавальчук Мікалай Арцёмавіч узнагароджаны: ордэнам Айчыннай вайны I ступені (1985), знакам «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», юбілейным медалём «30 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1976), юбілейным медалём «40 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1985), юбілейным медалём «50 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1970), юбілейным медалём «60 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1978), юбілейным медалём «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988).
Пайшоў з жыцця ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік Мікалай Арцёмавіч Кавальчук 14 снежня 1988 года, пахаваны на могілках горада Жабінка.
Смотрите нас на YouTube
Ленинская сельская библиотека
Ракитницкая сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Жабинковская детская библиотека
Жабинковская районная библиотека
Ленинская сельская библиотека
Сахарозаводская городская библиотека
Центральная районная библиотека
Жабинка читающая
Читайте нас в Telegram
Ракитницкая сельская библиотека