Рэй Iван Пятровiч
Рэй Iван Пятровiч

Іван Пятровіч Рэй нарадзіўся 11 ліпеня 1930 года ў былым хутары Падбулькова каля вёскі Булькава Кобрынскага павета (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). У сям'і выхоўваліся пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і сын. Іван з таго пакалення, якое вайна апаліла сваім злым дыханнем у маленстве. Сястра Таня трапіла пад бамбёжку і загінула.

Шлях да мастацтва для Івана Рэя аказаўся нялёгкім. Вучыўся ў студыі выяўленчага мастацтва Брэсцкага абласнога Дома народнай творчасці. Першымі настаўнікамі былі I. Фяцісаў і П. Данэлія. У 1952 годзе скончыў Іванаўскае мастацкае вучылішча (Расія), куды дзякуючы выдатнай падрыхтоўцы быў залічаны адразу на трэці курс. У 1959 годзе атрымаў дыплом жывапісца ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Настаўнікамі па спецыяльнасці былі: І. Калашнікаў, С. Цітоў, В. Цвірка, А. Мазалёў. Але не толькі вучэбныя класы выхоўвалі і фарміравалі мастака, а само жыццё, хвалюючае, трывожнае і небяспечнае ў ваенны час, нялёгкае ў першыя пасляваенныя гады, бурлівае і кіпучае ў студэнцкую пару, поўнае творчых планаў, напружанай працы, пошукаў, калі выносіў створанае на суд гледачоў.

Дыпломная работа Івана Рэя «Ураджай» (камень, смальта), дзе ён упершыню ў пасляваенным беларускім мастацтве звярнуўся да мазаікі, знайшла многа прыхільнікаў. З 1959 года мастак актыўна ўдзельнічае ў выставах.

З 1962 па 1965 гады Іван Пятровіч быў выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1964 года ён – у Беларускім саюзе мастакоў. З 1988 года – Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

Іван Пятровіч працаваў у станковай жывапісі і вобласці сюжэтна-тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта, у манументальна-дыкаратыўным мастацтве. Асноўныя тэмы творчасці – услаўленне народнага подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайну, жыццё сучаснай вёскі, вобразы рабочых, калгаснікаў, дзеячаў беларускай гісторыі і культуры.

У пачатку свайго творчага шляху звярнуўся да партрэтнага жанру. Першыя работы ўражваюць сур’ёзнасцю і прафесійнай грунтоўнасцю. Шэраг твораў Рэя прысвечаны дзеячам беларускай літаратуры: парны партрэт Янкі Купалы і Якуба Коласа (1972), «З цэлым народам гутарку весці» (А. Пашкевіч, 1976), «На радзіме Янкі Купалы» (1980), «Шлях паэта» (партрэт М. Багдановіча, 1981), «Якуб Колас» (1982), «Дунін-Марцінкевіч з дачкамі Камілай і Цэзарынай» (1983), «Партрэт Францыска Скарыны» (1990) і інш. Героі партрэтаў Івана Рэя кранаюць прастатой і чалавечнасцю, праўдай жыцця, унутранай сабранасцю, шчырасцю пачуццяў, трапнасцю характараў, іх нельга не заўважыць, нельга застацца абыякавым да іх лёсу.

 Яго карцінам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў. Напісаў тэматычныя карціны: «У булачнай» (1958), «Даяркі» (1960), «Паляводы» (1962), «Маці» (1967), «Дзяўчаты» (1968), «Бацькоўскай славы вартавыя» (1970), «Прызванне»; карціны аб Вялікай Айчыннай вайне: «Партызанскі сувязной» (1969), «Дзякуй, мама!» (1975), «Светлячок» (1978), «З вогненнай вёскі» (1987), «Быль ваенных гадоў. Год 1941» (1984), «Зямля мая беларуская» (1985), якая па выніках рэспубліканскага конкурсу прызнана лепшым станковым творам у жывапісе і графіцы. Жывапісны талент мастака яскрава праявіўся ў жанры пейзажа: «Івянец» (1973), «Бярозавы гай» (1976), «Плошча Перамогі» (1981), «Апошні снег» (1985), «Ранняй вясной» (1985), «Зіма» (1987), «Ранішні прамень» (1988), «Беларуская восень» (1993), «На рацэ Свіслач», «Краявід з бярозкамі» (1995), «Блакітны ранак» (1997), «Беларусь» (1999), «Вяча» (2001), серыі «Любімыя мясціны», «Поры года» (2000). Пісаў нацюрморты, часцей за ўсё ў цэнтры ўвагі жывапісца – кветкі: «Гладыёлусы» (1980), «Нацюрморт з традысканцыяй» (1981), «Кветкі ў збане» (1984), «Ружы» (1983), «Гладыёлусы і астры» (1984), «Сухія кветкі» (1985), «Восеньскі букет» (1993), «Мальвы» (2000). Мастак віртуозна валодае колерам, паказвае пластычную прыгажосць і форму кветак, іх колеравую палітру, пастаянна эксперементуе – ад ярка дэкаратыўных фарбаў да тонкіх, стрыманых. Шмат твораў ён прысвяціў сваёй малой Радзіме, якая асаблівым камертоном гучала ў яго творчасці: «Стары хлеў», «Сельскі матыў» (1970), «Пейзаж з конікамі» (1982), «Малінавы звон» (1983), «Ціхі вечар» (1985), «У вёсцы» (1987), «Хатка і сад бацькоў» (1989). Творчасць Івана Рэя значная духоўным запасам, аб’ёмнасцю любові і пастаяннай адданасцю патрыятычнай тэме.

Шмат часу мастак аддаваў пошуку кампазіцыйнай выразнасці і своеасаблівасці сваіх твораў. Станковым творам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў, тонкасць перадачы святло-паветранага асяроддзя.

У вобласці манументальнага мастацтва Рэй выканаў сграфіта «Спорт» у Беларускай акадэміі фізвыхавання і спорту (1963, у сааўт. з архітэктарам С. Мусінскім), вітражы «Беларусь» для павільёна на міжнародным кірмашы ў Лейпцыгу і «Айчынная вайна» ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску (1967, усе ў сааўт. з І. Эйдэльманам).

У 1987 і 2000 гг. у Палацы мастацтваў у Мінску адбыліся персанальныя выстаўкі твораў Iвана Рэя. Яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Віцебскім мастакім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава і інш.

У 1988 годзе Івану Пятровічу прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

У 2000 годзе Іван Пятровіч атрымаў медаль «За дасягненні ў выяўленчым мастацтве» і ўзнагароджаны памятным знакам «За асабісты вялікі ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва Рэспублікі Беларусь», а таксама стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь За дасягненні ў галіне культуры. У 2001 годзе Іван Рэй узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Іван Пятровіч Рэй пайшоў з жыцця 20 жніўня 2002 года.